Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзясятыя суткі 180 пратэстантаў трымаюць галадоўку (фота)


Любоў Лунёва, Менск Сёньня вернікаў, якія галадаюць у будынку царквы “Новае жыццё”, наведалі вернікі-пратэстанты з Паставаў і Наваполацку. Галадоўнікі патрабуюць, каб гарадзкія ўлады прызналі іх храм, які яны набылі ў 2002 годзе, культавым будынкам і дазволілі ім і надалей ладзіць там набажэнствы. Паводле судовага рашэньня ў жніўні гарадзія ўлады пералічылі на рахунак царквы 35 мільёнаў рублёў кампэнсацыі і перавялі будынак у гарадзкую маёмасьць. Нашая карэспандэнтка наведвала вернікаў.

33 вернікі – мужчыны і жанчыны рознага ўзросту – кругласутачна знаходзяцца ў будынку царквы. Галадоўнікі па-ранейшаму кажуць, што ня маюць праблемаў са здароўем і маюць намер трымацца да таго часу, пакуль улады не пачнуць зь імі дыялёг. Сябра ініцыятыўнай групы ў справе стварэньня партыі Беларускія хрысьціянскія дэмакраты Уладзімір Мацкевіч далучыўся да галадоўкі пратэстантаў. Мацкевіч, адзін з тых, хто дзесятыя суткі не пакідае будынку царквы.

(Мацкевіч:) “Настрой бадзёры. Людзі ўсё больш і больш разумеюць, што ўсё ня проста, што магчымыя й нейкія хуткія дзеяньні, да якіх мы таксама рыхтуемся, калі нешта сёньня-заўтра адбудзецца. Ну, мы таксама рыхтуемся да таго, што ўсё можа зацягнуцца на шмат месяцаў і, тады мы таксама ведаем, што рабіць. Людзі ўсё больш сьвядома ўдзельнічаюць у акцыі. Першапачатковы парыў, натхненьне, якія прывялі сюды людзей, цягам часу перараджаецца ва ўсьведамленьне таго, што гэта адбываецца і на якім фронце тут мы знаходзімся. Таму. Думаю, такая дынаміка эвалюцыі настрояў, чаканьняў людзей вельмі здаровая, вельмі цьвярозая”.

Мікола Статкевіч, які адбывае пакараньне на “хіміі” у вёсцы Блонь за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004, тройчы трымаў галадоўку за кратамі сьледчага ізалятара і турмы на Акрэсьціна. Ён даведаўся ў турме, што ў аховы ёсьць адпаведныя інструкцыі наконт галадовак. Мікола Статкевіч узгадаў, што пасьля дзесяці сутак да галадоўніка могуць выклікаць лекара.

(Статкевіч:) “Да дзесяці сутак турэмная ахова звычайна вельмі спакойна ставіцца. Ёсьць досьвед, што са здаровым чалавекам да 10 сутак нічога не здараецца. Пасьля 10 сутак могуць пачацца праблемы. Людзі маюць рознае здароўе. Таму, хаця людзі трымаюцца мужна і годна, я раю ім больш пільна глядзець адзін на аднаго, бо ў некага ўжо могуць здарыцца праблемы. Галадоўка на такім этапе шкодная больш за ўсё атручваньнем арганізму. У каго арганізм больш слабы, ёсьць праблемы з ныркамі, ці з пячонкай. Магчымы вельмі кепскія працэсы ў гэтых ворганах”.

Штодня да вернікаў прыязжаюць пратэстанты зь іншых суполак з усіх рэгіёнаў краіны. Сёньня некалькі дзесяткаў чалавек прыехалі з Паставаў і Наваполацку. Больш за тысячу чалавек правялі сумеснае набажэнства. Людзі маліліся за лёс усіх хрысьціянаў у Беларусі. Заўтра вернікі чакаюць гасьцей з расейскага Пскову.

16 кастрычніка ўлады мусяць даць адказ наконт заяўкі пратэстантаў аб правядзеньні мітынгу на плошчы Бангалор. Вернікі такім чынам хочуць прыцягнуць больш увагі грамадзкасьці да праблемаў хрысьціянаў-пратэстантаў у Беларусі.







XS
SM
MD
LG