Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У суботу ў Магілёве прайшлі два флэш-мобы


Радыё Свабода Іх правялі актывісты моладзевых суполак Магілёва на знак салідарнасьці зь сябрамі гарадзкой суполкі незарэгістраванага “Маладога фронту”, якія былі затрыманыя 14 верасьня і цяпер зазнаюць перасьлед з боку адміністрацыяў сваіх навучальных устаноў і супрацоўнікаў КДБ.

У акцыях салідарнасьці ўзялі ўдзел 25 чалавек, столькі ж, колькі было затрымана месяц таму. Маладыя людзі, паклаўшы рукі адзін аднаму на плечы, ланцужком некалькі разоў прайшлі пад вокнамі Ленінскага РАЎС Магілёва і будынку КДБ.

Нагадаем, што 14 верасьня на падворак прыватнага дому, дзе сабраліся маладафронтаўцы, уварваліся міліцыянты. Моладзь гвалтам заштурхнулі ў аўтобус, а потым тры гадзіны ў Ленінскім РАЎС праводзілі прафіляктычную гутарку.

Паводле магілёўскіх праваабронцаў, амаль усе затрыманыя мелі нефармальныя гутаркі з супрацоўнікамі КДБ, якія спрабавалі іх завэрбаваць. Прафіляктычныя гутаркі адбыліся таксама з адміністрацыямі навучальных устаноў. Моладзевы актывіст Максім Азараў быў адлічаны з магілёўскага ліцэю №1.
XS
SM
MD
LG