Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне “Свабоды”: кома. Частка другая


Алена Струвэ, Менск Паводле агульных ацэнак, у заходніх краінах на мільён чалавек прыпадае ў сярэднім 60-100 каматозных хворых. У Беларусі, дзе рэгіструюцца выключна першасныя захворваньні, падобнай статыстыкі няма. Пра тое, чым адрознае лекаваньне ды дагляд каматозных пацыентаў у Беларусі ад іншых краінаў – у другой частцы спэцыяльнага дасьледаваньня Свабоды.

Рэанімацыйны пакой аднаго са шпіталяў беларускай сталіцы. Да хворага, які знаходзіцца ў стане комы, падключаны апарат штучнага дыханьня – штосьці кшталту маскі з гафрыраванай трубкай і манітор, які фіксуе крывяны ціск, зьмены ў ЭКГ. Гафрыраваная трубка ўздымаецца ўверх і ўніз. Уся інфармацыя з прыбораў перадаецца на пост мэдычнай сястры ды ў ардынатарскую рэаніматолягаў. Большы час каматозны пацыент знаходзіцца ў палаце адзін.

Наша даведка: “У перакладзе з грэцкай мовы “кома” азначае “глыбокі сон”. Гэты цяжкі паталягічны стан вызначаецца поўнай стратай сьвядомасьці, у пацыента парушаюцца рэакцыі на вонкавыя раздражняльнікі, дыханьне, кровазварот. Кома можа цягнуцца ад некалькіх гадзінаў да некалькіх год”.

Паводле менскага лекара-рэаніматоляга Галіны, якая неаднойчы стажыравалася ў Нямеччыне, па сваёй аснашчанасьці рэанімацыйныя пакоі буйных беларускіх шпіталяў цяпер усё больш нагадваюць заходнія.

(Галіна: ) “Цяпер у Беларусі дзейнічае прэзыдэнцкая праграма падтрымкі рэанімацыйных аддзяленьняў, і на яе выдаткоўваюцца вялікія грошы. Многія шпіталі набываюць за мяжой апараты штучнага дыханьня. У любым выпадку, імкнуцца, каб апарат быў добрым”.

І на Захадзе, і ў Беларусі рэаніматолягі ў сваіх прагнозах зыходзяць з гэтак званай шкалы вынікаў Глазга – дакумэнту, у якім пералічаныя самыя розныя прыклады вяртаньня каматозьнікаў да сьвядомага жыцьця. Звычайна разьвязка наступае праз два – чатыры тыдні. Пацыент альбо вяртаецца да жыцьця, альбо памірае, альбо пераходзіць у вэгетатыўны стан. Бывае, што хворыя прачынаюцца празь некалькі год, у самы нечаканы час, “when the time is coming”.

Аднак, як лічыць менскі рэаніматоляг зь дзесяцігадовым стажам Ігар, такія выпадкі для Беларусі нехарактэрныя.

(Ігар: ) “З поўнай адказнасьцю магу сказаць, што такога ў Беларусі ня можа быць. Нашая сыстэма дагляду гарантаваць больш-менш доўгае знаходжаньне ў коме ня можа”.

І беларускія, і замежныя адмыслоўцы адзіныя ў наступным: апошнім часам кома істотна “памаладзела”. Падставай для гэта ёсьць шматлікія аўтадарожныя здарэньні і няшчасныя выпадкі…

Гісторыя адной хваробы

Ізноў рэанімацыйны пакой, але ўжо ў Бэрліне, у клініцы Шарытэ. Тут пад апаратам штучнай вэнтыляцыі лёгкіх ляжыць 26-гадовы Ўладзімер. Сёлета напачатку чэрвеня, вяртаючыся з дыскатэкі, малады чалавек быў жорстка зьбіты на вуліцы невядомымі. З дыягназам “чэрапна-мазгавая траўма” Ўладзімер быў дастаўлены ў шпіталь. Пасьля экстраннай апэрацыі і адпаведных дасьледаваньняў функцыяў мозгу лекары ўвялі хворага ў стан штучнай комы.

Побач з Уладзімірам пастаянна знаходзяцца ягоныя блізкія. Яны могуць пераначаваць у шпіталі, пры неабходнасьці прыняць душ, які знаходзіцца тут жа ў пакоі. Час ад часу на дапамогу бацькам, якія, дарэчы, напачатку 1990-х пераехалі ў Бэрлін зь Беларусі, прыходзіць клінічыны псыхоляг.

Прафэсар бэрлінскай клінікі Фэлікс Бэргэр на просьбу сваякоў тлумачыць, што ёсьць штучная кома.

(Бэргер: ) “Мозг мае нейкі абмен рэчываў. У выніку стрэсу, на тле высокай тэмпэратуры гэты абмен рэчываў узрастае. Сытуацыя становіцца небясьпечнай, бо мозг, гэтак мовіць, гарыць. І вось тут неабходнае тэрміновае ўвядзеньне барбітуратаў – снатворнага, якое зьніжае гэтыя абменныя працэсы. Пацыент трапляе ў глыбокі сон, і яго можна параўнаць зь мядзьведзем, які сьпіць. Такая кома ёсьць сродкам абароны жыцьця. Колькі яна працягнецца, сказаць цяжка”.

Цягам часу кансыліюм лекараў Шарытэ павінен прыняць рашэньне наконт прыпыненьня лекаваньня барбітуратамі. Гэта адбудзецца ў выпадку, калі стан Уладзімера больш-менш адновіцца. Сёньня за жыцьцё пацыента разам з практычнымі мэдыкамі змагаюцца лекары – лябаранты, клінічныя навукоўцы, псыхолягі, сярэдні мэдычны пэрсанал – мэдсёстры, санітары, сядзелкі і, зразумела, ягоныя блізкія.

Меркаваньні экспэртаў

Вядучы нямецкі нэйрахірург прафэсар Вольфганг Ланкш лічыць, што стан комы ёсьць у пэўным сэнсе выратавальным.

“Яшчэ некалькі дзесяткаў год таму многія з тых хворых, якія цяпер знаходзяцца ў рэанімацыйных аддзяленьнях, не выжывалі. Стан комы можна назваць своеасаблівым дасягненьнем мэдыцыны. Аднак гэта дарагое дасягненьне”.

Зь нямецкім прафэсарам пагаджаецца і ягоны беларускі калега – акадэмік Фёдар Аляшкевіч. Ён неаднойчы бываў у клініцы Ланкша, а Ланкш неаднойчы наведваў нэйрахірургію менскай “дзевяткі”. Паводле прафэсара Аляшкевіча, многія заходнія мэтодыкі лекаваньня такіх пацыентаў вядомыя і ў Беларусі. Тая ж штучная кома:

(Аляшкевіч: ) "Гэта вельмі дарагая рэч – лекаваньне такіх хворых. Той жа апарат штучнага дыханьня, ён не выключаецца цэлымі днямі. Аднак галоўная нашая праблема – дагляд. Наш пэрсанал для гэтага яшчэ не падрыхтаваны".

Паводле рэаніматоляга Ігара, галоўнай праблемай беларускай рэаніматалёгіі ёсьць старыя падыходы да такіх прафэсій, як санітар, сядзелка, іншых кадраў, якія павінны забясьпечваць дагляд.

(Ігар: ) "Мусіць быць цалкам перагледжаная працэдура усяго дагляду. Ведаючы знутры саму сыстэму і тое, як у нас гэта арганізавана, ня думаю, што дарослыя людзі ў стане комы жывуць у нас больш за паўгода. За гэтымі людзьмі трэба даглядаць вельмі шчыльна і ашчадна. У нас яны паміраюць ад пролежняў, пнэўманіі. А хворых трэба варочаць з боку на бок, праводзіць масаж грудной клеткі, за імі трэба прыбіраць, таму што яны робяць усё пад сябе".

Паводле калегі Ігара, Галіны, у Беларусі ёсьць толькі адзіны шпіталь, дзе існуе больш-менш добры дагляд хворых і дзе пэрсанал ветліва ставіцца як да пацыентаў, так і да іхных сваякоў. Гэта прэзыдэнцкая бальніца альбо колішняя лечкамісія.

(Галіна: ) “З гарадзкімі рэанімацыямі, канешне, не параўнаць. Тое, як тут даглядаюць, як працуюць мэдсёстры, санітаркі, лекары. Зразумела, тут і рэанімацыя не такая вялікая. Нідзе ў сталіцы такога няма, ня кажучы пра абласныя ды райцэнтры”.

Гісторыя адной хваробы

Сёлета ў чэрвені малады салдат Аляксандар Шамрын пры нявысьветленых абставінах атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Пасьля 11 дзён, праведзеных у коме, Аляксандар памёр у ваенным шпіталі Менску. У Менск юнака транспартавалі з рэанімацыйнага аддзяленьня гарадзкой бальніцы Барысава. Менавіта сюды ён трапіў адразу пасьля здарэньня.

Як сьведчыць бацька салдата, таксама Аляксандар, вэтэрынарны лекар паводле адукацыі, у Барысаве ні яго, ні жонку да сына так і не пусьцілі.

(Шамрын: ) “Нас не пуcкалі тры дні. Лекар мужчына дзяжурыў, дык ён увогуле размаўляць з намі не захацеў. Мы ў такім шокавым стане, а ён як жывёла. Хаця б выйшаў да нас загадчык, нейкая афіцыйная асоба і растлумачыла, што і як. З намі ж размаўлялі мэдсёстры і санітаркі. Так для нас было і незразумела, у якім ён стане".

Бацькі змаглі ўбачыць сына толькі ў Менску, у ваенным шпіталі. Паводле Аляксандра Шамрына-старэйшага, ні ён, ні ягоная жонка ня могуць скардзіцца на працу менскіх рэаніматолягаў. Лекары размаўлялі зь імі, тлумачылі, нават дазволілі наведваць сына. Зразумела, бацькам было вельмі цяжка валодаць сабой у палаце, аднак на такі выпадак псыхолягі ў беларускіх шпіталях не прадугледжаныя.

(Шамрын: ) "Нам было страшна заходзіць у рэанімацыю. Напэўна, псыхоляг нас бы супакоіў. Уявіце сабе, як нам страшна было заходзіць у гэтую рэанімацыю. Мы хадзілі і бачылі, як ягонае сэрца скарачаецца. Мы бачылі, як тэмпэратура спала. Зь дзевятай клінічнай вядучы прафэсар быў – глядзеў. Нас пускалі да сына штодня на 10 хвілінаў, на 15. Аднойчы жонка папрасіла, і ёй дазволілі застацца гадзіну. Канешне ж, мы хацелі болей, аднак, дзякуй і за гэта”.

Аляксандар Шамрын-старэйшы вельмі ўдзячны рэаніматолягу, які параіў размаўляць з сынам. Бацька перакананы, што кантакт з сынам быў, нягледзячы на тое, што хлопец знаходзіўся ў глыбокай коме.

(Шамрын: ) “Мы, калі браліся за ягоную руку, пульс са 131 удару зьніжаўся да 119. Аднойчы ўзяліся за ягоную руку, а там на пульце лямпачка зачырванела. Сястра падумала, што гэта мы нешта парушылі. Як высьветлілася – не, усё было нармальна. Напэўна, нейкая энэргія перадавалася, ня ведаю. Напэўна, адчуваў сынок штосьці. Я лічу, што трэба было нас пускаць на большы час. Мінімум гадзіны на дзьве".

Закона, які абмяжоўвае ці забараняе блізкім наведваць пацыента рэанімацыі ў Беларусі няма.
XS
SM
MD
LG