Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне “Свабоды”: кома. Частка першая


Алена Струвэ, Менск Літаральна днямі група брытанскіх і бэльгійскіх нэйрафізыёлягаў з навуковых цэнтраў Кэмбрыджу і Льежу зрабіла наступнае адкрыцьцё: нават тыя людзі, якія працяглы час знаходзяцца ў глыбокай коме, могуць мець духоўнае жыцьцё і асэнсоўваць пэўныя працэсы.

Адкрыцьцё выклікала вялікі розгалас у асяродку адмыслоўцаў. Некаторыя зь іх перакананыя, што дасьледаваньні брытанцаў і бэльгійцаў адкрываюць новы досьвед у вывучэньні магчымасьцяў чалавечага мозгу, іншыя па-ранейшаму стаяць на пазыцыі, што чалавек у стане комы жыве выключна “расьлінным жыцьцём”. Пра апошнія дыскусіі навукоўцаў і мэдыкаў вакол комы, а таксама пра тое, чым адрознае лекаваньне ды дагляд каматозных пацыентаў у Беларусі ад іншых краінаў, як можа адгукнуцца перанесеная чалавекам кома празь некалькі год – у спэцыяльным дасьледаваньні Свабоды.

У апошнім экспэрымэнце брытанскіх і бэльгійскіх нэйрафізыёлягаў узялі ўдзел 23-гадовая пацыентка аднаго са шпіталяў, якая пасьля аўтакатастрофы цягам году знаходзіцца пад апаратам штучнага дыханьня, а таксама 12 здаровых валантэраў. Для правядзеньня дасьледаваньняў была выкарыстаная сучасная апаратура сканіраваньня мозгу. Усім 13-ці ўдзельнікам прапанавалі ўявіць, як яны гуляюць у тэніс, прыбіраюцца ў хаце і г.д... Як паказала апаратура, рэакцыі мозгу хворай нічым не адрозьніваліся ад рэакцыяў здаровых людзей.

Кіраўнік навуковай групы доктар Адрыян Оўэн з Кэмбрыджскага цэнтру мозгу перакананы:

“Нават калі мы не назіраем ніякіх рэакцыяў з боку пацыентаў, гэта не азначае, што ў яго абавязкова адсутнічае сьвядомасьць”.

Вядучы нэйрафізыёляг Нарэндор Рамнані зь Лёнданскага ўнівэрсытэту камэнтуе дасьледаваньні сваіх калегаў наступным чынам:

“Вынікі экспэрымэнту надаюць вагу гіпотэзе, што гэтая каматозная пацыентка здольная прымаць рашэньні, і што яна мае дастаткова складанае і багатае жыцьцё”.

Паводле лёнданскага нэйрафізыёляга, адкрыцьцё калегаў ёсьць вельмі важным з гледзішча маральнага і сацыяльнага. Яно можа пашырыць уяўленьні людзей пра жыцьцё і сьмерць, дае іншы погляд на дачыненьні ў сем’ях, дзе ёсьць хворы ў стане комы.

Наша даведка: “У перакладзе з грэцкай мовы “кома” азначае “глыбокі сон”. Гэты цяжкі паталягічны стан вызначаецца поўнай стратай сьвядомасьці, у пацыента парушаюцца рэакцыі на вонкавыя раздражняльнікі, дыханьне, кровазварот. Кома можа цягнуцца ад некалькіх гадзінаў да некалькіх год”.

Гісторыя адной хваробы

11 гадоў таму ў выніку цяжкай аўтамабільнай аварыі 32-гадовы Андрэй трапіў у нэйрахірургічнае аддзяленьне 9-га клінічнага шпіталю Менску. Малады чалавек не рэагаваў ні на якія раздражняльнікі, перанёс складаную апэрацыю, якая цягнулася 6 гадзін, потым клінічную сьмерць, некалькі тыдняў знаходзіўся ў коме пад апаратам штучнага дыханьня. Нават калі Андрэй прыйшоў у сябе, лекары не сьпяшаліся рабіць нейкіх суцяшальных прагнозаў. Ягоная жонка Анжэла ўзгадвае:

(Анжэла: ) “Па сутнасьці, ён пачынаў усяму вучыцца па новай. Размаўляць, пісаць, хадзіць. Зь ім нярэдка здараліся “глюкі” – ён гаварыў, што знаходзіцца ў нейкім атачэньні ворагаў. Самае неверагоднае – ягоны апэтыт. Ён мог зьесьці некалькі кіляграмаў яблык запар. А праз гадзіну-другую столькі ж яшчэ. Лекар тады сказаў, што ў яго адбудуцца некаторыя зьмены, найбольш адчувальна дзесьці гадоў празь дзесяць. Сапраўды, у ягоных паводзінах зьявіліся істотныя зьмены”.

Цікава, што ўвесь час, калі Андрэй знаходзіўся ў коме, Анжэла адчувала надзвычайную духоўную сувязь зь ім. Знаходзілася нібыта ў пастаянным кантакце з мужам, хаця ў рэанімацыйны пакой яе пусьцілі толькі адзін раз, і тое на некалькі хвілінаў.

Аднойчы ўначы маладая жанчына з крыкам прачнулася. На наступны дзень яна даведалася: менавіта ў той момант у Андрэя наступіла клінічная сьмерць.

(Анжэла: ) “Я прачнулася. Стала рабіць нейкія невядомыя мне рухі. Потым высьветлілася, што гэта былі рытуальныя дзеяньні, пра якія я нічога ня ведала. Калі я потым расказвала пра гэта Андрэю, ён гаварыў, што ня памятае нічога. Ён толькі казаў, што за ўвесь час аднойчы ўбачыў нейкі калідор…”

Прыкладна праз год Андрэй вярнуўся да звычайнага паўнавартаснага жыцьця – сям’я, праца, спорт, машына.

Што да прагнозаў мэдыкаў, то яны спраўдзіліся: праз 10 год з Андрэем адбыліся істотныя зьмены. Некалі сур’ёзны і адказны чалавек цяпер не трымаў слова, мог пазычаць грошы і не аддаваць іх. Колішні ўзорны сын, муж і бацька стаў абыякавым да сваіх родных. Назіраўся і моцны гарманальны зрух: пра сэксуальныя дамаганьні Андрэя пачалі гаварыць сяброўкі Анжэлы.

Асэнсоўваючы тое, што здарылася з мужам, Анжэла прыходзіць да высновы: чалавек у коме мае сваё ўнутранае, вельмі закрытае, жыцьцё, якое можа ў далейшым цалкам зьмяніць ягоную асобу.

Паводле беларускіх нэйрахірургаў, гісторыя, якую расказала Анжэла, жонка колішняга хворага ў коме, ня ёсьць унікальнай. Аднак, як і многія іншыя гісторыі яна пашырае многія ўяўленьні людзей пра магчымасьці чалавечага мозгу.

Меркаваньні экспэртаў

Кандыдат мэдычных навук Аляксандар Цярэшчанка, які 6 год вёў каматозных хворых у нэйрахірургіі менскай “дзявяткі”, сустракаўся з самымі рознымі праявамі зьменаў у паводзінах сваіх колішніх пацыентаў.

(Цярэшчанка: ) “Зьмены могуць быць дыямэтральнымі. Усё залежыць ад таго, што было парушана ў функцыі мозгу. Вы зразумейце, кома – гэта вельмі цяжкая хвароба, такі стан, у выніку якога чалавек поўнасьцю можа зьмяніць сваё асэнсаваньне, ацэнкі. Усё можа зьмяніцца. Ёсьць выпадкі, калі чалавек губляе памяць, і калі чалавек, наадварот, пачынае валодаць звышфэнамэнальнай памяцьцю. Ёсьць больш трагічныя перамены. Людзі пасьля комы становяцца алькаголікамі, губляюць сем’і”.

Як і заходнія калегі, беларускія нэйрахірургі ўсё часьцей раяць сваякам пацыентаў у коме размаўляць зь імі пра ўсё – сям’ю, жыцьцё, дабро і зло.

Гаворыць вядучы беларускі нэйрахіруг акадэмік Фёдар Аляшкевіч:

(Аляшкевіч: ) “Кантакт трэба заўсёды падтрымліваць. Змагацца трэба да канца, а што атрымаецца – Бог ведае. Нярэдка мы кажам: тут нічога ня будзе, хворага пераводзяць у іншае аддзяленьне – нэўралёгіі, а праз год ён прыходзіць да нас і кажа: дзякуй, доктар, за тое, што вылекавалі”.

Зь меркаваньнем Фёдара Аляшкевіча пагаджаюцца далёка ня ўсё беларускія лекары. Менскі рэаніматоляг з 12-гадовым стажам Галіна перакананая: падобныя размовы галоўным чынам накіраваныя на псыхалягічную падтрымку саміх сваякоў. Цягам апошняга году Галіна двойчы стажыравалася ў адным зь нямецкіх шпіталяў і назірала за адным і тым жа маладым мужчынам у стане глыбокай комы. Галіна зьвяртае ўвагу на тое, што, адрозна ад Беларусі, у заходніх клініках з такімі хворымі размаўляюць ня толькі іхныя блізкія ды лекары, але і ўвесь пэрсанал. Для іх па магнітафоне круцяць запісы галасоў, да іхных вачэй падносяць сямейныя фота…

(Галіна: ) “Што было з хлопцам, тое і засталося. Ніякага прагрэсу, хаця жонка сьцьвярджала, што ён рэагуе на нейкія рэцэптары. Калі яна трымае ягоную руку, ён, быццам бы, падштурхоўвае яе. Аднак лекары казалі, што гэта хутчэй псыхалягічны фактар для родзічаў. Сваякам проста хочацца бачыць пэўныя рэчы”.

Тым часам сваякі маладога немца, якія кожны дзень прыходзяць да яго ў шпіталь, падобна ўсім іншым сваякам у такім становішчы, маюць свае веды і назіраньні пра хваробу.

(Сваяк: ) “Слых – гэта першае з пачуцьцяў, што нараджаецца ў чалавека і апошняе, што памірае. Гэта навукова даказана, а таму пажадана быць побач з чалавекам, які ў коме, размаўляць і размаўляць зь ім”.

Беларуская лекарка-рэаніматоляг Галіна ў размове з намі ўзгадвае таксама іншыя выпадкі з практыкі. Напрыклад, той, які ня так даўно адбыўся ў іх ў аддзяленьні. Тады пасьля інсульту цягам некалькіх месяцаў пад апаратам штучнага дыханьня ляжала 16-гадовая дзяўчынка. Пацыентка не рэагавала ні на што.

(Галіна: ) “Яна знаходзілася ў коме. Клясычны выпадак – я некалькі разоў яе глядзела. Аднак калі хтосьці сыходзіў з палаты, яна выдавала вельмі неверагодныя гукі: “Ы-ы”… Пасьля таго, як яна прыйшла ў сябе, у яе спыталіся: ты памятаеш, як ты выдавала такія нечалавечыя гукі? Яна адказала: так, я адчувала, чула, што хтосьці са мной побач, і раптам ён сыходзіць”.

Шэраг вядомых заходніх адмыслоўцаў з пэўным скепсісам ставяцца да сьцьвярджэньняў пра ўзаемадзеяньні каматозных пацыентаў зь іхным бліжэйшым атачэньнем. Камэнтуючы апошняе адкрыцьцё кэмбрыджскіх калегаў, прафэсар з Інстытуту клінічнай мікрабіялёгіі ў Оксфардзе Пол Мэцьюс сьцьвярджае:

“Цяперашніх дасьледаваньняў недастаткова для заяваў пра ўнутранае жыцьцё чалавека ў коме. Пацыенты могуць рэагаваць на стымулы, раздражняльнікі, аднак у сапраўднасьці несьвядома”.

Тым часам расейскі акадэмік-нейрафізыёляг Натальля Бехцерава робіць больш памяркоўныя высновы:

“Я не адвяргаю ніводнага дасьледаваньня сваіх калегаў у гэтай галіне. Мозг – гэта канчатковы прыпынак чалавечых ведаў. Калі такі прыпынак, увогуле, магчымы”.
XS
SM
MD
LG