Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзявятыя суткі цягнецца галадоўка пратэстантаў


Любоў Лунёва, Менск Паводле прэс-цэнтру пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” сёньня, 14 кастрычніка, галадоўку трымаюць 180 чалавек. Некалькі чалавек з-за праблемаў са здароўем спынілі галадоўку. Яшчэ некалькі чалавек далучыліся да акцыі пратэсту. Вернікі патрабуюць, каб улады прызналі будынак, які яны набылі ў 2002 годзе, як культавы і далі ім магчымасьць і надалей ладзіць там набажэнсты. Паводле судовага рашэньня гарадзкія ўлады перавялі на рахунак царквы грошы, а будынак пратэстантаў перавялі ў гарадзкую маёмасьць.

36 вернікаў, якія трымаюць галадоўку кругласутачна ў будынку царквы, ня скардзяцца на здароўе. Гаворыць Таіса Кашырка:

(Кашырка: ) “Добра сябе адчуваю. На здароўе няма скаргаў ніякіх. Я чытаю “Біблію”, і гэта мне дапамагае трымацца. Буду трымацца да канца, да перамогі. Я ўжо на пэнсіі. Мне 50 гадоў. У мяне пяцёра дзяцей, яны ўжо не малыя. Падтрымліваюць мяне”.

Яе суседка Кацярына дадала:

(Кацярына: ) “Добра, што мы тут такія бабулькі сабраліся такога ўзросту, бо сярод нас ня можа быць ні наркотыкаў, ні алкаголю. Гэтага ўжо нам ну ніяк не прыпішуць, як прыпісалі тым, хто быў на плошчы”.

Вольга Крышнёва:

(Крышнёва: ) “Наша галадоўка дасьць свае вынікі. Мы ведаем, што гэта будзе значна хутчэй, чым мы самі думаем. Для мяне ёсьць вялікім прывілеем знаходзіцца тут. Я вельмі шчасьлівы чалавек, бо ўдзельнічаю ў гэтым і буду датычная да ўсяго, што будзе, і буду шчасьлівай. Мы тут ня толькі за ўсіх хрысьціянаў, але й за ўсю Беларусь”.

Да галадоўкі далучыліся вернікі-пратэстанты зь іншых суполак. Пастар Царквы Ісуса Хрыста Барыс прыехаў з Гомеля падтрымаць вернікаў з суполкі “Новае жыцьцё”. Ён тыдзень трымае галадоўку.

(Пастар Барыс: ) “Слова Боскае кажа, “калі твой брат мае патрэбу, а ты закрываеш вуха, то, калі прыйдуць выпрабаваньні для цябе, ты апынесься на ягоным месцы”. Наша краіна сканцэнтравалася тут. Трэба, каб пачулі голас Божы, каб абараніць Канстытуцыю і міжнародныя дамовы, які падпісала Беларусь. Я добраахвотна далучыўся да гэтай акцыі ня супраць дзяржавы, ня супраць прэзыдэнта, ня супраць гэтых менскіх начальнікаў, а супраць таго бязьмежжа, якое яны твораць супраць хрысьціянаў. Яны ўсё задавілі”.

Сёньня да будынку пратэстантаў прыехалі апэратар з жанчынай. Яны прадставіліся супрацоўнікамі тэлеканалу “Сталічнае тэлебачаньне”. Вернікі не дазволілі ім зайсьці ў будынак. Яны патлумачылі, што ня маюць даверу да дзяржаўнага тэлебачаньня.

Гэта другая спроба людзей з камэрай, якія прадстаўляюцца карэспандэнтамі СТВ, зайсьці ў будынак. Учора ўвечары некалькі чалавек, якія прадставіліся чыноўнікамі райвыканкаму і апэратарам СТВ прасілі прапусьціць іх у будынак. Яны казалі, што папросту хочуць паглядзець, якая там абстанноўка. Пасьля гэтага выпадка вернікі ўзмацнілі ахову будынка. Увечары колькасьць вернікаў павялічваецца амаль да тысячы чалавек. Штодня некалькі дзесяткаў чалавек застаюцца начаваць у будынку.

Пастар суполкі “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка яшчэ раз падкрэсьліў “Свабодзе”, што вернікі дабраахвотна не аддадуць сваю маёмасьць.
XS
SM
MD
LG