Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя палітычных вязьняў: тыднёвы агляд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чаму Івану Круку адмовілі ў датэрміновым вызваленьні? Як Артур Фінькевіч тлумачыць, чаму супроць Паўла Красоўскага вылучаныя новыя і вельмі цяжкія абвінавачаньні? Мікалая Статкевіча пазбавілі магчымасьці карыстацца міжгародным тэлефонам. Цімафей Дранчук патрапіў ў атрад, дзе болей за сто чалавек.

Пра тое, што актывісту з Астраўца Івану Круку, які адбывае пакараньне ў Глыбоцкай турме, адмовілі ўва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні, паведаміла “Свабодзе” жонка апазыцыянэра Вольга.

(Вольга Крук: ) “Адмовілі яму ў датэрміновым вызваленьні, і будзе адбываць да канца тэрміну. Да 10 студзеня. Знайшлі ў яго “забаронены прадмет”, вынесьлі яму вымову, і на гэтай падставе адмовілі. Так ён мне напісаў. Цяжка ён гэта ўсё перажывае, але што зробіш?”

Нагадаю, былога актывіста перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Івана Крука з Астраўца ў ліпені пакаралі 6 месяцамі арышту за дзеяньні супроць міліцыянтаў. Іван Крук мяркуе, што зь ім паквіталіся за апазыцыйную дзейнасьць. З Глыбоцкай турмы ён пісаў пра вельмі дрэнныя ўмовы ўтрыманьня – няма сьвежага паветра, перанаселенасьць у камэры, у яго рэзка пагоршылася здароўе.

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч паведаміў пра чарговае пагаршэньне ўмоваў – у інтэрнаце, дзе палітыка ўтрымліваюць разам з іншымі “хімікамі”, зьнялі міжгародні тэлефон. Палітык мяркуе, што гэта зрабілі з-за яго.

(Статкевіч: ) “У калідоры вісеў дадаткова сучасны міжгародні тэлефон-аўтамат. Яго нечакана зьнялі, і, як мне казалі мае калегі-“хімікі”, гэта зрабілі з-за мяне, бо ім сказалі, што вярнуць тэлефон у будучым годзе, калі я зьеду. Відаць, зьнялі, каб не трымаць яшчэ адну лінію сувязі на праслухоўваньні акрамя майго мабільнага. Вырашылі гэтак зэканоміць”.

Мікалай Статкевіч адбывае свае два гады “хіміі” ў Пухавіцкім раёне, куды яго перавялі з Баранавіч. Палітык быў пакараны за арганізацыю мітынгу пратэсту супроць рэфэрэндуму 2004 года.

Андрэй Клімаў, які адбывае “хімію” ў Гомельскай вобласьці, выйдзе на волю ў сьнежні. Былы дэпутат распавёў пра сваю барацьбу за права атрымаць мэдычную дапамогу. У Клімава захварэлі зубы і ён зьвярнуўся да лекара, які абслугоўвае зьняволеных. Але пасьля агляду доктар заявіў, што Клімаву патрэбна больш кваліфікаваная дапамога, і параіў зьвярнуцца ў Менск. Але ў дэпартамэнце выкананьня пакараньняў палітыку ў паездцы да сталічных лекараў адмовілі.

(Клімаў: ) “Патэлефанаваў у дэпартамэнт, кажу, што гэта ж іх інструкцыя ёсьць: калі тут ня могуць дапамагчы, то можна лячыцца ў іншым месцы. Не, кажуць, не адпускаем. Нейкае дзікунства”.

Маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч, які адбывае пакараньне ў Магілёве, зараз знаходзіцца ў шпіталі – юнаку зрабілі апэрацыю на назе. Артур кажа, што адчувае сябе лепш. Актывіст гэтак пракамэнтаваў той факт, што ягонага калегу Паўла Красоўскага з Жодзіна абвясьцілі падазроным у датычнасьці да згвалтаваньняў:

(Фінькевіч: ) “Разумею так, што чалавек не ідзе на супрацоўніцтва, не дае патрэбных паказаньняў, і на яго навешваюць усё, што не расьсьледавана за апошнія, скажам гэтак, 10 гадоў”.

Нагадаю, у менскім ізалятары чакае суду яшчэ адзін маладзёвы актывіст – Зьміцер Дашкевіч.

Прайшлі каранцін у калёніі і атрымалі разьмеркаваньне ў атрады актывісты “Партнэрства” Мікалай Астрэйка і Цімафей Дранчук. Зь Мікалаем Астрэйкам адвакат сустрэнецца ў панядзелак, 16 кастрычніка, а Цімафея Дранчука ўчора наведаў у калёніі бацька, Валер Дранчук. Той паведаміў, што Цімафей зьмешчаны ў атрад, дзе болей за 100 чалавек. Працы малады апазыцыянэр пакуль не атрымаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG