Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (07.09-13.10.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.

Дзікі, дзікі прыходзяць і ядуць усё, што бачаць. А чаго ня бачаць, дык рыюць.

Дырэктар саўгаса “Камарынскі” на Гомельшчыне Рыгор Анапрыенка – пра нашэсьце дзікоў на палеткі і фэрмы.

Я думаю, што калі Эстонія стала незалежнай, яна перш за ўсё, проста стала незалежнай. Але адной незалежнасьці недастаткова. Ёсьць шмат краінаў, якія незалежныя: Альбанія ў часе Энвэра Хаджы, Паўночная Карэя, Беларусь.

Томас Хэндрык Ільвэс, новы прэзыдэнт Эстоніі – у інтэрвью радыё Свабода.

Я гатовы стаць побач з Аляксандрам Мілінкевічам, каб абараніць незалежнасьць Беларусі, калі ёй будзе пагражаць рэальная небясьпека.

Былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл – пасьля сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам.

Гэты лідэр павінен атрымаць шырокія паўнамоцтвы, а палітычныя партыі павінны спыніць унутрыпартыйныя разборкі і публічна заявіць аб тым, што цалкам падпарадкуюцца рашэньням гэтага лідэра і яго штаба.

Старшыня Палітычнай рады дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч – аб сваім бачаньні ролі лідэра ў апазыцыі.

Так можна зрабіць люстэркавы адбітак беларускай вэртыкалі, дзе ёсьць кіраўнік і астатнія, хто пад ім. Гэта добра – загнаць усіх пад аднаго лідэра, але ў Беларусі няма кандыдата на гэтую пасаду, няма лідэра з аўтарытэтам Гаўла ці падтрымкай Пуціна.

Старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька – аб прапанове Мілінкевіча.

Ёсьць кіраўнікі, якім няймецца. Яны недзе ўдвох сабраліся, падумалі і вырашылі, што саміт трэба перанесьці. Зьявілася тэндэнцыя, калі асобныя дзяржавы ў СНД лічаць сябе дзяржавамі першага гатунку.

Аляксандар Лукашэнка – аб прапанове Расеі перанесьці тэрмін правядзеньня саміту СНД у Менску.

Каб замірэньне ў Лібане было пасьпяховым і каб міратворцы маглі ажыцьцявіць сваю місію ў Судане, неабходна заняцца Беларусьсю як асноўным дастаўцам зброі для гэтых канфліктаў.

Марк Дуглас, аўтар артыкулу “Спыніць беларускі гандаль зброяй”, апублікаванага ў “International Herald Tribune”.

Любая выбарчая кампанія адцягвае выбаршчыкаў ад паўсядзённых сацыяльна-эканамічных праблемаў, уцягвае ў палітычную барацьбу. Таму скарачэньне гэтага пэрыяду будзе садзейнічаць захаваньню сацыяльна-палітычнай стабільнасьці ў грамадзтве.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік – пра зьмены ў выбарчае заканадаўства, паводле якіх мясцовыя выбары пройдуць у адзін тур.

Думаю, хутка і ўваход у кватэры стане магчымым толькі з дазволу ўладаў.

Сябра Аб''яднанай Грамадзянскай Партыі Сяргей Альфэр – пра ўмовы правядзеньня выбарчай кампаніі паводле нядаўніх зьменаў у выбарчае заканадаўства.

Я вельмі ганаруся нашымі навукоўцамі і дасьледчыкамі, якія правялі вельмі, вельмі пасьпяховае ядзернае падземнае выпрабаваньне.

Амбасадар Паўночнай Карэі ў ААН Пак Гіл Ён.

Так, гэтая журналістка была вострым крытыкам дзейнай расейскай улады. Але ступень яе ўплыву на палітычнае жыцьцё ў Расеі была надзвычай нязначнай. Яна была вядомая ў журналісцкіх колах, у праваабарончых колах, на Захадзе. Але яе ўплыў на палітычнае жыцьцё ў краіне быў мінімальным.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін – аб забітай журналістцы Ганне Паліткоўскай.

Як украінец я, шчыра кажучы, знаёмы з многімі беларусамі, і мне падаецца, што ў беларусаў больш вытанчаны погляд на пэўныя рэчы, чым ва ўкраінцаў ці расейцаў.

Дырэктар кіеўскага Інстытута Казацтва Тарас Чухліб – адзін з аўтараў кнігі пра Піліпа Орліка, знакамітага ўкраінскага гетмана, які нарадзіўся ў Беларусі.

Людзям трэба зноў і зноў тлумачыць, што краіна ўжо знаходзіцца ў крызісе.

Старшыня БНФ Вінцук Вячорка – пра лёзунгі апазыцыі падчас мясцовых выбараў.

Беларусь на дадзеным этапе прызнае тэрытарыяльную цэласнасьць Малдовы і не бачыць падставаў для ініцыяваньня пытаньня аб прызнаньні ПМР сувэрэннай незалежнай дзяржавай.

Старшыня міжнароднай камісіі палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў – аб звароце Вярхоўнага Савету Прыднястроўя аб прызнаньні незалежнасьці Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі.

Жыцьцё – гэта машына да разбурэньня ілюзіяў. Чым больш жывеш, тым карацей сьпіс тваіх герояў, тым менш веры чарговым вызваліцелям ды прарокам.

Кінакрытык Максім Жбанкоў – у перадачы Свабоды «У што я веру».

Я ня ведаю ніякіх апазыцыянэраў. Ёсьць дзяржава, зь якой абавязана супрацоўнічаць любая структура.

Старшыня міжнароднай камісіі палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў – аб беларускіх удзельніках сэмінару ў справах Беларусі, які праводзіць у Вільні Парлямэнцкая Асамблея НАТО.

На восьмы дзень галадоўкі адчула сябе вельмі шчасьлівым чалавекам. Бог дае сілу і прыбірае ўсё непатрэбнае.

Раіса Бірукова, верніца пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё”, удзельніца галадоўкі вернікаў, якія патрабуюць вярнуць ім храм.

Цяжка сказаць. Я падтрымліваю толькі нашу царкву, якая дазволеная дзяржавай.

Адказ маладой мянчанкі на пытаньне Свабоды “Ці ўсе канфэсіі ў Беларусі маюць роўныя магчымасьці адкрываць храмы?”
XS
SM
MD
LG