Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маёўка


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

У пэрыяд паміж запускам першага спадарожніка і палётам Гагарына вельмі папулярнымі былі загарадныя маёўкі. Афіцыйна яны называліся сьвятамі працы і адпачынку, і ладзіліся ня толькі ў траўні, але і ўлетку, і нават увосень. Гэта быў пікнік савецкага ўзору, і на яго прыхоплівалі не чырвонае віно з сырам ракфор, а гарэлку, вараныя яйкі і кансэрвы “часьцік у таматным соўсе”. Дый ехалі на пікнік ня свойскай кампаніяй, а цэлым працоўным калектывам, а то і ўсім горадам. А пачыналася маёўка імправізаваным мітынгам, пад час якога перадавікам вытворчасьці ўручалі ганаровыя граматы.

Мне было сем гадоў, калі я ўпершыню патрапіў на маёўку. Ехалі на яе ў адкрытай, упрыгожанай бярозавымі галінкамі машыне. Мітынговыя прамовы казалі таксама з машыны, адкінуўшы два барты. Нейкі дзядзька ў капелюшы чытаў з паперкі пра палёт трэцяга штучнага спадарожніка Зямлі і пра посьпехі ў выкананьні плянаў сямігодкі. Потым гралі гімн і ў бубнача пасьля кожнага ўдару булавешкай на галаве падскоквала кепурка.

Пасьля мітынгу быў канцэрт: тры цётухны ў чырвоных сарафанах сьпявалі пад акампанэмэнт баяна. Неўзабаве аркестар зайграў “Кракавяк” і некалькі параў пусьціліся ў скокі. Танчылі на паляне, уздымаючы пылюку. На мужчынах былі шырокія нагавіцы з манжэтамі, і калі хто рэзка спыняўся, калашыньне абкручвалася вакол нагі. Я глядзеў на танцораў і марыў прыдбаць сабе такія ж нагавіцы. Зрэшты, скакалі ў асноўным жанчыны. Мужчыны тым часам гуртаваліся ля машыны, зь якой прадавалі бочкавае піва. Піва пампавалі ручной помпай. Каб дапамагчы прадавачцы і паскорыць працэс, на кодаб раз за разам залазілі дзядзькі і налягалі на помпу.

Неўпрыкмет людзі зьбіліся ў купкі, паселі вакол разасланых цыратавых абрусаў, сталі выкладваць з хатулёў пляшкі з гарэлкай ды розную спажыву. Нейкі дзядзька прынёс патэфон і мне даверылі накручваць патэфонную корбу. Прайгралі некалькі кружэлак, але ніхто на тое не зьвярнуў увагі. І толькі калі загучала “Называют меня некрасивою” жанкі схамянуліся і зычнымі галасамі падхапілі песьню.

Што было потым – не памятаю, бо ўладальнік патэфону, калі маці адвярнулася, наліў мне паўшклянкі віна, я кульнуў і ачуўся ужо ў машыне. Мы ехалі па ўхабістым бальшаку. Дзядзькі, што стаялі наперадзе, білі далонямі па даху кабінцы і галёкалі: “Лёша, ня менш ста!” Жанчыны ў сваю чаргу плакалі, крычалі, каб кіроўца ехаў цішэй. У гэты момант я ўгледзеў пад нагамі ганаровую грамату – адну з тых, што ўручалі на мітынгу. Цішком, азірнуўшыся, падняў яе, скруціў у трубку і потым доўга захоўваў – у памяць аб маёўцы.
XS
SM
MD
LG