Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Ракіта (15.10.1909, в.Ліцьвінава (цяпер Дубровенскі раён) — 23.3.1942(?), ст.Сухабязводнае, Горкаўская вобл., Расея)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Хто сярод беларусаў ня чуў імя паэта Сяргея Законьнікава? Дасьледнікі ж гісторыі прыгожага пісьменства ведаюць, што ў нашай літаратуры быў яшчэ адзін паэт з дакладна такім самым імем і прозьвішчам, які, праўда, узяў сабе псэўданім – Сяргей Ракіта.

Старэйшы сын у сялянскай сям’і з Аршаншчыны, ён быў для роднае вёскі своеасаблівым “вакном” у вялікі сьвет: прывозіў з Гомелю, дзе працаваў у “Палескай праўдзе”, а потым зь Менску, дзе вучыўся ў інстытуце журналістыкі, беларускія кнігі й часопісы, а разам зь імі – навіны пра будаўніцтва новага справядлівага жыцьця. Малады паэт, як і большасьць яго тагачасных калегаў, верыў у ідэю стварэньня “новага мастацтва”, супрацьпастаўляў “ганебнае ўчора” “шчасьліваму сёньня”. Яшчэ больш сьветлай выглядала прышласьць:

Энтузіязм ня зьмераць Баромэтрам плякатаў, праграм. У будучнасьць шчасная вера Дадзена нам,—

пісаў ён на пачатку 1930-х.

Між тым будучнасьць была ўжо зусім блізка. У 1936-м Сяргея Ракіту арыштавалі. Адным з пунктаў абвінавачаньня стаўся яго выступ у абарону Янкі Купалы на пісьменьніцкім сходзе. Другім — скептычныя выказваньні наконт калгасаў. Гэтыя “злачынствы” пацягнулі на 10 гадоў канцлягераў. Дарэчы, Ракіта быў адным зь нямногіх, хто, нягледзячы на катаваньні, не прызнаў свае віны і адмовіўся сьведчыць супраць сяброў.

Паводле афіцыйнае вэрсіі ён загінуў на лесапавале, але захавалася сямейная легенда, быццам Ракіта быў расстраляны за тое, што ўзначальваў бунт палітзьняволеных, якія прасілі адправіць іх на фронт. Легенду гэтую расказаў мне родны пляменьнік Сяргея Ракіты Сяргей Законьнікаў, які прызнаецца, што стаў паэтам не без уплыву гісторыяў пра дзядзьку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG