Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беластоцкая "Ніва" сьвяткуе 50-годзьдзе


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Сёньня ў Беластоку пачаліся ўрачыстасьці з нагоды 50-й гадавіны заснаваньня тыднёвіка беларусаў Беласточчыны “Ніва” – “Беларускія дні Нівы”.

Першы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва” пабачыў сьвет 4 сакавіка 1956 году. Нягледзячы на жорсткую цэнзуру, якая панавала ў тыя часы, дасьледчыкі гісторыі беларускай меншасьці на Беласточчыне адзначаюць, што зьяўленьне першага пэрыядычнага выданьня на роднай мове стала адным з галоўных фактараў паваеннага гуртаваньня беларускай інтэлігенцыі ў Польшчы, а для дзясяткаў тысячаў беларусаў Польшчы сьведчаньнем таго, што яны маюць права і павінны шанаваць сваю культуру, звычаі, абрады.

У гісторыі “Нівы” былі розныя пэрыяды – яе аўтараў абвінавачвалі то ў беларускім нацыяналізьме, то ў недастатковай партыйнай пільнасьці, а ўжо зусім нядаўна абвінавацілі нават у “няправільным выкарыстаньні бюджэтных сродкаў” – фінал судовага працэсу сёлетняй вясной, у якім “ніўцаў” цалкам апраўдалі, стаўся адной з прычынай пераносу сьвяткаваньня юбілею тыднёвіка на восень.

Галоўнаму рэдактару “Нівы” Яўгену Вапу я патэлефанаваў за паўгадзіны да сёньняшніх урачыстасьцяў. Пытаньне даволі традыцыйнае – як адчувае сябе тыднёвік маючы 50 гадоў?

(Вапа: ) “50 гадоў па-за межамі Беларусі, ды яшчэ для тыднёвіка – гэта шмат. Мы, як беларуская нацыянальная меншасьць у Польшчы, ганарымся тым, што тыднёвік ёсьць. Думаю, што будзе і далей. Будзе, калі будзе тут жыць беларускасьць. А беларускасьць будзе жыць, калі будзе разьвівацца нашая духоўная прастора, а "Ніва” – адзін зь яе элемэнтаў”.

Для “Нівы” пісалі і пішуць шэраг добра вядомых ня толькі на Беласточчыне і ў Польшчы аўтараў – Сакрат Яновіч, Алег Латышонак, Міра Лукша, Яўген Мірановіч ды іншыя.

Перада мной – перадапошні нумар “Нівы” – прывабна зьвярстаная газэта з шэрагам самых розных рубрык. Тут можна прачытаць і пра глябальныя праблемы беларускай і іншых меншасьцяў Падляшша – фінансаваньне культурніцкіх імпрэзаў, адсутнасьць вялікага фэстывалю меншасьцяў, удзел беларусаў у маючых адбыцца мясцовых выбарах, але таксама і пра тое, чым жывуць невялікія вёскі на Беласточчыне. Ёсьць гістарычныя артыкулы, камэнтары бягучых палітычных падзеяў, абавязковы дадатак для дзяцей “Зорачка”.

Такім чынам, выглядае, што “Ніва” пачуваецца нядрэнна. На пытаньне пра пляны рэдакцыі на будучыню, Яўген Вапа адказвае коратка:

(Вапа: ) “Плян такі – пашырацца і прыдбаць новых чытачоў! Думаю, усё гэта зьдзейсьніцца”.

Заўтра канфэрэнцыя, у якой бяруць удзел вядомыя навукоўцы і літаратары – Сакрат Яновіч, Барыс Пятровіч, Алег Латышонак і іншыя – працягнецца. Завершацца “Беларускія дні Нівы” ўрачыстым канцэртам.
XS
SM
MD
LG