Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восьмы дзень галадоўкі вернікаў-пратэстантаў (абноўлены, фота)


Любоў Лунёва, Менск Увечары да будынку, дзе вернікі пратэстанты суполкі “Новае жыццё” трымаюць галадоўку з патрабаваньнем пакінуць ім храм, пад’ехалі некалькі аўтамабіляў, у тым ліку машына хуткай дапамогі “амбулянс-рэанімацыя”.

Некалькі чалавек у цывільным прадставіліся супрацоўнікамі райвыканкаму. Яны патлумачылі, што хочуць увайсьці ў будынак разам з апэратарам тэлеканалу СТВ. Яны сказалі, што неўпаўнаважаныя весьці перамовы наконт спрэчнага будынку і хочуць толькі агледзець яго. Вернікі забаранілі ім увайсьці. Зь нязванымі гасьцямі размаўляў на вуліцы юрыст царквы Сяргей Луканін.

Апэратар абышоў будынак з камэрай па пэрымэтру, і пасьля гэтага “чыноўнікі” зьехалі. Вернікі паведамілі “Свабодзе”, што ўзмацнілі ахову будынка.

* * * Паводле прэсавай службы пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё”, галадоўку трымаюць 215 вернікаў. Каля трох дзесяткаў зь іх галадуюць у іншых гарадах краіны. Вернікі патрабуюць пакінуць ім будынак, які яны набылі ў 2002 годзе. Сёлета ў жніўні гарадзкія ўлады пералічылі на рахунак царквы 35 мільёнаў рублёў і патрабуюць вызваліць будынак, які яны не прызнаюць як культавы. На знак пратэсту вернікі абвясьцілі галадоўку. Чыноўнікі Менгарвыканкаму сьцьвярджаюць, што прапанавалі пратэстантам іншае месца для будаўніцтва храма. Вернікі абвяргаюць гэтую інфармацыю.

У будынку царквы кругласутачна знаходзяцца 36 удзельнікаў галадоўкі. Шпіталізаванага ўчора Рыгора Алексіевіча сёньня выпісалі з інфэкцыйнага шпіталю. Пагаршэньне стану ягонага здароўя мэдыкі тлумачаць рэакцыяй арганізму на галадоўку. Ад сёньняшняга дня Рыгор Алексіевіч пачаў прымаць ежу.

Загадчыца аддзела ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Менгарвыканкаму Ала Рабіцава паведаміла “Свабодзе”, што гарадзкія ўлады неаднойчы прапаноўвалі вернікам участак пад будаўніцтва храму, але тыя адмовіліся ад прапановы.

(Рабіцава: ) “Мы даслалі ім некалькі лістоў з прапановай спыніць набажэнствы, і мы ім выдаём зямельны надзел у межах гораду. У мяне лісты ёсьць”.

Юрыст царквы Сяргей Луканін абвяргае гэтую інфармацыю. Ён сьцьвярджае, што ў будынку летась, згодна з загадам Алы Рабіцавай, адключылі падачу электраэнэргіі. Тады вернікі набылі генэратар за паўтары тысячы даляраў і кацёл за 5 000 даляраў.

(Луканін: ) “Нам ніхто ніколі не прапаноўваў ніякай зямлі для будаўніцтва іншага будынку. Прадстаўнікі энэрганагляду паведамілі нам, што Ала Рабіцава загадала ім адключыць электрычнасьць. Мы вымушаныя карыстацца генэратарам. Каб ацяпліць наш будынак, мы за 5 000 даляраў набылі фінскі кацёл. Гэта самае сучаснае абсталяваньне”.

Гаворыць Ала Рабіцава:

(Рабіцава: ) “Калі ў будынку ў парушэньне закону ладзяцца масавыя мерапрыемствы, то якім жа чынам мусіць падавацца электрычнасьць? Каб яшчэ больш узмацніць? Ніхто даваць электрычнасьць у пажаранебясьпечнае месца ня будзе. Дзе вы бачылі, каб падчас масавага зьбіраньня людзей, тапілі дровамі?”

58-гадовая верніца Раіса Бірукова кажа, што на восьмы дзень галадоўкі адчувае сябе добра:

(Бірукова: ) “На восьмы дзень галадоўкі адчула сябе вельмі шчасьлівым чалавекам. Бог дае сілу і прыбірае ўсё непатрэбнае. Я настолькі добра сябе адчуваю! Раней пасьцілася толькі тры дні. Я папросту шчасьлівая”.

Вадзім Пракопчык дадаў:

(Пракопчык: ) "Да нас сюды прыходзяць вядомыя грамадзкія дзеячы, мастакі, прадстаўнікі культуры. Іх тут вельмі прыемна бачыць. Прыходзіў адзін праваслаўны сьвятар. Мы былі прыемна зьдзіўленыя. Дапамагаюць нам з розных канфэсіяў і дэнамінацыяў. Прывозяць нам спальнікі, раскладушкі… Такая салідарнасьць… Тут вельмі такая добрая сямейная атмасфэра”.

На мапе, якая знаходзіцца на дошцы паведамленьняў у будынку пратэстантаў, пазначаны месцы, дзе зь імі салідарызуюцца вернікі-пратэстанты.

Сёньня вернікі заўважылі чалавека, які назіраў за будынкам у бінокль. Яны падышлі да яго і ён назваўся будаўніком. Побач з будынкам царквы, сапраўды, вядзецца будаўніцтва, але той факт, што будаўнікі ходзяць на працу з біноклямі, насьцярожыў вернікаў. Яны ня выключаюць, што за імі сочаць, каб мець поўную інфармацыю для магчымых манэўраў сілавікоў.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG