Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Вільні абмяркоўваецца сытуацыя ў Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня На сэмінары Парлямэнцкай асамблеі НАТО ў Вільні абмяркоўваюцца палітычныя, эканамічныя, грамадзкія працэсы ў Беларусі і вядзецца дыскусія пра тое, як дапамагчы беларускаму народу, дэмакратычным сілам Беларусі і што рабіць, каб Беларусь не апынулася цалкам адрэзанай ад Эўразьвязу.

Форум адкрылі кіраўнік дэлегацыі Бундэстагу ў ПА НАТО Карл Лямэрс і парлямэнтар Антанас Валёніс, былы міністар замежных справаў Літвы, і магчыма, будучы амбасадар Літвы ў Беларусі. Яны адзначылі узмацненьне палітычнага перасьледу апазыцыі ў Беларусі, парушэньне дэмакратычных нормаў, выказалі неспакой адносна далейшай ізаляцыі Беларусі.

У сэмінары бяруць удзел парлямэнтары з краінаў-сябраў НАТО, прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў, палітолягі з розных краінаў, а таксама прадстаўнікі літоўскага ураду, прадстаўнікі грамадзкіх і палітычных арганізацыяў зь Беларусі – старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка і намесьнік старшыні Алесь Міхалевіч, намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук. Беларускія выступоўцы паведамлялі пра узмацненьне палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, шматлікія парушэньні дэмакратычных нормаў і правоў чалавека ў краіне.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна паведаміла пра ціск на СМІ ў Беларусі і пра сытуацыю з альтэрнатыўным незалежным вяшчаньнем на Беларусь.

Сэмінар арганізаваны літоўскай парлямэнцкай дэлегацыяй ў ПА НАТО з мэтай паспрыяць стварэньню ў Эўразьвязе яснай, канкрэтнай стратэгіі адносна таго, як зьмяніць становішча ў Беларусі і якім чынам спрыяць дэмакратызацыі краіны.

Віцэ-старшыня дэлегацыі літоўскага Сойму ў ПА НАТО Раса Юкнявічэне цьвердзіць, што апошнім часам асаблівы неспакой выклікае візавая палітыка Эўразьвязу.

(Юкнявічэне: ) “Чым больш людзей прыедуць ў Літву, пабачаць жыцьцё ў Літве, тым меней застанецца месца для прапаганды Лукашэнкі, паводле якой мы тут, нібыта, амаль паміраем з голаду. Неспакой выклікае ізаляцыя і самаізаляцыя Беларусі, я заўсёды казала, што Беларусь ізалюе найперш Лукашэнка, яго рэжым. Нам бракуе кантактаў, інфармацыі зь Беларусі, дзякуючы гэтаму сэмінару адновяцца нашыя кантакты, мы абмяняемся інфармацыяй, каб падштурхнуць, справакаваць новыя стратэгічныя дзеяньні з боку Эўразьвязу”.

Дэпутат літоўскага парлямэнту адзначыла, што Літва імкнецца, каб занадта высокія кошты на візы ў краіны Эўразьвязу не адштурхнулі беларускую грамадзкасьць ад нас і ад Эўразьвязу.

На двухдзённым сэмінары ПА НАТО ў Вільні будзе абмяркоўвацца і стратэгія НАТО і Эўразьвязу у дачыненьні да Беларусі, роля Беларусі ў якасьці краіны-суседкі з пункту гледжаньня суседніх краінаў, а таксама пэрспэктыва будучых дачыненьняў. Пра гэта – у нашай суботняй праграме.
XS
SM
MD
LG