Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікетоўцы ў Вільні патрабавалі рашучых дзеяньняў з боку Эўразьвязу


Тацяна Поклад, Вільня У Вільні перад будынкам, дзе адбываецца сэмінар Парлямэнцкай асамблеі НАТО, прысьвечаны сытуацыі ў Беларусі, моладзь арганізавала пікет у падтрымку палітзьняволеных. Пікетоўцы патрабавалі рашучых дзеяньняў з боку Эўразьвязу, каб спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць апазыцыі з боку рэжыму Лукашэнкі.

Пікет ладзіла беларуская моладзь Вільні, якая не прадстаўляе ніякай арганізацыі. Удзельнікі акцыі адзначылі увагу і з боку літоўскіх журналістаў, і прадстаўнікоў Літвы і Эўразьвязу. У ліку тых, хто падыходзіў, каб распытаць пікетоўцаў, быў і міністар абароны Літвы.

Сяржук Гаўрыленкаў кажа, што акцыя была прыкметнай і заўважнай:

(Сяржук:) “Шкада толькі, што прадстаўнікі Беларусі на форуме, пэўна, больш занятыя сваімі справамі і з-за вокнаў, закрытых фіранкамі, наўрад ці паглядзяць у наш бок. Але мы спадзяемся на прэсу”.

Пікетоўцы трымалі плякаты на ангельскай і беларускай мовах з надпісамі “Свабоду Красоўскаму і Дашкевічу!”, “Ці гэта новы спосаб хаваць праўду?” Моладзь крытыкавала неэфэктыўнасьць дзеяньняў беларускай і міжнароднай грамадзкасьці ў справе абароны палітзьняволеных, патрабавала рашучых крокаў з боку Эўразьвязу.

(Эдвард: ) “На мой погляд, Эўразьвяз павінен больш жорстка выконваць свае рэзалюцыі, рашэньні пра санкцыі. Як мы бачым, санкцыі толькі прымаюцца, а Беларусь надалей працягвае працаваць з Эўразьвязам. Фактычна, гэтыя санкцыі не дзейнічаюць”.

(Марыя: ) “Мы спадзяемся, што форум, які цяпер адбываецца тут у Вільні, зьверне ўвагу на гэтыя палітычныя арышты і рэпрэсіі ў Беларусі, і прапануе нейкае выйсьце, дапамогу, каб вырашыць гэтую праблему. Трэба ўвесьці такія санкцыі, якія б непасрэдна паўплывалі на беларускія улады, трэба, каб на судовых паседжаньнях былі прадстаўнікі Эўразьвязу. Я лічу, гэта – самае лепшае выйсьце, таму што тое, што адбываецца на нашых судах, нікому невядома, ніхто ня ведае, за што і як выносяцца прысуды”.

Гэтак сказала арганізатарка моладзевай акцыі пратэсту, скіраванай да ўдзельнікаў сэмінару ПА НАТО ў Вільні.
XS
SM
MD
LG