Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія з партый і канфэсій падтрымліваюць вернікаў царквы “Новае жыцьцё”?


Галіна Абакунчык, Менск Вернікі менскай царквы “Новае жыцьцё” працягваюць трымаць бестэрміновую галадоўку. Як да супрацьстаяньня ўлады зь вернікамі-пратэстантамі ставяцца прадстаўнікі іншых канфэсіяў, палітычных партыяў і рухаў?

Муфтый мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня Абу-Бакір Шабановіч заявіў Радыё Свабода, што ён нічога ня ведае ні пра галадоўку, ні пра існаваньне “Новага жыцьця”. Адмовіліся пракамэнтаваць акцыю пратэсту і ў каталіцкім касьцёле. Ня выказваюць пэўнай пазыцыі таксама ў праваслаўнай царкве. Гаворыць прэсавы сакратар Менскай эпархіі Андрэй Петрашкевіч:

(Петрашкевіч: ) “Мне падаецца, што найбольш кампэтэнтнае меркаваньне будзе выказана ў межах той рэлігійнай канфэсіі, у якой узьніклі праблемы”.

Паводле прадстаўніка беларускіх цыганоў пры Эўрапейскім форуме Мікалая Калініна, значная частка цыганскага насельніцтва Беларусі наведвае менавіта пратэстанцкія цэрквы. І яны падтрымліваюць сваіх братоў у веры, кажа спадар Калінін:

(Калінін: ) “Не разумею, чаму дзяржава павінна прыгнятаць рэлігійныя канфэсіі? У чым увогуле пытаньне? Людзі выкарыстоўвалі гэты будынак, каб славіць Бога. На мой розум, гэта грэх – перашкаджаць людзям славіць Бога”.

У падтрымку вернікаў-пратэстантаў выступаюць таксама беларускія крышнаіты, шэраг юдэйскіх рэлігійных аб’яднаньняў. А вось што сказаў Свабодзе кіраўнік Менскага габрэйскага дому Леанід Левін:

(Левін: ) “Нельга забіраць апошні кавалак хлеба. Калі яны законныя, калі яны ня супраць улады, калі яны ня супраць іншых канфэсіяў, то трэба дапамагаць. Калі б я быў дзяржавай, то я б ім дапамагаў”.

Рэдактар бюлетэня “За свабоднае веравызнаньне” Валянціна Трыгубовіч кажа, што прыхільнікі свабоды ў выбары веры да галадоўнікаў ставяцца неадназначна.

(Трыгубовіч: ) “Мы лічым, што іх патрабаваньні слушныя, правільныя, і мы абсалютна на баку тых галадоўнікаў. Але ва ўмовах нашай таталітарнай дзяржавы гэта дае мізэрны вынік. І таму нам шкода людзей, якія ахвяруюць сваім здароўем”.

Пазыцыю вернікаў царквы “Новае жыцьцё” падтрымлівае таксама рух “За Свабоду”, які ўзначальвае Аляксандр Мілінкевіч. Салідарныя таксама шэраг палітычных партыяў. Гаворыць сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юры Беленькі:

(Беленькі: ) “Я думаю, што вось гэты пост-галадоўка павінен быць у розных формах падтрыманы і іншымі цэрквамі, і палітычнымі партыямі, якія стаяць на пазыцыях справядлівасьці. Гэта пробны каменьчык. Калі ўладам удасца задушыць гэтую царкву, то такая разбуральная дзейнасьць будзе працягнутая і супраць іншых цэркваў, а таксама палітычных партыяў. Тут павінна быць супольная агульная салідарнасьць”.



У Камітэце па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь паведамляюць, што сёньня ў Беларусі дзейнічаюць 26 канфэсіяў і рэлігійных напрамкаў. Перавагу сярод іх мае праваслаўная царква, якая аб’ядноўвае больш за 80% вернікаў усёй краіны.

XS
SM
MD
LG