Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўсе канфэсіі ў Беларусі маюць роўныя магчымасьці адкрываць храмы?


Альгерд Невяроўскі, Менск Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Хлопец: ) “Я думаю, што маюць магчымасьці. Нікога не ўціскаюць, усім даюць права свабодна выказвацца”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што ўсе маюць”.

(Карэспандэнт: ) “Патлумачце, чаму вы так лічыце?”

(Спадарыня: ) “Я праваслаўная і ведаю, што ў нас ёсьць і касьцёлы, і праваслаўныя храмы, і пратэстанцкія цэрквы”.

(Дзяўчына: ) "Я думаю, што так. У Канстытуцыі запісаны роўныя правы для ўсіх і свабода веравызнаньня".

(Хлопец: ) “Фармальна так, але насамрэч вось я чытаў на вашым сайце, што галадуюць вернікі царквы “Новае жыцьцё”. Таму я раблю выснову, што не”.

(Пэнсіянэр: ) “Несумненна. У нас так разьвіваецца рэлігійнае будаўніцтва, асабліва за апошнія 10 гадоў. Столькі ў Менску набудавана, што дай Бог, каб так і далей”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, як на вашую думку, ці ўсе рэлігійныя канфэсіі маюць у Беларусі роўныя магчымасьці для таго, каб будаваць і адкрываць свае храмы?”

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што больш разьвіваюцца ў нас праваслаўная і каталіцкая цэрквы. Але, у прынцыпе, ёсьць магчымасьці для ўсіх рэлігіяў”.

(Дзяўчына: ) “Не. У нас толькі праваслаўная і каталіцкая цэрквы займаюць важнае месца і дзяржава іх падтрымлівае. А іншыя канфэсіі дзяржава не падтрымлівае, і існуюць яны самі па сабе”.

(Спадар: ) “Я ня вельмі разьбіраюся у рэлігійных пытаньнях, і таму не магу адказаць”.

(Спадар: ) “Наўрад ці. Адносіны да людзей іншых канфэсіяў у нас склаліся трохі нэгатыўныя. Гістарычна. Шмат праблемаў было, гісторыю нам падавалі не ў правільным сьвятле”.

(Спадар: ) “Сумняюся, што маюць роўныя магчымасьці”.

(Дзяўчына: ) “Цяжка сказаць. Я падтрымліваю толькі нашую царкву, якая дазволеная дзяржавай”.

(Хлопец: ) “Не, ня маюць усе. Католікаў менш”.

(Спадарыня: ) “Пэўна ж, больш магчымасьцяў у традыцыйных канфэсіяў – праваслаўнай і каталіцкай. Але ад маіх знаёмых баптыстаў я ня чула пра ўціск. Але, відаць, магчымасьцяў болей у традыцыйных”.
XS
SM
MD
LG