Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты абмяркоўваюць, што будуць рабіць, калі прыйдуць да ўлады


Алесь Дашчынскі, Менск Нацыянальны камітэт аб’яднаных дэмсілаў у Менску ініцыяваў дыскусію на тэму канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі. Сёньня прадстаўнікі апазыцыі за круглым сталом абмяркоўвалі праграму першачарговых дзеяньняў пасьля атрыманьня мандату на кіраваньне краінай.

Нацыянальны камітэт аб’яднаных дэмакратычных сілаў займаецца выпрацоўкай праграмы дзеяньняў – альтэрнатыўнага бачаньня новай Беларусі. Чаму кіраўнікі апазыцыі лічаць гэта актуальным цяпер, калі іх прыход да ўлады не выглядае хуткім і верагодным? Паводле старшыні Нацыянальнага камітэту Анатоля Лябедзькі, менавіта цяпер неабходна актуалізаваць гэтую тэму, бо дагэтуль кааліцыя ня мае супольнай пазыцыі.

(Лябедзька: ) “У Беларусі шмат інтэлектуальных напрацовак, але яны не зьвязаныя сыстэмна. Нацыянальны камітэт ставіць цяпер задачу зрабіць такую праграму – плян дзеяньняў прыхільнікаў пераменаў пасьля таго, як у краіне гэты палітычны рэжым сыдзе. Але калі гэтага ня будзе, адна структура будзе гаварыць, што нам патрэбна мадэль з моцным прэзыдэнцкім кіраваньнем, другая будзе казаць, што нам патрэбна толькі парлямэнцкая сыстэма. Трэба, каб мы тут размаўлялі і гаварылі адным голасам і адной тэрміналёгіяй”.

Паводле спадара Лябедзькі, апазыцыя мусіць быць напагатове і ведаць пасьлядоўнасьць зьменаў у сыстэме дзяржаўнага кіраваньня і нават тэрміны правядзеньня прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў.

Адзін з удзельнікаў дыскусіі прафэсар Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Гэта частка больш агульнай праблемы – распрацоўкі падрабязнага пляну дзеяньняў апазыцыйных сілаў з мэтай разгледзець розныя варыянты пераходу да дэмакратыі, якія магчымы ў сёньняшняй сытуацыі. Аксамітная рэвалюцыя, перамога на выбарах, эвалюцыя існуючага рэжыму ў бок дэмакратызацыі ў адпаведнасьці з плянам АБСЭ. Ну, і магчымы яшчэ якія-небудзь – палацавы пераварот й іншае. Мы павінны быць гатовы да разьвіцьця ў любым накірунку. Там ня толькі будуць канстытуцыйныя пытаньні, там будуць і пытаньні міжнародных адносінаў, эканамічныя і гэтак далей”.

Паводле актывіста апазыцыі Аляксандра Бухвостава, праблема пераўтварэньня дзяржавы аб’ёмная і глыбокая. Таму аб’яднаныя дэмсілы, палітычная й інтэлектуальная эліта павінны займацца ня толькі актуальнымі праблемамі, але і працаваць на пэрспэктыву.

(Бухвостаў: ) “Мы ж павінны прапанаваць нашаму грамадзтву альтэрнатыву. Калі мы кажам, што трэба памяняць палітычную сыстэму, то мы кажам, што трэба пераадолець дыктатуру. Таму неабходнасьць такіх дыскусій відавочная. Трэба ўяўляць, што мы будзем рабіць, калі зможам памяняць палітычную сытуацыю ў краіне”.
XS
SM
MD
LG