Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абмяжоўвае доступ беларускіх тавараў на свой рынак (абноўлены)


Валер Каліноўскі, Менск Дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі ад Камуністычнай партыі, сябра камісіі парлямэнцкага сходу Саюзнай дзяржавы ў справах эканамічнай палітыкі Анатоль Локаць (на фота) у Растове-на-Доне абнародаваў сакрэтны ліст Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі, які датычыць Беларусі. Ліст прадпісвае рэгіёнам абмежаваць імпарт беларускіх тавараў на свае тэрыторыі у зьвязку з дыскрымінацыяй расейскіх тавараў на рынку Беларусі.

Ліст, падпісаны намесьнікам міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі статс-сакратаром Андрэем Шаронавым яшчэ 14 ліпеня, паступіў у адміністрацыі суб''ектаў Расейскай Фэдэрацыі. У лісьце зазначаецца: “Аналіз заканадаўства і нарматыўных актаў Беларусі выявіў, што да расейскіх пастаўшчыкоў прымяняюцца дыскрымінацыйныя захады пры разьмяшчэньні заказаў на пастаўкі тавараў, работ і паслуг. З мэтай усталяваньня ўмоваў допуску тавараў, якія паходзяць з Рэспублікі Беларусь, Мінэканомразьвіцьця прапануе не дапускаць беларускіх пастаўшчыкоў (выканаўцаў) пры разьмяшчэньні заказаў на пастаўку тавараў”.

Да ліста прыкладзены сьпіс такіх тавараў: мэбля, сантэхніка, керамічная плітка, мясныя, садавіна-гароднінныя кансэрвы, сынтэтычныя мыйныя сродкі… Акрамя таго міністэрства просіць абласныя адміністрацыі выказацца, якія яшчэ беларускія тавары можна было б вывесьці з льготнага “нацыянальнага рэжыму” падаткаабкладаньня.

Адна з расейскіх абласьцей у адказ ужо накіравала ў Маскву свае прапановы наконт абмежаваньня доступу беларускіх тавараў на свой рынак. Копія гэтага дакумэнту, а пазьней і сам ліст Шаронава трапілі ў Дзярждуму. Дакумэнты выклікалі абурэньне прадстаўнікоў левых фракцыяў.

Дэпутат Анатоль Локаць, які распаўсюдзіў дакумэнт, расцаніў гэтыя дзеяньні ўраду РФ як эканамічны ціск на Беларусь:

(Локаць: ) “І мы мардуем, я другога слова не знаходжу, мы мардуем свайго саюзьніка, то па цэнах на энэрганосьбіты, якія прапануецца ўзьняць больш чым у 4 разы, амаль што ў 5 разоў…То з таварамі. Такое ўражаньне, што ва ўрадзе Расейскай Фэдэрацыі ёсьць людзі, якія не зацікаўленыя ў стварэньні адзінай дзяржавы”.

Спадар Локаць лічыць гэты ціск адным з крокаў, накіраваных на рэалізацыю жаданьня ўраду Расеі ўзяць пад свой кантроль “Белтрансгаз”.

(Локаць: ) “Расейскі бок пачынае такія спэкулятыўныя захады прымяняць, такія сур’ёзныя рычагі, якія могуць паставіць на калені ўсю эканоміку Беларусі”.

Спадар Локаць перакананы, што гэты ціск на Беларусь ударыць бумэрангам і па Расеі, якая імпартуе шмат беларускіх камплектуючых. Паводле Анатоля Локаця, фракцыя КПРФ у Дзярждуме будзе ініцыяваць разгляд гэтых дзеяньняў Мінэнканомразьвіцьця на паседжаньні, накіруе адпаведны запыт ва ўрад. Беларускія дэпутаты выказалі гатоўнасьць зьвярнуцца ў свой урад з запытам адносна дыскрымінацыі расейскіх тавараў, пра што гаворыцца ў лісьце Шаронава.

Міністэрства замежных справаў Беларусі ня мае зьвестак пра магчымае абмежаваньне рэгіёнамі Расеі аб’ёмаў беларускага імпарту, -- паведаміў Інтэрфаксу прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў. “МЗС пра гэта нічога не вядома. Камэнтаваць нейкія чуткі мы ня можам”, – заявіў ён.



Паводле міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі, у студзені-жніўні ў зьнешнім гандлі з Расеяй Беларусь мае адмоўнае сальда 3 мільярды 708 мільёнаў даляраў. Экспарт беларускіх тавараў павялічыўся на 16 працэнтаў і склаў 3 мільярды 627 мільёнаў. Імпарт павялічыўся на 42 працэнты і склаў 7 мільярдаў 335 мільёнаў даляраў. У агульным аб’ёме таваразвароту Расея займае 47, 5%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG