Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Аляксандар Фядута, Сяржук Сокалаў-Воюш, Галіна Гарэлава


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 7 кастрычніка). Аўтары: Валянціна Аксак, Дзьмітры Падбярэзкі, Міхась Скобла. Рэдактар: Сяргей Абламейка.

EXLIBRIS

АЛЯКСАНДАР ФЯДУТА: “Я ЧЫТАЧ, ЯКІ ПІША ВОДГУКІ НА КНІГІ БЕЛАРУСКІХ ПАЭТАЎ НОВАГА СТАГОДЗЬДЗЯ”

Паэтаў эўрапейскага ўзроўню адкрыў для сябе ў сучаснай беларускай літаратуры вядомы публіцыст і палітоляг Аляксандар Фядута. І падзяліўся сваімі адкрыцьцямі зь іншымі чытачамі — спачатку на старонках “Нашай Нівы”, а цяпер у сваёй новай кнізе “Паэтычны аглядальнік”. Яе прэзэнтацыяй 5 кастрычніка распачалася ў Беларусі чарада “нашаніўскіх” імпрэзаў з нагоды стагодзьдзя “першай беларускай газэты з рысункамі”. А напярэдадні аўтар гасьцяваў у нашай менскай студыі, дзе зь ім пагутарыла Валянціна Аксак.

(Валянціна Аксак: ) “У шырокіх колах вы вядомы як пушкініст, як прапагандыст сярод тутэйшых кнігаманаў клясычнае эўрапейскае паэзіі. Як так сталася, што вы раптам зацікавіліся сучаснай беларускай паэзіяй?”

(Аляксандар Фядута: ) “Я ніколі не чытаў сучасную беларускую паэзію. Да размовы з галоўным рэдактарам “Нашай Нівы” Андрэем Дыньком я сапраўды яе не чытаў. А ён мне даў два паэтычныя зборнікі. Аўтарам аднаго зь іх быў Уладзімер Някляеў. А паколькі зь Някляевым мы вельмі добра знаёмыя, я ўзяўся чытаць і думаю, ну вось зараз будзе нешта кшталту: “Я мужык, дурны мужык…”. Але я прачытаў сучасную кніжку сучаснага эўрапейскага паэта. Сьцьвярджаю так, таму што чытаю ўсё ж такі ня толькі па-беларуску і па-расейску, але і па-польску, і па-ўкраінску, трохі разумею баўгарскую мову, Байрана і Шэксьпіра чытаю па-ангельску. І я зразумеў, што на прачытаную кнігу можна напісаць нейкі чытацкі водгук. І я напісаў”.

(Аксак: ) “Маецца на ўвазе рэцэнзія на кнігу Някляева “Так”?”

(Фядута: ) “Так, а рэцэнзія называлася “Вось”. Была яна вельмі жорсткая, і ўсе хадзілі за мной і пыталіся, ці я яго пахваліў, ці я яго палаяў. Але справа ня ў тым, добра я напісаў пра яго ці кепска, справа ў тым, што трэба пісаць цікава. Трэба пісаць так, каб той чалавек, які не чытаў гэтых вершаў, убачыў складанага жывога чалавека, каб яму захацелася зь ім паразмаўляць. Бо калі я чытаю кніжку паэзіі, я размаўляю зь яе аўтарам”.

(Аксак: ) “Многіх рэцэнзаваных беларускіх паэтаў, напрыклад, Галіну Дубянецкую, вы далікатна называеце добра абазнанай у паэзіі Цютчава, Забалоцкага, а Людку Сільнову — блізкай да паэтычнай стыхіі Цьвятаевай. Іначай кажучы, лічыце іх паэзію другаснай у дачыненьні да клясычнай расейскай. Ці я памыляюся?”

(Фядута: ) “Памыляецеся. Гэта зусім ня так. Калі я хачу, каб у чалавека ўзьнікла нейкае ўражаньне (ён не чытаў вершаў, напрыклад, той самай Людкі Сільновай), я павінен акрэсьліць пэўнае кола паэтаў, зь якімі яе можна параўнаць. А што чыталі прадстаўнікі майго пакаленьня? Перш за ўсё творы школьнай праграмы, па-другое, у той час, калі я вучыўся ва ўнівэрсытэце, пачалі выдаваць паэзію сярэбранага стагодзьдзя. Чытач павінен зразумець, павінен убачыць вось гэтыя арыенціры. І я лічу, што ні для Галіны Дубянецкай, ні для Людкі Сільновай, ні для каго іншага, каго я параўноўваю з клясыкамі расейскай паэзіі, гэта — ня крыўда, гэта — гонар”.

(Аксак: ) “Добра, тады яшчэ параўнаньні з расейскаю клясыкай. Многія ведаюць верш Някрасава, напісаны ім у гонар аднаго з душыцеляў паўстаньня 1863 году Мураўёва, — “Бокал заздравный поднимая…”

(Фядута: ) “А вось што датычыць гэтага верша, магу сказаць дакладна: гэта верш супрацоўніка канцылярыі віленскага генэрал-губэрнатара Мікалая Нікоціна, які цалкам друкуецца ў ягоных успамінах яшчэ прыканцы дзевятнаццатага стагодзьдзя. Так званая “мураўёўская ода” Някрасава была зьнішчаная самім паэтам і ніколі не друкавалася. Ён чытаў яе толькі аднойчы ў “ангельскім” клюбе, і пасьля гэтага нават Мураўёў яму не апладзіраваў”.

(Аксак: ) “Значыць, яму прыпісваюць гэты верш?”

(Фядута: ) “Так”.

(Аксак: ) “А вам прыпісваюць вось такі верш:

“Лукашенко с гением природным Смело гневом овладел народным. Дай нам Бог, чтоб этот смелый лев Усмирял и впредь народный гнев…”.

(Фядута: ) “А паглядзіце, якая дата пад ім стаіць?”

(Аксак: ) “1994 год”.

(Фядута: ) “Гэтыя радкі былі напісаныя праз чатыры дні пасьля інагурацыі. І прабачце, калі ласка, кожны чалавек можа памыляцца, тым больш, трыццацігадовы сябра перадвыбарчага штабу, які сапраўды верыў. Яшчэ няма ні белых плямаў у газэтах, ні нават адстаўкі Ганчара… Ілюзіі былі, і я ніколі не адмаўляюся ад таго, што рабіў у жыцьці. Гэта было, гэта старонка майго жыцьця”.

(Аксак: ) “Наша гутарка адбываецца перад тым, як газэта “Наша Ніва” распачынае вечарыны з нагоды свайго стагодзьдзя. І распачынае яна менавіта прэзэнтацыяй вашай кнігі. Скажыце, вас крыху не бянтэжыць такі высокі гонар?”

(Фядута: ) “Сто гадоў таму ў Беларусі зьявіліся тыя тэксты, тыя аўтары, якіх потым Міхась Скобла ў сваёй анталёгіі “Краса і сіла” назваў паэтамі дваццатага стагодзьдзя. Зараз пачынаецца новае стагодзьдзе “Нашай Нівы”, новае стагодзьдзе беларускай паэзіі. Я разумею, што для мяне гэта аванс, але мяне гэта не бянтэжыць. Я чытач, я выказаў сваё меркаваньне пра тых паэтаў, якіх ведаюць і любяць, альбо ня ведаюць, але ўжо любяць чытачы “Нашай Нівы”. Дзякуй за тое, што ў мяне ёсьць магчымасьць зьвярнуцца да чытачоў са старонак “Нашай Нівы”!”

АЎТАР І ТВОР

СЯРЖУК СОКАЛАЎ-ВОЮШ: “МАЎКЛІВЫЯ САМІ ЗЬНІШЧАЮЦЬ СЯБЕ”

Калі паспрабаваць напоўніць зьместам выраз “папулярны беларускі паэт”, мне адразу згадваецца імя Сержука Сокалава-Воюша. Памятаю, як на пачатку 90-х гадоў наэлектрызаваныя ягонымі бардаўскімі выступамі слухачы літаральна разьмялі ў кнігарнях зборнік свайго куміра “Кроў на сумётах” — 4000 наклад разышоўся літаральна за два дні. З таго часу ў Сьвіслачы сплыло многа вады, паэт ужо гадоў пятнаццаць жыве ў ЗША, на радзіме бывае рэдка. Але калі ўжо прыяжджае, то і песьні свае, і вершы шчодра дорыць менскай публіцы. І гэтым разам пасьля колькіх вечарынаў паэт не адмовіўся ад гутаркі зь Міхасём Скоблам у нашым “Доме літаратара”.

(Міхась Скобла: ) “Сяржук, для шматлікіх тваіх прыхільнікаў застаецца адкрытым пытаньне: чым Сокалаў-Воюш займаецца ў той Амэрыцы? Ты там недзе працуеш? Засвоіў нейкую прафэсію?”

(Сяржук Сокалаў-Воюш: ) “Не засвоіў я ніякай прафэсіі. Займаюся рамонтам хаты, які расьцягнуўся надоўга. Таму што апрача рамонту я займаюся напісаньнем другой часткі свайго раману “Крывавы памол”, іншымі літаратурнымі справамі, а таксама ўдзельнічаю ў розных палітычных акцыях”.

(Скобла: ) “Ты рэдка наведваесься ў Беларусь. Давай ня будзем гаварыць пра адмоўнае ў беларускім жыцьці. Што цябе станоўча ўразіла?”

(Сокалаў-Воюш: ) “Напэўна, прыемна ня ўразіла нічога. Спачатку, калі я толькі прыехаў, была трошкі эйфарыя: дома ўсё заўсёды цудоўна, прыгожа! Але калі ўваходзіш у рытм беларускага жыцьця, пачынаеш разумець, што за ўсім гэтым цудоўным і прыгожым хаваецца той бруд, пра які мы сёньня ня будзем гаварыць”.

(Скобла: ) “Ты пішаш прозу і паэзію, песьні, якія сам і выконваеш. Засвоіў ты і гэткі жанр, як “адкрытыя лісты”. Яшчэ раней ты пісаў гэткі ліст Аляксандру Салжаніцыну, пазьней — Аляксндру Лукашэнку. Аляксандра Ісаевіча ты крытыкаваў, а Аляксандра Рыгоравіча — хваліў: “Наш любы прэзыдэнт! Ды што там / лухту казаць? Ты — бацька нам / і ўсім славянам і аўкштотам, / і прусакам, і цыганам… / Мы ўсе жагнаемся і плачам, / як на Вялікдзень па БТ / цябе ў царкве с сьвечкай бачым, / і воск сьцякае па табе”... Лісты гэтыя і цяпер можна прачытаць у інтэрнэце. Ці атрымаў ты адказы на свае пасланьні?”

(Сокалаў-Воюш: ) “Працытаваны табой тэкст мне не належыць. Ён мне памылкова прыпісваецца. Я здагадваюся, чый гэта верш. Але я ня ведаю, чаму ён вісіць у інтэрнэце пад маім прозьвішчам. Я пісаў іншыя адкрытыя лісты, пісаў закрытыя лісты, якія маглі б стацца адкрытымі, такія часам былі падзагалоўкі ў тых лістоў. Ці атрымаў я адказы? Ну, Салжаніцын, напрыклад, адказаў тым, што вярнуўся ў Расею і пачаў нешта рабіць для сваёй краіны. А пісьмовага адказу я ж не патрабую”.

(Скобла: ) “У Беларусі неўзабаве павінен выйсьці твой новы альбом “Песьні лісоўчыкаў”. Што ён зь сябе ўяўляе?”

(Сокалаў-Воюш: ) “Сэрыя песьняў пра лісоўчыкаў яшчэ ня скончаная, але яна ўжо дастаткова вялікая, і яе можна паказваць слухачам. І калі я пасьпяваў тут, у Менску, узьнікла задумка зрабіць альбом. У ім будзе ўсяго шэсьць твораў з цыклю “Песьні лісоўчыкаў”, але й будуць новыя песьні, якія я раней не запісваў – усяго трынаццаць. Дзьве зь іх — з папярэдняга альбому, бо мяне папрасілі якасна запісаць песьні “Фронт” і “Нефармальны беларус”.

(Скобла: ) “Калі пахадзіць па нашых кнігарнях, пачытаць дзяржаўныя газэты, паглядзець дзяржаўнае тэлебачаньне, паслухаць дзяржаўнае радыё, то ствараецца ўражаньне, што беларускія літаратары сышлі ў падпольле, як у часы Мацея Бурачка. А табе так не здаецца?”

(Сокалаў-Воюш: ) “Не. Наша літаратура не сышла ў падпольле, яна проста стала менш заўважнай. Але я ня думаю, што ў нас сёньня ёсьць пісьменьнікі, якія ня маюць магчымасьці выдавацца. Усё ж такі часы вельмі моцна зьмяніліся. Пісьменьнікі могуць ня мець матэрыяльнай магчымасьці выдацца, але фактычна любую кніжку выдаць можна. У які спосаб, на якой паперы, у якой друкарні, хто будзе кнігу распаўсюджваць — гэта іншая справа. Але мы жывем не ў часы гітлерызму, і любы пісьменьнік можа выдацца альбо ў Беларусі, альбо за мяжой”.

(Скобла: ) “Не згінай мяне — я не сагнуся / пад вятрамі нянавісьці й зла, / нездарма я вярбой беларускай / з наднямонскай зямліцы ўзрасла”, — гэта радкі Ларысы Геніюш. А што асабіста табе служыць апірышчам у гэтым сьвеце?”

(Сокалаў-Воюш: ) “Тое самае, што служыла й Ларысе Геніюш — нацыянальны стрыжань у душы. І я думаю, што ён служыць апірышчам ня толькі мне. Ведаю, што ў таго ж Уладзімера Арлова нацыянальны стрыжань усярэдзіне моцны. Магчыма, ён у нечым і прыстасоўваўся б, але стрыжань ня дасьць. І ад галоўнага ён ніколі не адыдзе. Так, як і шмат хто зь пісьменьнікаў. Так, як ты сам, Міхась, са сваімі кнігамі пра Дзярэчын, пра князёў Сапегаў. Трэба не адхіляцца ад сваёй галоўнай мэты, ад галоўнай ідэі — заставацца нацыянальным. А тыя, хто ня мае гэтага стрыжня і піша то па-беларуску, то па-расейску, яны сёньня стараюцца прыстасоўвацца, і, я чуў, прыстасоўваюцца даволі пасьпяхова”.

СЯРЖУК СОКАЛАЎ-ВОЮШ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * * ...І тады я падараваў Ёй кудмень* — Пагоню... Зьберажы Яе, мая Пагоня, Для мяне і Краю зьберажы, Калі меч пагрозьліва зазвоніць На лязе усходняе мяжы. Калі сінь маіх вачэй спатоліць Жудасную прагу гругана, Не вядзі Яе у тое поле, А скажы, што вольная Яна. Ноч. Слата. Бязбожным звонам звоніць Княства здрады, цемрадзі, ілжы... Зьберажы Яе, мая Пагоня, Для жыцьця і Краю зьберажы. *Кудмень — рэч, надзеленая таемнай сілай.

* * * Адная ноч спаміж начэй Ня стала той адной, Пасьля якой было б лягчэй І лепш табе са мной. Спраўляла баль Багіня Зла, Прадказваў Лёс трывог... А ноч усё ж такі была, І мы былі удвох. О, чысты грэх у цішыні, Хмялейшай ад віна... Сакрэт ягонай чысьціні Ты ведаеш адна.

ПАЎЛІНКА

Аблокі чорных туманоў Дамоў дарогу засьцілалі. Зьвінела тысячай званоў Імжа ля аўтамагістралі. Набат пра ростань галасіў, Адчайна біўся... Шкло зьвінела... Якога Бога ён прасіў? Куды шпурляў свой кліч збалелы? Адкуль пачуў маю тугу Халодным сэрцам прыдарожным? А мо такое чуе кожны? Назад!.. Наперад — не магу: Аблытаў сэрца енк трывожны... Я не ўцякаю, хоць бягу...

* * * Гэта ўсё паэзія: воля, доля — тропы, Агмяні з паходнямі — звыклы керагаз, Сьпіць на сэрца хворая матухна-Эўропа, Сьпіць і сэрца хворае з болем на калгас. Гэта ўсё пародыя: прэзыдэнт, парлямэнт. Хоць крычы да посіні: «Гэй, каня! Каня!». Стайні ёсьць і конюхі, толькі што твой лямант? Як над імі — немымі — бацька старшыня! Гэта ўсё традыцыі: прачынацца позна, Як праспалі фюрэра, што ўжо — старшыню... Потым — дні пагрозныя, потым — ночы сьлёзныя, Сёньня: сон і ворагу меч у даланю...

* * * Маўклівых зьнішчаюць свае і чужыя, Маўклівыя самі зьнішчаюць сябе, І рыфмы ўстаўляю ў радкі як нажы я З надзеяй, што трэба яны маладзьбе. Яны, маладзьба, яшчэ вырасьце ў моладзь, І голас расправіць над сьветам крыло. Гэй, кат і тыран, хоць пятлю, хоць ярмо ладзь, Усё, што ні зладзіш — дзярмо і трухло. Паточацца ў норы зласьліўцы і хціўцы, Здабудзецца воля юнацкай крывёй, І борзьдзенька прыйдуць па волю маўкліўцы, Каб моўчкі і прагна нацешыцца ёй! Ды воля ня можа няволяю стацца, Хаця й абдымае мацней ад пятлі, І трэба ці крыкнуць, каб разам застацца, Ці моўчкі пакінуць абшары зямлі. — Жыве Беларусь! ці — ...Long live... ці — Niech zyje! Абы не маўчаньне ў зацятай губе — Маўклівых зьнішчаюць свае і чужыя, Маўклівыя самі зьнішчаюць сябе.

* * * З турмы на волю? — гэта не пра нас, За сьценамі турмы таксама зона — Ахова прэзыдэнта і спэцназ, Унутраныя войскі і амоны.

Міліцыя, прадажныя суды, Гэбэшнікі і мафія, і рэкет, А ў позірках такія халады, Такой тугі-нуды разьлівы-рэкі.

З турмы на волю? Вольны толькі ён — Хранічна хворы. Прыкры збой спарону. І цэлы край на мушцы, як балён, І цёмны люд, як у замку патроны.

Адно: народ, пакуль яшчэ, жывы, Не крымінальны, як рэжым, — крамольны. — З турмы на волю! — мне сказалі Вы. — Каб вольным быць ці толькі чуцца вольным?

Шукае верш лягічнага «Гура!» Без варажбы і словаў-пустазвонаў, Але крывёю капае зь пяра: За сьценамі турмы таксама зона.

ДАЗВОЛ НА ЗЬМЯШЧЭНЬНЕ ВЕРШАЎ

Як плынь рачулак, як спакой ставоў, У сталасьці радкі сябе сталююць, А парушэньні аўтарскіх правоў Няхай зуброў паэзіі хвалююць. Мой верш — нічый. Махнуў крылом пяра — Расстаньне рэхам рыфмаў разьлілося. І аніякі ў сьвеце капірайт Яму не забароніць шматгалосься.

НОТНЫ СШЫТАК

ГАЛІНА ГАРЭЛАВА: “НА КАНЦЭРТАХ БЕЛАРУСКАЙ МУЗЫКІ ЗАЎЖДЫ АНШЛЯГІ!”

Выданьне новага альбому з запісамі беларускай акадэмічнай музыкі ў нашыя дні — зьява ўжо сама па сабе надзвычай рэдкая. Альбом гітарнай музыкі кампазытара Галіны Гарэлавай абяцае зрабіцца падзеяй: нічога падобнага ў гісторыі айчыннай музыкі да гэтай пары не было. Наш карэспандэнт Дзьмітры Падбярэзкі высьвятляў падрабязнасьці будучага выданьня.

(Падбярэзкі: ) “Цікава ўжо тое, што ініцыятарам выданьня альбому гітарнай музыкі Галіны Гарэлавай, ляўрэата Дзяржаўнай прэміі, прафэсара Акадэміі музыкі выступіла не Міністэрства культуры, а прыватнае выдавецтва “Ковчег”, дырэктар якога Ўладзімер Кузьмін, дарэчы, заплянаваў выданьне цэлай сэрыі беларускай акадэмічнай музыкі. Што да Галіны Гарэлавай, дык яе творы для гітары ня толькі годна запоўнілі пустку ў беларускай нотнай літаратуры для гэтага інструмэнту, але й часта гучаць і нават выдаюцца ў нотах за мяжой. У гутарцы з кампазытарам высьветлілася, што калі б не ініцыятыва некаторых нашых гітарыстаў, большасьць твораў, магчыма, і ня ўбачыла б сьвет. А пачалося ўсё, як тое часта ў творчасьці бывае, амаль выпадкова…”

(Гарэлава: ) “Свой першы твор “Мірскі замак” я напісала ў 1986 годзе. І тады ініцыятарам выступіў гітарыст Яўген Грыдзюшка, ён жа быў і першым выканаўцам твора. Але сапраўднае канцэртнае жыцьцё гэты твор набыў, калі праз дзесяць гадоў другую ягоную рэдакцыю зрабіў Валеры Жывалеўскі і надаў яму тую канцэртна-віртуёзную форму, у якой амаль усе перайгралі гэты твор і потым надрукавалі ў французкім часопісе “Le Coier de Giuttare” з малюнкамі Напалеона Орды.

А потым Жывалеўскі прапанаваў напісаць канцэрт для гітары і заахвоціў мяне тым, што, маўляў, гэта будзе першы ў Беларусі канцэрт для гітары. Ён такі правакатар, я вельмі ўдзячная яму. Ён здольны націснуць на такія струны, так часам справакуе мяне, што я ўжо не магу адмовіцца! І ўжо як падзяку Валерыю Серафімавічу, я напісала твор, які быў натхнёны наведваньнем Нясьвіжу. Я ўпершыню апынулася ў тым месцы і раптам зразумела, што я павінна тут жыць, дыхаць гэтым паветрам.

І калі ў цудоўным нясьвіскім парку я напаткала такі пастамэнцік з сабакам, мне захацелася стаяць на тым пастамэнціку замест сабакі. Усё ўразіла! І я напісала сюіту “Ўспамін пра Нясьвіж”. І каб надаць твору больш барочнае адценьне, я выбрала такі склад: гітара і клявэсін. Другая частка твору, для гітары сола, — самая дарагая для мяне частка. Называецца яна “Мэлянхолія, якая блукае па сьцежках старадаўняга парку”.

(Падбярэзкі: ) “Мы даволі доўга гутарылі на тэму сюіты “Ўспамін пра Нясьвіж”, аж пакуль сама Галіна Гарэлава раптам зь нейкай нават крыўдаю не сказала: “Вы чамусьці не пытаецеся, што наогул для мяне значыць выданьне гэтага дыску”. І сама адразу ж пачала тлумачыць”.

(Гарэлава: ) “55 гадоў — і першы дыск на радзіме! У 2000 годзе ў Варшаве выдалі прыгожа аздоблены дыск з маёй музыкай. Пазьней яго прывезьлі мне з фэстывалю “Варшаўская восень”, і часопіс “Музыка ХХІ”, у якім была рэкляма гэтага дыску. У канцы мінулага году ўпершыню ў Швэйцарыі быў выдадзены дыск сучаснай беларускай клясычнай музыкі. Ініцыятыва выданьня паходзіла ад Хана Йонкерса, швэйцарскага гітарыста, які выконвае мой “Тацьцянін дзень”, а для таго дыску запісаў маю п’есу “Шпак над домам званара”. Яны выдалі цудоўны дыск, туды ўвайшлі творы Гарэлавай, Бельцюкова, Карэтнікава, Грыцкевіча, Лыбіна. Для мяне гэта была падзея неверагодная! І вось нарэшце я дачакалася, што на радзіме выдаецца мой першы дыск гітарнай музыкі”.

(Падбярэзкі: ) “Вы пішаце для гітары. А самі на гітары граеце?”

(Гарэлава: ) “Не. Усё, што гучыць, я спрабую выявіць у гуках. Але не заўсёды атрымліваецца”.

(Падбярэзкі: ) “Спадарыня Галіна! Я думаю, што вы задаволеныя тым, як часта вашыя творы гучаць на радзіме. А што ўвогуле сёньня трэба зрабіць беларускаму кампазытару, каб ягоныя творы гучалі на канцэртных пляцоўках Беларусі?”

(Гарэлава: ) “Камэрны аркестр пад кіраўніцтвам Пятра Вандзілоўскага ўвесь час выконвае беларускую музыку. “Клясык-авангард” пад кіраўніцтвам Уладзімера Байдава ўвесь час выконвае беларускую музыку. Цяжэй, вядома ж, з сымфанічным аркестрам. Я сапраўды не пакрыўджаная, мяне якраз выконваюць. Але мае калегі, якія маладзейшыя за мяне, шмат гадоў мусяць чакаць на сымфанічныя прэм’еры. Дзьмітры Лыбін тры гады запар рабіў бясплатныя канцэрты беларускай камэрнай музыкі. Аншлягі былі, і так цудоўна прымалі беларускую музыку!”

(Падбярэзкі: ) “Ці плянуеце вы ў сувязі з выданьнем гэтага дыску наладзіць у канцэртнай форме паказ таго, што зьмяшчяае гэты альбом?”

(Гарэлава: ) “Амаль усё тое, што ёсьць на дыску, гучала на канцэрце ў сакавіку. А што да прэзэнтацыі… Ведаеце, мне неяк нязвыкла хадзіць і прасіць. Можа, спадар Уладзімер Кузьмін і зробіць нешта…”
XS
SM
MD
LG