Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зьмены ў законе “Аб выбарах” і законапраект аб барацьбе з экстрэмізмам – лягічны фінал "элегантнай перамогі" таварыша Л.”


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за пятніцу 13 кастрычніка. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 266-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Марыя Бартось, в.Квасоўка, Гарадзенскі р-н: ) “На выбары не пайду, так, як ня ходзяць людзі. Няма за што ісьці. Завалілі людзьмі турмы. Пра каго гаварыць? Не хачу. Беларускае тэлебачаньне не глядзім, толькі слухаем Радыё Свабоду. Мароз на сьпіне ідзе, калі пачуеш словы кіраўніка краіны: “Зрабіць больш жорсткім!” Людзі ўсе даўно зразумелі, хто ёсьць хто. Колькі можна маўчаць?! Надакучыла. Якія могуць быць выбары, калі ўжо нам так зрабілі, што мы думаем кожны дзень: “А можа, вечарам прыедуць і забяруць? І адвязуць у пастарунак? І засадзяць у турму на гадоў пяць з паловай за тое, што думаеш па-іншаму, за тое, што жыць хочаш па-іншаму?” Надакучыла ўжо. Так надакучыла, што проста няма сілаў. Хочацца жыць па-іншаму, як людзі жывуць у іншых краінах”.

(Зьміцер Палайка, Баранавічы: ) “Беларусы, дапамажыце тым людзям, якія там галадаюць. Я хацеў бы ў кожную газэту кінуць нейкі клік, у кожную радыёстанцыю, не магу”.

(Міхась Сівы, Меншчына: ) “Паважаная “Свабода”, глыбока перакананы ў тым, што ва ўмовах па-савецку дзяржаўнай манаполіі на сродкі масавай інфармацыі, шалёных ганеньняў на яшчэ ўцалелыя незалежныя друкаваныя выданьні, сёньня неабходна слухаць Радыё Свабода, супрацоўнічаць зь ім. А таксама выпісваць і чытаць шматпакутную газэту “Народная воля.” І вельмі прыемна, што на хвалях “Свабоды” амаль штодзённа гучаць агляды сьвежых нумароў “Народнай волі,” часта выступаюць супрацоўнікі яе рэдакцыі. Зусім відавочна, што лютая цэнзура, вялізныя скарачэньні накладаў “Народнай волі,” цяжкасьці з выплатай аўтарскіх ганарараў, значна звузілі магчымасьці шараговага чытача падзяліцца сваімі думкамі на старонках газэты. Таму знаходжу вельмі слушным і своечасовым той прыемны факт, што пасьля сакавіцкіх падзеяў на Плошчы Каліноўскага Радыё Свабода перайшло да кругласутачных кантактаў з радыёслухачамі, у тым ліку і праз СМС. Шчыра ўдзячны за такі шчодры падарунак ад Радыё Свабода за яго сталае сяброўства з “Народнай воляй”.

(Спадарыня: ) “Зьмены ў законе “Аб выбарах” і гэты законапраект аб барацьбе з экстрэмізмам – лягічны фінал апэрэты пад назвай “Элегантная перамога таварыша Л.” музычнае суправаджэньне якой забясьпечваецца звонам кайданоў на руках апазыцыянэраў”.

(Анастас Семяновіч: ) “Экс-кандыдат н пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казулін 20 кастрычніка зьбіраецца распачаць бестэрміновую галадоўку. Ён лічыць, як Эўропа і Амэрыка, нелегітымным знаходжаньне Лукашэнкі на галоўнай пасадзе рэспублікі. Галадоўка – адзіная форма пратэсту. Калі грамадзтва не атрымлівае аб’ектыўную інфармацыю, галадоўка – малапрадуктыўны крок. Людзі проста маўчаць. Таму я буду зьвяртацца да Аляксандра Ўладзіслававіча зь просьбай пра адмену прынятага рашэньня аб галадоўцы. Вы гэтым самым загубіце сваё здароўе. Для свабоднай і дэмакратычнай Беларусі Вы павінны быць здаровымі... Галоўны кіраўнік хутка сыйдзе. Жыве Беларусь!”

(Андрэй, Пінск: ) “Хачу выказаць сваё абурэньне тым, што пачуў у Вашай перадачы. Гэта датычыць інфармацыі наконт таго, што высокія міліцэйскія чыноўнікі распачалі паляваньне на шараговага працаўніка, а самі далёкія ад таго, што турбуе і хвалюе народ. Яны атрымліваюць шматмільённыя заробкі кожны месяц, і вось яны вырашылі пайсьці ў наступ на тых, хто хоча неяк лепш, больш годна жыць. Заміж таго, каб займацца сваімі абавязкамі, весьці барацьбу са злачынствамі. Лепей бы ім было, каб яны са разам са сваімі расейскімі калегамі стварылі ўмовы і баранілі гэтага працаўніка, які выяжджае, напрыклад, у Расею за заробкам, бо там ён абсалютна безабаронны. І многія нашыя працаўнікі ці вярнуліся калекамі, ці абрабаванымі. Мне здаецца, што гэтую сытуацыю наш прэзыдэнт павінен прыняць да ўвагі і гэтых самых разумнікаў павыганяць і адабраць тыя ўсе ільготы, які зьбіраюцца адабраць у працаўніка шараговага, каб яны больш не маглі весьці барацьбу з простым чалавекам. Вось дзе сапраўды ворагі народа. І такімі сваімі ўчынкамі яны дэскрэдытуюць і самога прэзыдэнта, і нашую міліцыю, у якой ёсьць нямала добрых і сумленных працаўнікоў”.

(Спадарыня, Магілёў) “Пакуль супраціў ня будзе адпавядаць ціску, Лукашэнка будзе рабіць усё, што яму прыйдзе ў галаву. А то бок супраціў мізэрны, дыктатар проста плюе на галадоўкі грамадзян Беларусі. Вынікі маючых адбыцца выбараў у яго ўжо амаль гатовыя. Пакуль апазыцыйныя рухі і партыі аспрэчваюць ініцыятыву Мілінкевіча, Луашэнка зь Ярмошынай фабрыкуюць свае брудныя справы, каб захаваць на мясцовых служкаў ва ўладзе. На спрэчкі ўжо няма часу. Стратэгія ўжо павінна быць умоўнай гатоўнасьці і пушчана ў працу. Аляксандр Мілінкевіч даказаў сваімі справамі, ацэнкай сусьветнай грамадзкасьці, што ён як лідэр можа многае, і народ Беларусі за ім пойдзе".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG