Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Макоўская: “Xачу верыць, што Беларусь выведзе ў эўрапэйскую супольнасьць жанчына”


Валянціна Аксак, Менск У апошні час некаторыя гісторыкі, палітолягі, этнакультуролягі адзначаюць асаблівую ролю жанчыны ў станаўленьні беларускае дзяржавы і фармаваньні нацыі. Нагадваючы пры гэтым, што беларуская летапісная гісторыя і пачалася з полацкае князёўны Рагнеды і асьветніцы Эўфрасіньні Полацкае. Сёньня актыўнасьць жанчын у грамадзка-палітычным жыцьці краіны заўважна ўзрастае. Адна з самых яркіх асобаў у гэтым шэрагу – старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская. Напярэдадні праваслаўнага сьвята Пакрова Божай Маці зь ёю гаварыла нашая карэспандэнтка.

(Аксак: ) “Спадарыня Алена, у 2001 годзе Трэці зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” абраў вас старшынёй сваёй арганізацыі. Скажыце, калі ласка, а як вы прыйшлі ў беларускую справу?”

(Макоўская: ) “Грамадзкімі справамі пачала цікавіцца ў студэнцтве, калі вучылася ў Інстытуце замежных моваў (цяпер ён называецца Лінгвістычным унівэрсітэтам). Якраз на апошнія мае курсы прыпала адраджэнцкая эпоха і я стала цікавіцца ўсім беларускім, адчула першы покліч да гэтага. А ў “Бацькаўшчыну” я прыйшла ў 1992 годзе, і прыйшла, не паверыце, проста па абвестцы ў газэце”.

(Аксак: ) “А што ў той абвестцы абвяшчалася?”

(Макоўская: ) “А ў ёй абвяшчалася, што Згуртаваньне “Бацькаўшчына” шукае сакратара-рэфэрэнта зь веданьнем ангельскае мовы. І на гэтую абвестку маю ўвагу зьвярнула мая сьвякроў і сказала, каб я паспрабавала свае сілы. Я паспрабавала, мяне ўзялі на працу і ад таго я фактычна ўвесь час з “Бацькаўшчынай”.

(Аксак: ) “Сапраўды, вас можна бачыць у ліку арганізатараў практычна ўсіх імпрэзаў, якія ладзяцца беларусамі і тут, і за мяжой. Але вас яшчэ можна бачыць на нейкіх канцэртах, на прэзэнтацыях кнігаў. Скажыце, калі ласка, якую музыку вы любіце, якую слухаеце ў вольны час? Ці можаце сказаць, што ў вас ёсьць нейкі ўлюбёны беларускі гурт, беларуская песьня?”

(Макоўская: ) “Часу на наведваньне тэатраў, канцэртных заляў ня шмат, я б сказала, яго вельмі мала. Але ёсьць ўлюбёны гурт– гэта “Стары Ольса”. Першае абсалютнае месца за ім у маіх музычных прыхільнасьцях. Вельмі падабаецца “N.R.M.”, цяпер з захапленьнем слухаю дыск “Песьні Свабоды”. Увогуле вельмі люблю рок, ня толькі беларускі, але й амэрыканскі, ангельскі”.

(Аксак: ) “А творы якіх беларускіх аўтараў апошнім часам чыталі?”

(Макоўская: ) “Апошняе, што чытала, гэта “Запіскі камандзіра Чырвонай Арміі” Пясэцкага. А ўвогуле, калі напраўду, то вельмі люблю творы пісьменьнікаў-фантастаў, а менавіта, навуковую фантастыку”.

(Аксак: ) “Вы – маладая, абаяльная, адукаваная прадстаўніца таго новага пакаленьня беларускіх жанчын, якіх усё часьцей можна бачыць у грамадзка-палітычным жыцьці краіны. Скажыце, калі ласка, у вас ёсьць ідэал беларускай жанчыны?”

(Макоўская: ) “Ведаеце, гэта вельмі глыбокае пытаньне. І напэўна, такога ідэалу ў мяне няма, але я хачу сказаць, што я проста веру ў чалавека”.

(Аксак: ) “І тым ня менш, сярод гісторыкаў, публіцыстаў, культуролягаў цяпер можна пачуць такое меркаваньне, што Беларусь – гэта краіна, у якой вельмі істотную, заўважную ролю ва ўсе часы, пачынаючы з Рагнеды і Эўфрасіньні, адыгрывалі жанчыны. Фактычна летапісная беларуская гісторыя пачалася з крывавага вясельля Рагнеды ў Полацку ў 862 годзе. Скажыце, калі ласка, ці верыце вы ў сьцьверджаньне, што Беларусь выведзе ў сямью эўрапейкае супольнасьці жанчына?”

(Макоўская: ) “Пытаньне складае, таму што я напраўду не падзяляю ролі мужчыны і жанчыны. Але… Бадай што так… Я хачу ў гэта верыць…”
XS
SM
MD
LG