Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад шлюбам — на камісію


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускай прэсы ад 13 кастрычніка розных гадоў

“Звязда” ў 1946 годзе піша аб рабоце радыёкамітэту БССР: “Асабліва вялікія памылкі ў сваёй рабоце дапусціў аддзел музычнага вяшчання. Рэпертуар музычнага вяшчання засмечан безыдэйнымі, пошлымі песенькамі, якія робяць дрэнны ўплыў на густы радыёслухачоў і асабліва на моладзь… Па заяўках школьнікаў часта выконвалася пустая амерыканская салдацкая песня “Кабачок”. Яна выконвалася і па заяўках вучаніц 4-га класа 23-й школы горада Мінска”.

У 1966 годзе “Знамя юности” вядзе дыскусію аб савецкай сям’і. Нехта В.Ульянаў, бязьдзетны, жанаты сем гадоў, пераконвае: “Рыхтаваць маладых людзей да ўступленьня ў брак трэба. Для гэтага неабходна, каб грамадзкасьць, калектыў і камсамольскія арганізацыі па месцу працы маладых людзей праводзілі зь імі гутаркі, тлумачылі ім сутнасьць савецкай сям’і і яе адрозьненьне ад сямей капіталістычных. Вельмі карысна запрашаць на такія гутаркі людзей, што пражылі сумесна да “залатога вясельля”.

“Советская Белоруссия”, год 1986. Віктар Купрэйчык адзначае: “Цяпер зьявілася цэлае пакаленьне маладых шахматыстаў, якіх цікавіць найперш тое, што яны атрымаюць ад шахматаў, а ня тое, што яны ім дадуць. Згадваю свае студэнцкія гады: уваходзіў у пяцёрку мацнейшых маладых майстроў краіны, быў двухразовым чэмпіёнам сьвету сярод студэнтаў у каманьдзе, а атрымліваў, як спартовец, — рублёвае харчаваньне, прычым лічыў гэта цалкам нармальным і пра большае нават думак не было”.
XS
SM
MD
LG