Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi ў Горадні: “Гарбарня псуе паветра з раніцы да вечара”


Міхал Карневіч, Горадня Амаль ў цэнтры Горадні яшчэ з даваенных часоў пабудаваны гарбарны завод. Смурод, які часам разносіцца з прадпрыемства па ваколіцы, псуе паветра. Наш карэспандэнт пытаўся ў жыхароў вуліцы Гарбарскай пра якасьць паветра, якім яны дыхаюць кожны дзень.

(Спадарыня: ) “Мы ўжо неаднойчы пісалі лісты, хадзілі да начальства, каб прыбралі гарбарню, але пакуль нічога невядома. Часам бывае, што нельга дыхаць, а мы тут жывем. І ніхто нічога не вырашае. Ніхто нас ня слухае. Каму мы патрэбныя? Нікому. Простых людзей ніхто не паважае”.

(Спадар: ) “Тым, хто жыве побач, думаю, ад такога водару ня вельмі прыемна”.

(Дзяўчына: ) “Апошнім часам выкіды з гарбарні бываюць ня кожны дзень, але пад канец тыдня вельмі адчувальна. Здараецца, што настолькі сьмярдзючыя пахі і калі патрапяць у кватэру, то дыхаць немагчыма. Мы зьбіралі подпісы сярод суседзяў з тым, каб завод прыбралі. Нас выклікала кіраўніцтва і абяцалі новыя кватэры. Праўда, потым, як даведаліся колькім людзям яшчэ давядзецца даваць кватэры, замаўчалі й нічога зараз наагул ня кажуць”.

(Спадарыня: ) “Я тут жыву 39 гадоў. Атрымала гэтую кватэру ад гарбарні, разам з мужам тут працавалі. Раней паветра наагул было дрэннае, а зараз трохі зьмянілася. Але ўсё роўна кожны дзень тут нешта гудзіць, мацюкі з тэрыторыі завода даносяцца. Надакучыла гэта ўсё...”

(Спадар: ) “Калі ўвечары вяртаесься дадому, вельмі адчувальны пах: нечым такім серным нясе з гэтай гарбарні. Нельга нават на вуліцы стаяць. Але раней хіба было яшчэ больш, бо мінулым летам наагул на вуліцу нельга было выйсьці. Побач кавярня “Рута”, дык людзі на вуліцу адтуль ня выходзілі”.

(Хлопец: ) “Ды ёсьць, пахне, асабліва пры канцы працоўнага дня, пасьля 16-ці гадзінаў”.

(Спадарыня: ) “Перашкаджае нам гарбарня, псуе паветра і з раніцы, і ўвечары. Вельмі шмат людзі на гэта скардзяцца”.

(Спадар: ) “Ведаеце, я тут часта бываю: тут атручаная атмасфэра. Крыўдна, бо ў гэтым раёне я вырас, усё мне тут роднае й блізкае”.
XS
SM
MD
LG