Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь бяз Нобэля: нашы таленты невядомыя сьвету


Радыё Свабода Камітэт па Нобэлеўскіх прэміях Швэдзкай акадэміі ўчора абвясьціў імя ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры. Ім стаў турэцкі пісьменьнік Архан Памук, аўтар раманаў "Чорная кніга", "Мяне клічуць Чырвоны", "Белая цьвердзь" і іншых твораў. У сьпісе кандыдатаў на атрыманьне прэстыжнай міжнароднай узнагароды фігуравалі таксама Сьвятлана Алексіевіч і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Як беларуская грамадзкасьць паставілася да прысуджэньня літаратурнай прэміі?

Намінант на Нобэлеўскую прэмію міру праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што адзін са складнікаў вызначэньня ляўрэатаў – палітычны.

(Бяляцкі: ) “Безумоўна, у вызначэньні Нобэлеўскіх прэміяў улічваецца, апроч таленту, апроч грамадзянскай пазыцыі, сучаснасьць той праблемы, значнасьць праблемы, прынамсі, для эўрапейскай супольнасьці. Тое, што ў сваіх творах уздымаў турэцкі пісьменьнік, на сёньняшні дзень зьяўляецца такой актуальнай праблемай эўрапейскай палітыкі, гэта ўзаемаадносіны паміж туркамі і армянамі. Гэта зьвязана і зь мяркуемым уступленьнем Турцыі ў Эўразьвяз”.

Паэт Генадзь Бураўкін шчыра перажываў за сябра Рыгора Барадуліна. І перакананы, што рана ці позна беларускі паэт будзе заслужана ўганараваны.

(Бураўкін: ) “Я думаю, нічога страшнага не адбылося. Ёсьць рэаліі, да таго ж за кандыдатуру Рыгора Барадуліна ня надта добра змагалася Радзіма (я маю на ўвазе ня толькі афіцыйныя ўлады). Я не заўважыў вялікага стараньня ў гэтай справе і нашых палітычных партыяў, і так званых дэмакратычных колаў. Тое, што нашы выдатныя таленты ня надта вядомыя ў сьвеце, гэта наша вялікая нацыянальная бяда. Дзяржава, якая ня надта спрыяе, каб ведалі нашу родную культуру шырока за межамі – а ў нас якраз такая, на жаль, сёньня дзяржава, нічога добрага атрымаць ня можа”.

Намінант на прэмію Рыгор Барадулін , як заўсёды, ня траціць пачуцьця гумару.

(Барадулін: ) “Я стаўлюся нармальна. Я ж не настолькі быў наіўным, што я яе атрымаю. Я згадзіўся ўдзельнічаць у гэтай так званай гульні, каб лішні раз напомніць пра Беларусь. Каб Беларусь ведалі ня толькі з анэкдатычнага боку, але і з нармальнага, літаратурнага. Можа, пакуль не шанцуе, а потым густа будзе. Дай Бог і нашаму цяляці воўка зьесьці”.

Рыгор Барадулін і Сьвятлана Алексіевіч застаюцца сярод кандыдатаў на атрыманьне прэміі ў будучым годзе. Дарэчы, Сьвятлана Алексіевіч у тым сьпісе з 2002 году. Усяго ж з 1901 году Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымалі 103 пісьменьнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG