Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пахі вітаюць у паветры беларускіх гарадоў?


Ігар Карней, Менск Забруджанае паветра становіцца прычынай хваробаў, ад якіх штогод у сьвеце памірае да двух мільёнаў чалавек. Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя заклікала ўрады палепшыць якасьць паветра ў гарадох. Паводле Цэнтру маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Беларусі, асноўнай крыніцай шкодных выкідаў у беларускіх гарадох зьяўляецца аўтатранспарт і забруджаньне ад дзейнасьці прамысловых прадпрыемстваў.

На тле іншых беларускіх гарадоў адносна чыстым зьяўляецца Менск. Для мэгаполісу з насельніцтвам у 1 мільён 700 тысяч ровень забруджанасьці досыць нізкі. Перадусім, гэта тлумачыцца адсутнасьцю прадпрыемстваў нафтахіміі і частай зьменай надвор’я. Апроч таго, Менск месьціцца на ўзвышшы, дзе дзьмуць моцныя ветры заходніх кірункаў.

Згодна зь міжнароднымі нормамі, да ліку небясьпечных адносяцца прадпрыемствы, якія выкідваюць у паветра болей за 100 тонаў шкодных рэчываў на год. У Менску такіх прадпрыемстваў каля паўсотні. Самыя небясьпечныя ў Менску – ТЭЦ-4, МАЗ і МТЗ.

Многія менчукі памятаюць, як некалькі летніх тыдняў сёлета палова гораду адчувала “водар” арганікі, вывезенай на палеткі з птушкафабрыкі імя Крупскай.

Адмыслова паходжаньне гарадзкіх пахаў ніхто не адсочвае. За дзяржаўных чыноўнікаў гэта робяць незалежныя эколягі. Вось што кажа эколяг Валер Дранчук.

(Дранчук: ) “Некалькі тыповых аб’ектаў. Фаніпаль – канглямэрацыя розных заводаў. Там гэтая праблема вялізная. Альбо буйны сьвінагадоўчы комплекс у Стаўбцоўскім раёне. Мой хутар ад гэтага комплексу за 8км. Але калі вецер паварочваецца з поўначы, я вельмі выразна ўсё гэта адчуваю. Уяўляю, як гэта пераносяць людзі з бліжэйшых да яго вёсак. Гэта непасрэдна зьвязана з экалёгіяй, павінна фіксавацца, мусяць быць канкрэтныя стандарты. Пахі трэба нэўтралізоўваць. Павінна быць абсталяваньне, каб усё гэта не выходзіла за межы тэрыторыі, якая належыць прадпрыемству. Бо гэта тая ж самая забруджанасьць. Асабліва, калі гэта хімічныя, агрэсіўныя водары, то, безумоўна, гэта забруджанасьць навакольнага асяродзьдзя. І з гэтым трэба змагацца самым рашучым чынам. Прычым, заканадаўча змагацца”.

Як кажуць эколягі, адным з самых “сьмярдзючых” у Менску зьяўляецца раён вуліцы Ціміразева. Разьмешчаны побач завод “Атлант” выкідвае ў паветра шкодныя ксілол і талуол. Іх спэцыфічны пах ужо некалькі дзесяткаў гадоў адчуваюць жыхары навакольных кварталаў. Свой непаўторны водар мае прамысловая зона Заводзкага раёну, дзе месьцяцца маторны і падшыпнікавы заводы, заводы шэсьцярняў і ацяпляльнага абсталяваньня, Завод будматэрыялаў, аўта- і трактарнае прадпрыемствы.

Студэнты БДУ, інтэрнаты якіх месьцяцца ў раёне вуліцы Кастрычніцкай, жартуюць: адкрыўшы вокны, адразу хочацца закусіць – такі дрожжавы пах ідзе ад бровару “Крышталь”. А вось насельнікі вуліцы Казінца і бліжэйшых кварталаў у залежнасьці ад напрамку ветру могуць здагадвацца, на чым сёньня працуе мясцовы мясакамбінат – на сьвініна ці на ялавічыне.

Складаная сытуацыя ў раёнах прыватнай забудовы, вызначаных гарадзкімі ўладамі пад знос. Як кажуць мясцовыя жыхары, што ад іх нават не вывозяць сьмецьце. Гаворыць адна з жыхарак вуліцы Чарвякова.

(Спадарыня: ) “Тут ад гэтай звалкі хутка чума пойдзе. Я пяць гадоў зьвяртаюся да розных чыноўнікаў. Зьвярталіся ў санстанцыю, там адсылаюць да міліцыі. У міліцыі – нуль рэакцыі. Я зьдзіўляюся: калі пойдзе халера ці якаясьці чума, колькі сама дзяржава на гэтым страціць!”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG