Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Жбанкоў: “Веру ў ранішнюю ўсьмешку каханай”


Радыё Свабода Максім Жбанкоў – удзельнік перадачы “Ў што я веру”

Жыцьцё – гэта машына для разбурэньня ілюзіяў. Чым больш жывеш, тым карацей сьпіс тваіх герояў, тым менш веры чарговым вызваліцелям ды прарокам. Куміры сыходзяць, застаюцца суразмоўцы. Адбываецца неадваротная зьмена кропкі позірку: дзіця глядзіць зьнізу ўверх, сьвяты – зьверху уніз, а ты завісаеш недзе пасярэдзіне, каб зазірнуць у вочы Акудовіча, Морысана ды Джармуша. Гэта, напэўна і завецца сьветам для тых, каму за сорак.

Ніколі ня верыў ў Бога з чалавечым тварам – усё адно як яго клічуць: Хрыстос альбо Буда. Хутчэй спадзяюся на прысутнасьць боскага ў чалавеку. Веру, што кожны мае свайго д’ябла і свайго анёла. Таксама веру, што д’ябал перамагае часьцей – таму што гуляе насуперак правілам. З гэтай нагоды свайго анёла варта вучыць каратэ.

Веру ў сябе – ну, амаль заўсёды. Веру ў тое, што мая справа чагосьці вартая і мае тэксты – ня проста пыл на ветры. Веру ў сяброў, што часам мацней за мяне – і гэта дадае імпэту да прыватнай працы над памылкамі. Веру ў ранішнюю ўсьмешку каханай, што прачынаецца побач. І ў тое, што я здольны жыць толькі ў роднай краіне.

Веру ў прынцып Мюнгаўзэна: каб нешта атрымалася, трэба перад усім выцягнуць з багны самога сябе. Ня веру ў палітыку ды палітыкаў – яны мне нагадваюць прафэсійных, альбо непрафэсійных – ня ведаю што горш – гульцоў ў покер. Ня веру ў айцоў народаў ды лідэраў нацыі, таму што лепшая ўлада – тая, якой ня бачна. Маю надзею, што дачакаемся сумленнай улады – але ня веру.

Ня веру ў 83,6% адсоткаў на апошніх выбарах і ў праспэкт Пераможцаў. Ня веру, што нашае месца – недзе паміж Нікарагуа ды Буркіна-Фасо. Ня веру ў шчырыя твары вышэйшага кіраўніцтва і ўсьмешку спадара Пуціна. А вось хлопчыкам, што зьбеглі на Джынсавы фэст з прымусовых дыскатэк – веру. І моладзі сакавіцкага майдану – веру безумоўна.

Веру ў рок-н-рол і незалежнае кіно. Веру, што ў жыцьці няма нічога выпадковага. Веру, што заўсёды ёсьць яшчэ адзін шанец. Адначасова ведаю, што старыя раны – самыя балючыя. І калі каханьне памірае – нічога ўжо не зробіш.

Веру ў талент Хадановіча і Вайцюшкевіча. Веру ў тое, што свабоднае мысьленьне пазьбегне кратаў, і пакуты «Нашай нівы» ды ARCHE застануцца ў мінулым. Веру ў тое, што песьні Вольскага будуць сьпяваць на школьных занятках. Хацеў бы, каб Лявон стаўся міністрам культуры – але ня веру.

Ня веру, што гісторыя здольная кагосьці чамусьці навучыць. Але веру, што Беларусь вартая лепшага лёсу. Веру, што мы яго адбудуем самі. І яшчэ пасьпеем яго ўбачыць.

Максім Жбанкоў – кінааналітык, культуроляг, журналіст. Кандыдат філязофіі, дацэнт. Аўтар шматлікіх артыкулаў у праблемах сучаснай беларускай культуры. Калюміст сайту “Наше мнение”. На працягу апошніх дванаццаці гадоў – вядучы менскага “Кінаклюбу”.

***

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: ПС 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 2 66 39 52

Гл. таксама: Івонка Сурвіла: “Я веру ў веру” Мікалай Цімафееў: “Веру, усё ў нас будзе добра” Сьвятлана Длатоўская: "Я веру ў сям''ю..." Уладзімер Арлоў: “Веру ў моладзь, а значыць – веру ў Беларусь” Валянціна Трыгубовіч: "Веру ў неацэнную ролю жанчыны" Андрэй Дынько: “Я веру, што Лушнікаў пераменіцца” "У што я веру": гавораць слухачы “Свабоды” Валянцін Акудовіч: Вялікі Інкогніта Сьвятлана Марэцкая: «Веру ў сапраўднае каханьне» Адам Глобус: “Людзям я ня веру. Я веру сабе" “У што я веру”: гавораць слухачы “Свабоды” Зянон Пазьняк: “Веру ў сьветлую будучыню Беларусі” Эла Мацьвіенка: “Я веру ў сваіх дзяцей Яню, Мільку ды Стася” a.Андрэй Сідаровіч: “І сёньня дыхаю паветрам сакавіка” “У што я веру”: гавораць слухачы “Свабоды” Іна Кулей: "Я веру ў маю Беларусь" Ян Маўзэр: “Я веру ў каханьне й гаючую моц самоты” Міра Лукша: “ Каб жыць, трэба верыць” Андрэй Клімаў: “Веру, што сёлета ў краіне адбудуцца перамены” Леанід Дранько-Майсюк: “Веру ў агародны дух бульбы” Аляксандра Лобзава: “Маё крэда знайшло мяне”
XS
SM
MD
LG