Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянская прынцэса піша пра Віку Мароз у Страсбур і Гаагу<b/>


Радыё Свабода Старшыня Міжнароднага Камітэту па правах чалавека ў Мілане, прынцэса Жасьмін фон Хоэнштаўфэн накіравала зварот да прэзыдэнта Італьянскай Рэспублікі і міжнародных арганізацый. У сваёй заяве яна крытыкуе афіцыйны Менск за адсутнасьць інфармацыі пра цяперашняе канкрэтнае месцазнаходжаньне Вікі Мароз ды зьвестак пра стан здароўя дзяўчынкі.

Зьвяртаючыся да прэзыдэнта Італьянскай рэспублікі Джорджа Напалітана, а таксама ў міжнародны суд ў Гаазе і Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбуры, прынцэса і праваабаронца Жасьмін фон Хоэнштаўфэн патрабуе, каб беларускі бок ня толькі даваў інфармацыю пра Віку, але і прадставіў канкрэтныя доказы здароўя беларускай дзяўчынкі, якасьці ўмоваў, у якіх яна цяпер утрымліваецца.

Адпаведны запыт да ўраду Італіі зрабілі парлямэнтары Фурыа Каломба, Эджыдыё Пэдрыні, Франка Рама, Стэфанія Прэстыджакама. Менавіта гэтыя палітыкі ў свой час выступілі з прапановай стварыць грамадзянскую ініцыятыву “Дапаможам Марыі” (Так у Італіі многія называюць Віку Мароз). Папулярныя палітыкі, як і іншыя сябры арганізацыі лічаць неабходным пільна адсочваць далейшы лёс гэтай дзяўчынкі і выказваюць жаданьне ўбачыць яе.

Тым часам, учора, у чацьвер, у Генуэскім судзе па справах непаўналетніх была заслуханая справаздача тых італьянскіх псыхолягаў, якія непасрэдна суправаджалі Віку Мароз на радзіму і цягам дзесяці дзён назіралі за ёй у Беларусі.

Лаўра Батальлі і Антаанэта Сімі паведамілі судзьдзю Карлу Каваторэ, што засталіся задаволеныя супрацоўніцтвам зь беларускімі калегамі. Паводле італьянскіх спэцыялістак, стан Вікі нармалізуецца і назіраючы за яе паводзінамі, вельмі цяжка зрабіць выснову пра схільнасьць дзяўчынкі да самагубства. (Нагадаем, што менавіта пра гэта ў свой час сьведчылі Алесандра Джуста і Марыя Кьяра Барначын, калі матывавалі сваё жаданьне пакінуць Віку ў сябе дома ў Італіі.)

Лаўра Батальлі і Антаанэта Сімі таксама распавялі ў Генуэскім судзе, што Віка Мароз знаходзіцца на рэабілітацыі ў невялікім цэнтры, у групе з 23 дзяцей -яе равесьнікаў. Паводле італьянцаў, гэта - Бабруйск. Тым часам беларускія чыноўнікі не называюць дакладнага месцазнаходжаньня дзяўчынкі.
XS
SM
MD
LG