Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзяржава хоча больш дзяцей. Зацяжарыць дапамогуць.


Галіна Абакунчык, Менск Сёлета дзесяты раз на афіцыйным узроўні Беларусь адзначае Дзень маці. Ён прымеркаваны да праваслаўнага сьвята Пакровы, 14 кастрычніка, і адзначаецца з 1996 году. Паводле распараджэньня кіраўніка краіны, 2006 год у Беларусі абвешчаны годам маці.

Як сьведчаць афіцыйныя крыніцы, год маці ў Беларусі адзначаны дзяржаўнымі праграмамі, накіраванымі на стварэньне ўмоў для павелічэньня нараджальнасьці ў краіне. І ў гэтым зьвязку асаблівае значэньне прадстаўнікі ўлады надаюць адкрыцьцю радзільнага дому ў Рэспубліканскім цэнтры “Маці і дзіцяці”, якое адбудзецца 14 кастрычніка. Гэты ж дзень таксама будзе адзначаны адкрыцьцём першага Дзяржаўнага цэнтру па апладненьню. І гэта асаблівы гонар айчыннай мэдыцыны, кажа загадчыца цэнтру Ала Камлюк:

(Камлюк: ) “Ну, да прыкладу, Расея, там маецца 41-42 такіх цэнтры. Усе яны камэрцыйныя і ўсё там платнае. У нас на сёняшні дзень ўдалося адкрыць вось такую дзяржаўную лябараторыю”.

Тым ня менш, паводле спадарыні Камлюк, цалкам бясплатных паслугаў ня будзе нават у дзяржаўным цэнтры.

(Камлюк: ) “Мэдыкамэнты ўсе замежныя і пацыенты будуць набываць іх у аптэцы. Частка нашых паслугаў таксама будзе платная, таму што матэрыялы вельмі дарагія. Гэта вельмі дарагая працэдура”.

Спадарыня Камлюк адмовілася сказаць колькі будзе каштаваць працэдура штучнага апладненьня, але паведаміла, што мэдыкі гатовыя прапанаваць свае паслугі і гарадзкім жанчынам, і вясковым. Паводле афіцыйнай інфармацыі, таксама сёлета, у год маці, прынятыя шэраг дзяржаўных праграм, скіраваных на паляпшэньне матэрыяльных і жыльлёвых умоваў найперш шматдзетных сем’яў. Ці адчуваюць сябе сацыяльна абароненымі іншыя сем’і пытаюся ў жанчын на вуліцах Менску.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адчуваеце вы сябе і сваю сям’ю абароненымі сацыяльна?”

(Спадарыня: ) “Не. Таму што ў мяне няма ўпэўненасьці. Дзіця заканчвае школу і я ня ўпэўненая, што ён паступіць вучыцца, а пасьля знойдзе працу”.

(Спадарыня: ) “Добра, што даюць дапамогу на дзяцей да школы, але ж яе не хапае”.

(Спадарыня: ) “У нас цяжкасьці ў матэрыяльным становішчы. Мы з мужам працуем на Інтэграле. У нас заробак па 350 тысяч рублёў. У нас дачка 17 год. Нам вельмі цяжка”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, бальшыню працоўных у краіне складаюць жанчыны. А ніжэй узроўню пражытковага мінімуму знаходзіцца каля 30% сем’яў. Пра сёняшняе становішча жанчын у Беларусі гаворыць лідэрка Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна.

(Пеціна: ) “Канечне ж, большасьць жанчын Беларусі працуюць вельмі шмат. Многія акрамя асноўнай працы яшчэ знаходзяць дадатковую, бо не хапае на жыцьцё. І, канечне, на сёньня жанчына мае шмат праблем. Многія, на жаль, захоўваюцца з году ў год. Гэта няроўныя эканамічныя магчымасьці, няроўныя ўмовы кар’ернага росту, рэпрадукцыйнае здароўе жанчын і гэтак далей. Так што многа гаворыцца, але мала робіцца для беларускай жанчыны”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёньня ў Беларусі пражываюць паўтара мільёна сем’яў зь непаўналетнімі дзецьмі. 59% зь іх маюць адно дзіця, 35% – двое і 6% трох і больш дзяцей. 31 тысяча дзяцей зьяўляюцца сіротамі пры жывых бацьках.
XS
SM
MD
LG