Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Коры”


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

“Корамі” ў шасьцідзясятых гадах называлі вастраносыя мужчынскія туфлі*. Яны былі адметныя тым, што напачатку нашэньня пакідалі на пятцы крывавыя мазалі, а на сыходзе першага месяцу дарэшты разношваліся, мыскі задзіраліся ў гору і малы палец прыкметна канфігураваўся, парушаючы першапачатковую форму абутку. Яшчэ адна адметнасьць – амбрэ, якім поўніўся пакой, калі туфлі здымалі. Заўважым, што непрыемнага паху дадавалі й шкарпэткі са штучных валокнаў, якія тады ўвайшлі ў моду. Менавіта з тае прычыны нарадзілася інтэлігенцкая завядзёнка не здымаць абутку ў гасьцях.

Была яшчэ адна завядзёнка: чысьціць “коры” да люстранога бляску. Бляск наводзілі, шаруючы падзертай капронавай панчохай. Ён прывабліваў дзяўчын і маладых кабетаў. Я сам чуў, як адна разьвядзёнка уголас дакляравала, што ніколі ня выйдзе замуж за мужчыну, які ня чысьціць свае туфлі.

У крамах прадаваліся “коры” выключна айчынный вытворчасьці – бабруйскія, лідзкія, менскія. З імпарту зрэдзьчасу выкідвалі чэскія, фабрыкі “Цэба”. Аднак, гэта быў абутак для людзей сталага веку. Сёй-той насіў югаслаўскія туфлі, якія адпавядалі тадышняй маладзёвай модзе. Аднак дастаць “югі” – так скарочана называлі мадняцкі абутак --можна было толькі па страшным блаце.

У 1967 годзе замест вастраносых туфляў пачалі выпускаць тупаносыя, у якіх малы палец ужо не пукаціўся.

Мы, шкаляры, тою парою скрозь хадзілі ў кедах, прычым, незашнураваных, з вывернутымі вонкі языкамі. У школу трэба было насіць зьменны абутак, а пераабувацца нам было не з рукі. Таму прыхоплівалі з дому зьбітыя бацькавыя чаравікі, перад самай школай панурвалі іх у лужыну, і потым дэманстравалі дзяжурнаму мокрыя падэшвы. Маўляў, толькі што пераабуліся ў кеды.

У дзявятым клясе сталі хадзіць у школу ў сандалях-пляцёнках на голую нагу. А ў дзесятым клясе, улетку, наагул сталі “хіпаваць” – хадзіць па горадзе басанож. Кампанію мне склалі Валер Шлыкаў ды Анатоль Рыбікаў. Праўда, пасьля таго, як я прабіў бутэлечным шклом пятку, “хіпаваць” кінулі. Да таго ж, маці, каб я не хадзіў басанож, набыла мне туфлі з брунатнага вэлюру. Страшэнна модная рэч. Ногі ў іх ня прэлі, хаця па тадышняй модзе нават улетку надзявалі махровыя шкарпэткі. Мадней ад вэлюравых былі толькі замшавыя туфлі, але іх мне панасіць не давялося. Модны абутак мы сталі называць “шузамі”, адправіўшы ў нябыт вясёлае слова “коры”.

* Мелі яны яшчэ адну, дарэшты несамавітую назву: “гады”.
XS
SM
MD
LG