Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Улады не зьвяртаюць ўвагі на галадоўку..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за аўторак, 12 кастрычніка, чацьвер. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадырыня з Магілёву) “Размаўляючы з канцлерам Германіі, Пуцін сказаў пра Паліткоўскую Ганну, што яе публікацыі не аказвалі ніякага ўплыву на палітыку Расеі, але ён забыў дадаць: у Чачэніі. Ня думаю, што канцлер Германіі настолькі даверлівая, што яе можна так лёгка падмануць, выказваньнем Пуціна пра Ганну Паліткоўскую. Не забіваюць тых, хто ні на што не ўплывае, тым больш на палітыку ў Чачэнскай рэспубліцы. Значыць, уплывала ды і яшчэ як, калі вырашылі яе прыбраць. Мабыць, яна вельмі блізка падышла ў сваім расьсьледаваньні да прозьвішчаў тых, хто аддаваў загады для выкананьня тых жахаў са зьніклымі людзьмі ў Чачэніі. А прозьвішчы гэтыя, відаць, знаходзяцца на верхніх прыступках улады ў Расеі.”

(Ларыса зь Менску) “Вось ужо і вернікі распачалі галадоўку. Галадоўка абраная як форма пратэсту нашых грамадзян. Урад на гэта не зьвяртае ўвагі, бо такая форма пратэсту не патрабуе ад іх рабіць нейкія крокі для спыненьня галадоўкі гвалтоўным чынам, каб пасадзіць гэтых людзей за краты. Яны сваімі дзеяньнямі, забараняючы вернікам зьдзяйсьняць абрады, вымушаюць людзей ісьці на такія ўчынкі, як праводзіць галадоўку. Прычына ў гэтым, а ня ў тым, што патрэбна гэтае памяшканьне. А вернікі заміж таго, каб галадаваць і рызыкаваць сваім здароўем, зьвярнуліся б за дапамогай да вернікаў за мяжой, каб тыя дапамаглі пабудаваць храм, дзе яны маглі б маліцца. Я мяркую, што замежнікі не адмовілі б у іх просьбе. А нашаму ўраду павінна быць сорамна, што высяляюць людзей з такога памяшканьня, якое ня мае ніякай каштоўнасьці для нашай заможнай краіны.”

(Васіль Цюхай зь Беразіна) “Добры дзень. Калі параўнаць колькасьць забітых журналістаў у Расеі і ў Беларусі, дык у Расеі такіх значна болей, але гэта не азначае, што ў нас лепшая краіна і амаль дэмакратыя. Проста нашая краіна меншая па памеры, і насельніцтва ў нас меней разоў у пятнаццаць. Таму параўноўваць трэба не абсалютную лічбу, а суадносіны. Калі памножыць беларускіх зьніклых і памерлых журналістаў на 15. Дык атрымаецца, што быць журналістам у Беларусі больш небясьпечна, чым дзе б тое не было ў сьвеце. Пры гэтым спосабы ліквідацыі нязручных для ўлады людзей у Беларусі не такія цывілізаваныя. Узгадайце хаця б сьмерць Веранікі Чаркасавай ці зьнікненьне Дзьмітрыя Завадзкага, зь якім увогуле невядома што зрабілі. Ствараецца ўражаньне, што ўсіх маньякаў замест таго, каб пасадзіць у турму, запрашаюць працаваць у спэцслужбы. Нармалёвы ж чалавек ня пойдзе працаваць катам. А працаваць некаму трэба.”

(Васіль Пашковіч зь Менску) “Па-першае, ня трэба блытаць журналістаў з халуямі рэжыму. Халуі заўсёды жылі добра, а журналіст – гэта прыклад Завадзкага і Ірыны Халіп. Дзякуй.”

(Мікола Лавіцкі) “Радыё Свабода, я пачуў, нібыта ніхто не адзначыў стогадовы юбілей палітычнай партыі “Грамада,” заснаванай у 1902 годзе. Гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Аніводныя дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі не ўзгадалі пра гэта. Але была інфармацыя ў “Народнай Волі,” асабліва адзначыў гэтую падзею Менскі культурна-асьветніцкі цэнтар “Спадчына.” Была выпушчана адпаведная паштоўка, а ў Старых Дарогах у музэі “Фонд Анатоля Белага” ўстаноўлены барэльефны помнік Луцкевічам. Менавіта за адносіны да гэтай даты спадар Шушкевіч атрымаў публічную аплявуху Анатоля Белага. Вось такая інфармацыя.

(Анатоль Белы) “Сёньня паведамілі, што ні адна з партый, з грамадзкіх арганізацый не адзначыла стварэньне Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Гэта зусім ня так. Клюб “Спадчына” ў Старых Дарогах устанавіў помнік братам Луцкевічам. Акрамя гэтага, у Музэі выяўленчага мастацтва “Фонд Анатоля Белага” створаны, па-першае, заля, прысьвечаная заснаваньню Сацыялістычнай Грамады і дзеячам, якія ў гэтым удзельнічалі, а таксама карціна тэматычная Анатоля Крывенкі “Першы зьезд Грамады.” Вось такія справы. Акрамя гэтага, была выпушчана паштоўка. А таксама, калі Сідарэвіч даваў матэрыялы свае ў газэце, то пастаянна ў яго рубрыках былі здымкі гэтай паштоўкі “Браты Луцкевічы,” помніка братам Луцкевічам. Вось такія справы.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG