Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Ляўрэат літаратурнага Нобэля 2006 году – Архан Памук (абноўлены)


Юрась Бушлякоў, Прага Сёньня ў Стакгольме было названае імя сёлетняга ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры – прэмія будзе ўручаная 54-гадоваму турэцкаму празаіку Архану Памуку. Нобэлеўскі камітэт назваў Памука пісьменьнікам, які “ў пошуках мэлянхалічнай душы свайго роднага гораду адкрыў новыя сымбалі сутыкненьня і перапляценьня культур”.

Архан Памук быў фаварытам сёлетніх нобэлеўскіх рэйтынгаў. Ягоныя кнігі дасюль перакладзеныя больш як на 30 моваў і выдадзеныя ў 40 краінах.

Родны горад Памука, які згадвае ў сваім абгрунтаваньні Нобэлеўскі камітэт, гэта Стамбул – месца, дзе сустракаюцца цывілізацыі. Што б ні пісаў Памук, цэнтральнаю тэмаю ягоных твораў – турэцкая ідэнтычнасьць. Ён піша пра тое, чым ёсьць турэцкасьць цяпер і як фармавалася яна гістарычнымі падзеямі, мітамі, супярэчнасьцямі між традыцыяй і сучаснасьцю, між рэлігіяй і сэкулярызацыяй. Усясьветную славу Памуку прынесьлі раманы “Белая цьвердзь”, “Чорная кніга”, “Сьнег”.

Памук – першы турак, узнагароджаны Нобэлеўскай прэміяй. У сьвеце яго часта называюць пісьменьнікам, які перакладае таямніцы культуры Ўсходу на мову культуры Захаду.

Памук не ўнікае публічнага жыцьця і ня раз апынаўся ў цэнтры палітычных канфліктаў. Летась у Турэччыне супраць пісьменьніка была завязаная крымінальная справа – Памук адкрыта гаворыць пра генацыд армянаў падчас І усясьветнай вайны і здушэньне курдзкага руху. Пад ціскам усясьветнай грамадзкасьці працэс над пісьменьнікам спынілі.

Памук быў першым мусульманскім пісьменьнікам, які адважыўся асудзіць фатву, накладзеную на Салмана Рушдзі.

Восем гадоў таму Памук адмовіўся ад прысуджанай яму на бацькаўшчыне годнасьці народнага пісьменьніка – на знак пратэсту супраць палітыкі турэцкіх уладаў у дачыненьні да курдаў.

На беларускую мову творы Архана Памука пакуль што не перакладаліся. Тыднёвік “Наша ніва” паінфармаваў сёньня, што ў чарговым нумары праз тыдзень апублікуе пераклад прозы новага нобэлеўскага ляўрэата.
XS
SM
MD
LG