Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Cёмыя суткі галадоўкі: колькасьць удзельнікаў акцыі -- 212 чалавек (фота)


Любоў Лунёва, Менск Паводле прадстаўнікоў пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё”, колькасьць вернікаў, якія трымаюць галадоўку пратэсту супраць ліквідацыі царквы, павялічылася да 212 чалавек. Удзень у будынку знаходзяцца 38 чалавек. Галадоўнікаў зноў наведалі мэдыкі. Аднаго чалавека шпіталізавалі.

Сёньня мэдыкі зноў абсьледавалі ўдзельнікаў акцыі, цікавіліся іхным станам здароўя. Аднаго з галадоўнікаў – Рыгора Алексіевіча – накіравалі ў інфэкцыйны шпіталь з падазрэньнем на гепатыт.

(Алексіевіч:) “Лекары падазраюць, што ў мяне гепатыт, ці нешта з ныркамі і пячонкай. Я пагадзіўся ехаць у шпіталь, каб ня ставіць нашу акцыю пад пагрозу зрыву і не пакідаць маіх братоў і сёстраў у цяжкім становішчы. Я не хачу, каб улады скарысталіся гэтым і спынілі нашу акцыю, спаслаўшыся на тое, што тут знаходзіцца крыніца інфэкцыі”.

Мэдыкі паведамілі, што больш ня будуць прыяжджаць у царкву да галадоўнікаў. Яны адмовіліся даць якія-небудзь тлумачэньні Радыё Свабода, толькі паведамілі, што прыехалі ў будынак згодна з загадам свайго кіраўніцтва.

У юрыста царквы Сяргея Луканіна свае меркаваньні на гэты конт:

(Луканін:) “Нас насьцярожылі паводзіны мэдыкаў: яны патрабавалі пашпартныя зьвесткі ўсіх вернікаў, якія трымаюць пост-галадоўку, і склалі сьпісы. Яны казалі сёньня, што больш няма неабходнасьці ім тут знаходзіцца. Параілі нам у выпадку неабходнасьці самім выклікаць “хуткую дапамогу””.

Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка распавёў, што вернікі штодня атрымліваюць лісты падтрымкі.

(Ганчарэнка:) “Мы стаім да канца. Нічога не аддамо. З намі Бог і людзі далучаюцца…Вельмі вялікая актыўнасьць. Мы не чакалі, што людзі так добра і актыўна выказалі салідарнасьць”.

Сёньня ўжо некалькі ўдзельнікаў акцыі днём ляжалі пад коўдрамі. Яны спасылаліся на тое, што ім халодна і хочацца спаць.

Дзяніс Гіль сёмыя суткі трымае галадоўку. Ён не скардзіцца на стан здароўя:

(Гіль:) “Я пачаў галадоўку ад першага дня. Заўсёды чагосьці баісься, але, калі ўжо пачаў, то ня думаеш пра сваё здароўе, бо ёсьць мэты больш важнейшыя. Я гэта раблю ня толькі для сваёй сям’і. Я тут папросту таму, што не магу інакш”.

Супрацоўнікі прэсавай службы суполкі заяўляюць, што колькасьць удзельнікаў галадоўкі павялічваецца штодня і за апошнія двое сутак вырасла амаль у два разы. Сёньня днём паводле зьвестак прадстаўнікоў царквы, галадалі 212 чалавек.

Нагадаем: паводле судовага рашэньня, вернікі мусяць вызваліць будынак, які яны набылі яшчэ ў 2002 годзе і ў якім праводзілі набажэнствы. Гарадзкія ўлады забаранілі карыстацца будынкам. Пастара і адміністратара царквы аштрафавалі на 6 000 даляраў. Гарадзкія ўлады пералічылі на рахунак царквы 35 мільёнаў рублёў кампэнсацыі і перадалі яго ў карыстаньне камунальным службам Фрунзенскага раёну Менску.





Мэдыкі правяраюць стан Аляксея Шэіна

Дзяніс Гіль сёмыя суткі трымае галадоўку
XS
SM
MD
LG