Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У журналісты б я не пайшла, па праўдзе вам кажу, бо баюся..."


Галіна Абакунчык, Менск Ці небясьпечна быць журналістам у Беларусі? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка

(Карэспандэнтка: ) “Ці небясьпечна быць журналістам у Беларусі?”

(Юнак: ) “Я лічу, што так, ёсьць нейкая рызыка для жыцьця і ў Беларусі. Але людзі ведаюць, чым яны займаюцца і, пэўна, ідуць на гэтую рызыку сьвядома”.

(Юначка: ) “У журналісты б я не пайшла, па праўдзе вам кажу, бо баюся туды ісьці. Гэта ўсё небясьпечна, насамрэч”.

(Юнак: ) “Па праўдзе сказаць, я ня вельмі валодаю гэтым пытаньнем, але думаю, што тут ня так свабодна быць журналістам. Але, калі ўсё рабіць акуратна, то, напэўна, гэта бясьпечна”.

(Юначка: ) “Я лічу, што гэта небясьпечна ва ўсім сьвеце, але ў Беларусі найбольш. Тут сытуацыя, так бы мовіць, дзіўная. І ўсе разумеюць, што сёньня быць журналістам у Беларусі – значыць, мець небясьпеку для свайго жыцьця”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці небясьпечна быць журналістам у Беларусі?”

(Юнак: ) “Канечне. Колькі выпадкаў розных было. Але гэтага ніхто ня хоча заўважаць, і ў гэтым уся праблема”.

(Спадарыня: ) “У нас спакайней, чым у Расеі. Такіх выпадкаў, як забойстваў, у нас не было і не павінна быць”.

(Юнак: ) “У нас існуюць пэўныя рамкі, за якія не даюць выйсьці. Усе чагосьці баяцца. І калі нехта недзе праўду скажа, то яго адразу заціскаюць. Не даюць распаўсюдзіць гэтую праўду сярод простых людзей”.

(Спадар: ) “Небясьпека заўсёды прысутнічае, нават вось тут на дарозе. А калі журналіст сумленна выконвае свае абавязкі, то гэта вельмі небясьпечна”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці небясьпечна быць журналістам у Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Канечне. Людзей забіваюць і гэтак далей. Пад страхам усё”.

(Юнак: ) “Адназначна, калі пісаць нешта супраць ураду, то гэтаму чалавеку будзе ня вельмі добра”.

(Спадар: ) “Канечне, ёсьць небясьпека для журналістаў. Тое, што адбылося ў Расеі, можа адбыцца і ў нас. Я не адчуваю, што ў нас ёсьць прававая дзяржава. А таму журналісты ў нас безабаронныя”.
XS
SM
MD
LG