Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея найбольш небясьпечная для журналістаў пасьля Іраку і Альжыру


Аляксей Дзікавіцкі Паводле адмыслоўцаў, забойства расейскай журналісткі Ганны Паліткоўскай мае шмат прыкметаў заказнога забойства. Мяркуецца, што ў Расеі, ад часу калі прэзыдэнтам краіны ў 2000 годзе стаў Уладзімір Пуцін, ахвярамі заказных забойстваў сталі 12 журналістаў – ніводнае з гэтых забойстваў не было раскрытае.

Гэтымі днямі Камітэт абароны журналістаў, што ў Нью-Ёрку, падрыхтаваў справаздачу пад назовам “Сьмяротныя навіны”, у якой падаюцца найбольш небясьпечныя краіны для працы журналістаў. Дырэктар Камітэту абароны журналістаў па сувязях з грамадзкасьцю Эбі Райт кажа, што Расея ў гэтым сьпісе апынулася на трэцім месцы і гэта пры тым, што “”намінальна” ў Расеі пануе мір.

(Райт: ) “Найбольш журналістаў цягам апошніх 15 гадоў загінула ў Іраку. На другім месцы - Альжыр. Але гэта краіны, якія перажылі войны, буйныя канфлікты. А ў Расеі вайны няма, там намінальна пануе мір, але нягледзячы на гэта мы маем 13 журналістаў, якія, праўдападобна, былі забітыя на замову ад 2000 году. Гэта галоўны паказьнік таго, якая свабода прэсы сёньня існуе ў Расеі”.

Некаторыя з журналістаў, якія, паводле Камітэту абароны журналістаў, былі забітыя на замову, крытычна ставіліся да ўладаў – на лякальным, ці агульнадзяржаўным узроўні, як Ганна Паліткоўская. Шмат іншых апісвалі карупцыйныя справы ў часе, калі іх забілі.

Эбі Райт прагназуе, што гледзячы на стаўленьне фэдэральнага цэнтру да такіх злачынстваў, перасьлед, забойствы журналістаў у расейскіх рэгіёнах будуць працягвацца.

Учора кіраўніцтва Эўрапейскага зьвязу заявіла, што ўздыме пытаньне аб забойстве Ганны Паліткоўскай ў часе саміту ў Фінляндыі, які заплянаваны на кастрычнік і ў якім мае ўзяць удзел таксама прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Між тым, цягам апошніх месяцаў, у Расеі былі забітыя яшчэ двое высокапастаўленых банкаўскіх служачых.

Два гады таму, у часе канфэрэнцыі, прысьвечанай барацьбе супраць арганізаванай злачыннасьці, тагачасны намесьнік Рады бясьпекі Расеі Валянцін Сьцепанкоў заявіў, што ў 2003 годзе, арганізаваныя злачынныя групоўкі замовілі каля 5 тысячаў заказных забойстваў ва ўсёй Расеі.
XS
SM
MD
LG