Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КХП БНФ за байкот мясцовых выбараў (абноўлены)


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня прадстаўнікі дзесяці суб’ектаў дэмакратычнай апазыцыі абмяркоўвалі зьмест супольнага пасланьня да выбарцаў, а таксама юрыдычныя аспэкты кампаніі. Пра байкот выбараў заявіла Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ. Прадстаўнікі БСДГ прапануюць сысьці з выбарчай гонкі падчас кампаніі.

Бальшыня ўдзельнікаў дэмакратычнай апазыцыі, сярод якіх БСДП (Грамада), выказваецца за выкарыстаньне мясцовых выбараў дзеля правядзеньня сваёй палітычнай кампаніі. Байкатаваць выбары вырашыла Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ. Пра гэта заявіў намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі.

(Беленькі: ) “Даўно няма выбараў, адбываюцца толькі дзеі, якія можна назваць выбарчым фарсам і ня больш за тое. Акрамя таго, важна зазначыць, што да так званых мясцовых выбараў могуць далучыць рэфэрэндум па так званым Канстытуцыйным акце, а фактычна па ліквідацыі сувэрэннага статусу Рэспублікі Беларусь. І гэта вельмі сур’ёзна. Я хачу нагадаць, калі праходзіў так званы рэфэрэндум па падаўжэньні тэрміну прэзыдэнцтва, рэфэрэндум быў незаконны, супярэчыў дзейнаму заканадаўству і некаторыя палітычныя партыі, якія прэзэнтуюць сябе як апазыцыйныя і незалежніцкія, заклікалі выбарцаў да ўдзелу ў так званым рэфэрэндуме і фактычна паспрыялі таму, каб Лукашэнка рэалізаваў свой плян падаўжэньня сваіх паўнамоцтваў”.

Старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч таксама выказаўся за байкот выбараў. Аднак падчас нарады БСДГ заявіла пра магчымасьць вылучэньня 30-ці сваіх сябраў кандыдатамі. Першы намесьнік старшыні партыі Анатоль Астапенка:

(Астапенка: ) “Байкатаваць выбары мае сэнс усім разам. Гэта як прапанова. Мы лічым, што ў дадзенай сытуацыі байкатаваньне выбараў гэта самы палітычна правільны крок.”

Паводле спадара Астапенкі, было б яшчэ лепей прыняць удзел у кампаніі дзеля працы з насельніцтвам, але ў апошні момант зьняць усе кандыдатуры.

(Астапенка: ) “Усё роўна гэтыя выбары ня маюць ніякага сэнсу, таму што усё падрыхтавана так, каб зрабіць імітацыю выбараў. Таму калі б перад выбарамі усе зьнялі кандыдатуры, то гэта быў бы значны палітычны вынік. Але калі наша прапанова не знайшла падтрымкі, то мы далучаемся да астатніх”.

Прадстаўнік аргкамітэту партыі Свабоды і прагрэсу Уладзімер Навасяд заявіў, што далучаецца да дзесяці іншых суб’ектаў дэмсілаў і будзе ўдзельнічаць у кампаніі. Паводле спадара Навасяда, неабходна выкарыстаць выбары, каб легальна займацца палітыкай.

(Навасяд: ) “Свабоднымі і дэмакратычнымі выбары робяць сілы дэмакратычныя, якія свабодныя і якія прымаюць у іх удзел. А калі дэмакратычныя сілы ў іх удзел прымаць не будуць, то гэтыя выбары не будуць увогуле ні дэмакратычнымі, ні свабоднымі.”

.
XS
SM
MD
LG