Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбокае: раскопкі на месцы занядбалых нямецкіх могілак


Вячаслаў Кулік Ля сьценаў касьцёлу Сьвятой Тройцы ў райцэнтры Глыбокае на Віцебшчыне распачатыя раскопкі на месцы масавага пахаваньня нямецкіх вайскоўцаў, якія загінулі ў другую Усясьветную вайну на тэрыторыі Беларусі. Жыхары Глыбокага даводзяць, што гэтыя магілы былі выяўлены шмат гадоў таму, але частку іх пасьпелі зруйнаваць.

Вайсковы камісар Глыбоцкага раёну Сяргей Сямёнаў у інтэрвію для Радыё Свабода адзначыў, што раскопкі вядзе пошукавы разьлік 52-га асобнага спэцыяльнага пошукавага батальёну. Суразмоўца адзначае, што ў вайну ў Глыбокім пахаваньні загінулых і памерлых салдат вэрмахту адбываліся арганізавана:

(Сямёнаў: ) “Я там быў. Адкопваюць труп чалавека ў труне, то ў некаторых ёсьць жэтон, а ў іншых – няма. Але ў большасьці ёсьць жэтоны”.

Загадчык аддзелу Глыбоцкага райвыканкаму Міхал Чэрапкоўскі гаворыць, што пакуль ня вызначана месца перазахаваньня парэшткаў:

(Чарапкоўскі: ) “Міністэрства абароны будзе вырашаць. Ці ў Менску, Бярозе, альбо ў Глыбокім. Ёсьць жа нямецкія могілкі. У адпаведнасьці з заканадаўствам гэтым займаецца толькі спэцыялізаваны батальён Міністэрства абароны. Кваліфікавана вядуць раскопкі”.

Інфармацыю з Глыбокага дапаўняе тутэйшы краязнаўца Ўладзімер Скрабатун:

(Скрабатун: ) “У 1994 годзе я працаваў майстрам у жыльлёва-камунальнай гаспадарцы. Тады выконвалася праца на будаўніцтве цеплавых сетак. Я асабіста бачыў, як экскаватар выкапаў 14 шкілетаў нямецкіх салдат. Трапляліся гузікі, мэталічныя каскі. Праз гады Міхал Чэрапкоўскі запрашаў мяне на гэтае месца, у яго былі фотаздымкі з Нямеччыны. Месца пахаваньняў было пазначана крыжамі. Тады была размова, што трэба праводзіць раскопкі, немцы гэтым зацікавяцца”.

Уладзімер Скрабатун таксама паведаміў, што цяпер у Глыбокае наведваюцца прадстаўнікі Народнага Саюзу Няямеччыны. У сваю чаргу супрацоўніца гэтага офісу ў Беларусі Людміла Качановіч называе адрасы, дзе сёлета праводзіліся раскопкі на нямецкіх пахаваньнях:

(Качановіч: ) “У Ваўкавыску, Лідзе, Слоніме. У нас ёсьць таксама дазвол на працу ў Менскім раёне, але вельмі цяжка адшукваць. Гэта ў асноўным санітарныя пахаваньні, таму трэба сур’ёзна папрацаваць у архівах”.

Людміла Качановіч зьвяртае ўвагу на тое, што ў апошні час супрацоўніцтва Народнага Саюзу Нямеччыны і Міністэрства абароны адбываецца ў рамках адпаведнага пагадненьня ад 2003 году. На сёньня, як зазначае суразмоўца, Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, якая не ратыфікавала пагадненьне 1996 году аб доглядзе за ваеннымі магіламі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG