Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары вёскі Старына, што пад Менскам, засталіся без вады


Міхал Стэльмак, Менскі раён Надзвычайнае становішча з вадою склалася ў вёсцы Старына Менскага раёну. У вёсцы пабываў наш карэспандэнт.

Я знаходжуся ў цэнтры вёскі – на вуліцы Школьнай. У вяскоўцаў – бяда: (Спадарыня: ) “У гэтай вёсцы на Школьнай наагул ні ў каго няма вады”. (Іншая спадарыня: ) “Няма вады”. (Карэспандэнт: ) “Як вас завуць?” (Трачынская: ) “Трачынская Тацяна Паўлаўна. Вось ужо месяц мы носім ваду вядзёрачкам”. (Карэспандэнт: ) “Адкуль вы носіце?” (Трачынская: ) “Адкуль мы носім? Адразу як прарвала, то бралі тут у калёнцы. Месяц насілі. Нават больш месяца. А цяпер і тут няма. Цяпер ходзім да сьвідравіны вунь туды на поле”.

Праблемы з вадой маюць і жыхары іншых вуліц. Напрыклад, Юля Засмужыц жыве на вуліцы Дарожнай: (Засмужыц: ) “Напэўна, дні тры дакладна не было вады. У паловы вёскі ёсьць вада, у паловы няма. Мы хадзілі за вадою на поле – да вежы”. (Карэспандэнт: ) “Колькі кілямэтраў?” (Засмужыц: ) “З кілямэтр дык дакладна. Насупраць фэрмы на полі сьвідравіна. На поле ходзім на гэтую “скважыну”, каб памыць і дзецям ежу падрыхтаваць”.

Найбольшыя праблемы маюць маладыя сем’і, асабліва шматдзетныя. У Людмілы Адамовіч – пяцёра дзяцей. (Адамовіч: ) “Вады няма. Мне трэба адно дзіця ў садок завесьці, другое ў школу. Я не магу ні памыць – нічога зрабіць. Ды памыць дзіця. Ды папіць няма. Я ўсе кампоты перапіла – тыя, што на зіму закатала”. (Спадарыня Холад : ) “Два тыдні ледзь капала. За цэлы дзень вядро накапае”. (Карэспандэнт: ) “Чаму няма вады?” (Спадарыня Холад: ) “Кажуць, што далі вялікі напор, а трубы старыя. Рве іх. І ўлетку вады не бывае. Людзі кароў пазбывалі. Як жа можна гаспадарку трымаць?”

Другая бяда, зьвязаная з вадою, гэта яе якасьць. Побач зь вёскай, як паведамілі мясцовыя жыхары Аляксандр Бычкоў і Вера Холад, месьціцца звалка: (Бычкоў: ) “Водазабор у нас ніжэй звалкі. Усё, што там закапваюць, усё гэта па водаканалу трапляе ў нашу сыстэму”. (Холад ) “Вельмі шмат вапны, ападку. Каструля так нарастае, што божа мой. Кепская ў нас вада”. (Бычкоў: ) “Гадоў 6-7 мы пілі “аміячку”. Таму што там прарвала трубы– цыстэрну з “аміячкай”. Пілі гэтую гадасьць”. Ці ведае пра праблемы з вадою начальства? (Спадар: ) “Ведаюць. І дырэктар ведае”. (Спадарыня: ) “Прыяжджала і тэлебачаньне. І ўсё дарэмна”. (Адамовіч: ) “Гэта проста немагчыма і невыносна”. (Трачынская: ) “Блізка ля гораду і такое творыцца. Хіба ў нас начальства няма? Хто пра нас клапоціцца? Ніхто”.

Вёска Старына знаходзіцца на тэрыторыі Каладзішчанскага сельсавету. Старшыня сельвыканкаму Тацяна Бонда так пракамэнтавала сытуацыю ў гэтым паселішчы, дзе пражывае каля 350 чалавек:

(Бонда: ) “Вадаправодныя сеткі, вежа, сьвідравіна, на балянсе Менскай гародніннай фабрыкі. Людзі ўжо зьбіраюць стыхійны мітынг. Я паехала ў нядзелю праводзіць сход зь людзьмі, дык, ведаеце, мяне там палкамі ледзь не забілі. І, самае брыдкае, што я зусім бездапаможная ў гэтай сытуацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG