Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дрэздэне можна даведацца, чым "мэдыцына сьмерці" займалася ў Беларусі


Радыё Свабода У Дрэздэнскім музэі нямецкай гігіены сёньня адкрываецца выстава “Мэдыцына сьмерці як ідэалёгія расізму і нацыянал-сацыялізму”. Аўтары экспазыцыі прадставяць наведвальнікам дакумэнты пра клінічныя выпрабаваньні лекараў і навукоўцаў 3-га Рэйху. Сярод экспанатаў - фатаграфіі і кінакадры, зьнятыя ў канцэнтрацыйных лягерах і гета на тэрыторыі Беларусі.

Экспанаты, якія паходзяць з Беларусі – усяго толькі маленькая частка выставы. Аднак, як сьведчыць гісторык Анцье Уліг, ад гэтых фота і кінакадраў, зробленых нацыстамі ў пэрыяд 1941-1944 гадоў, стыне кроў.

У канцэнтрацыйных лягерах і гета, якія існавалі ў той час на тэрыторыі Беларусі, мэдыкі ды навукоўцы 3-га Рэйху выпрабоўвалі праграмы стэрылізацыі і эўтаназіі. Дасьледаваньні праводзіліся на псыхічна хворых асобах і тых, хто ня здольны быў працаваць.

Ад лета 1941-га нацысты мусілі дакладна дакумэнтаваць свае экспэрымэнты што да расавай чысткі чалавецтва. З гэтае нагоды самімі немцамі было зроблена шмат фота і кінадакумэнтаў. На Дрэздэнскай экспазыцыі можна убачыць кадры, калі псыхіятрычных хворых накіроўваюць у газавыя камэры. Гэтыя памяшканьні чымсьці нагадваюць душавыя. Сьмяротнікі не здагадваюцца пра свой лёс. Беларускі мужчына усьміхаецца наўпрост у аб’ектыў. Твар маладой жанчыны за некалькі хвілінаў да сьмерці выглядае некалькі разгубленым. Побач са сьмяротнікамі – немцы ў белай бальнічнай вопратцы.

Захаваліся запісы іхных галасоў і тлумачэньні адносна асацыяльнасьці будучых сьмяротнікаў, таго, што праграма эўтаназіі дапаможа ім лёгка, прыемна і без усялякіх пакут памерці. Лекары 3-га Рэйху распавядаюць пра прынцыпы уласнай сэлекцыі. Як сьведчаць дакумэнты экспазыцыі, праграму эўтаназіі выкарыстоўвалі ў дачыненьні хворых остарбайтэраў.

Гаворачы пра галоўную задачу выставы “Мэдыцына сьмерці як ідэалёгія расізму і нацыянал-сацыялізму” дырэктар Дрэздэнскага музэю Клаўс Фогель адзначае:

(Фогель : ) „Мы, немцы, мусім выкарыстаць любую нагоду, каб растлумачыць людзям, да чаго можа прывесьці ідэя выключнасьці і расавай нянавісьці і тое, якую ролю адыгрывалі ва усім гэтым навукоўцы, якія служылі сыстэме. Такое, на жаль, адбылося ў Нямеччыне”

Выстава працягнецца да 24 чэрвеня 2007 году.
XS
SM
MD
LG