Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ЗША не зьвязваюць учорашні інцыдэнт з тэрарызмам


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Стала вядома, што пілётам невялікага самалёту, які ўрэзаўся ў жылы будынак на Манхэтэне, быў гулец бэйсбольнай каманды «Нью-Ёрк янкіз» Коры Лідл. Яму было 34 гады. І разьбіўся ён на сваім уласным самалёце. Паведамляецца, што разам зь ім загінуў яшчэ адзін чалавек, па ўсёй верагоднасьці – пілёт-інструктар.

Будынак, у які ўрэзаўся самалёт, зьяўляецца прэстыжным 50-павярховым жылым домам на 72-й вуліцы ў Манхэтэне. Адразу ж на некалькіх паверхах будынку ўзьнік пажар. Зрэшты, яго маглі назіраць у жывым тэлеэфіры людзі ва ўсім сьвеце, хто мае магчымасьць глядзець тэлеканал СNN. Каля ста пажарнікаў працавалі на месцы здарэньня, і агонь быў патушаны меней як за гадзіну.

Першай і зусім натуральнай рэакцыяй і ў Амэрыцы, і ў сьвеце было пытаньне: ці гэта не тэрарыстычны акт? Усе памятаюць падзеі 11 верасьня 2001 году. Але і фэдэральныя, і гарадзкія ўлады хутка выключылі тэрарызм у якасьці прычыны інцыдэнту. Вось што сказаў мэр Нью-Ёрку Майкл Блумберг журналістам.

(Блумберг:) «Зразумела, якой можа быць рэакцыя ў наш час любога чалавека, калі ён пачуе, што самалёт урэзаўся ў будынак. Службы бясьпекі і нью-ёркская паліцыя ня маюць абсалютна ніякіх фактаў, якія б сьведчылі, што дадзены інцыдэнт зьвязаны з тэрарызмам ці яшчэ зь нечым. А вось чаму самалёт павярнуў на 72-ю вуліцу і ўрэзаўся ў будынак, -- гэта будзе расьсьледавана. Але няма нічога, што хоць бы аддалена паказвала на магчымасьць тэрарызму».

Тым ня меньш, неба над некалькімі асноўнымі гарадамі ЗША пачалі патруляваць вайсковыя самалёты. Таксама былі ўведзеныя некаторыя абмежаваньні на палёты грамадзянскай авіяцыі зь лётнішчаў у раёне Нью-Ёрку. Прадстаўнік Белага дому заявіў, што прэзыдэнт Джордж Буш быў інфармаваны пра аварыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG