Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра галадоўку вернікаў царквы “Новае жыцьцё” у іншых канфэсіях амаль не ведаюць


Галіна Абакунчык, Менск Вернікі менскай царквы “Новае жыцьцё” працягваюць трымаць бестэрміновую галадоўку з нагоды адабраньня купленага імі будынку. На знак салідарнасьці да іх далучыліся прадстаўнікі іншых пратэстанцкіх цэркваў у шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Аднак пра акцыю пратэсту і нават пра існаваньне самой царквы прадстаўнікі некаторых канфэсіяў нават ня ведаюць.

Гаворыць муфтый мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня Абу-Бакір Шабановіч:

(Шабановіч: ) “Новае жыцьцё”, царква? Я чую ўпершыню. Я нічога не магу сказаць, ня ведаю, далібог”.

Адмовіліся выказаць сваё стаўленьне да галадоўкі пратэстантаў і ў каталіцкім касьцёле. Пэўнай пазыцыі не выказвае і праваслаўная царква. Гаворыць прэсавы сакратар Менскай эпархіі Андрэй Петрашкевіч:

(Петрашкевіч:) “Мне падаецца, што найбольш кампэтэнтнае меркаваньне будзе выказана ў межах той рэлігійнай канфэсіі, у якой узьніклі праблемы. Бо вы атрымаеце больш кампэтэнтныя адказы, чым у прадстаўнікоў іншых канфэсіяў. Бо яны, магчыма, ня гэтак дасьведчаныя ў праблематыцы пратэстанцкіх цэркваў”.

Процілеглага меркаваньня трымаецца кіраўнік абшчын прагрэсіўнага юдаізму Якаў Басін:

(Басін: ) “Любыя сілавыя захады дзяржавы адносна рэлігійных арганізацыяў недапушчальныя. Заўсёды можна знайсьці кампраміснае рашэньне, а ў гэтым выпадку матывацыя дзяржавы ўвогуле незразумелая. Відаць, камусьці замінае агромістая пратэстанцкая суполка. Яна існуе паралельна з праваслаўнай царквой, якая сёньня відавочна мае дзяржаўны характар. І, натуральна, павінна ўмяшацца сама праваслаўная царква. Бо яе ж вінавацяць у тым, што з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу яна спрабуе дамагчыся манаполіі на глебе духоўнага жыцьця нашай краіны. Гэта ўсё недапушчальна”.

Пратэстанцкая царква ў Беларусі сёньня мае каля 15 напрамкаў. Сярод найбольш буйных – Саюз хрысьціян веры Эвангельскай. Адзін з кіраўнікоў царквы Аляксандр Акуленка гэтак пракамэнтаваў падзеі ў “Новым жыцьці”.

(Акуленка: ) “Мы падтрымліваем. Як вернікі разумеем, што гэта нашыя браты і сёстры ў Хрысьце. Хацелася б, каб ў Беларусі было больш храмаў, а не начных клюбаў і дыскатэк. Таму духоўную і малітоўную падтрымку мы аказваем”.

Рэлігійны рух крышнаітаў у Беларусі мае непрацяглую гісторыю. У значнай частцы – гэта супрацьстаяньне з уладамі. Да прыкладу, апошнюю афіцыйную перарэгістрацыю беларускія крышнаіты не прайшлі, кажа прадстаўнік руху Сяргей Малахоўскі. Вось ягоны камэнтар да падзеяў вакол царквы “Новае жыцьцё”:

(Малахоўскі: ) “Я проста спачуваю гэтым людзям. І не разумею, як дзяржава ня можа пайсьці насустрач невялікай купцы вернікаў. У іх адбіраюць храм, у іх адбіраюць зямлю, спасылаюцца на нейкія законы, гэтыя законы ўвесь час мяняюцца. Гэта проста непрыстойна. Гэта проста бяздушнае стаўленьне ўладаў да сваіх грамадзянаў. Я быў у Амэрыцы і бачыў, як дзейнічае сапраўдная дэмакратыя, як прадстаўнікі розных канфэсіяў маюць роўныя правы ў дзяржаве. Я спадзяюся, што ў недалёкай будучыні мы знойдзем паразуменьне з дзяржавай, што мы знойдзем паразуменьне паміж сабой. Бо калі дзяржава ўмешваецца ў рэлігійнае жыцьцё, то гэта спараджае таксама супярэчнасьці і паміж рэлігійнымі рухамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG