Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны альманах: паўтысячы старонак пра нацыянальнае жыцьцё


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні ўчора былі прэзэнтаваныя два апошнія тамы недзяржаўнага “Гістарычнага альманаху”, кожны аб’ёмам па 250 старонак. Ён выходзіць з канца 90-х гадоў, рэдагуюць яго гарадзенскія гісторыкі дактары навук Алесь Краўцэвіч і Алесь Смалянчук. У выданьні асьвятляюцца тэмы, якія афіцыйная гісторыяграфія замоўчвае або асьвятляе аднабока. Альманах зьяўляецца органам Беларускага гістарычнага таварыства.

Беларускае гістарычнае таварыства — незарэгістраваная арганізацыя, у ёй удзельнічаюць каля пяцідзесяці дактароў і кандыдатаў навук па ўсёй Беларусі. Паводле Алеся Краўцэвіча, выпускаючы свой альманах, яны па-сутнасьці ратуюць сёньня твар усёй беларускай навукі, робячы гэта разам з часопісам “Беларускі гістарычны агляд”, што выдаецца ў Менску.

Алесь Краўцэвіч прадставіў апошні — 12-ы том альманаху, што прысьвечаны Беларускай сялянска-работніцкай Грамадзе, якая дзейнічала ў Заходняй Беларусі ў другой палове 20-х гадоў і была разгромлена польскімі ўладамі.

(Краўцэвіч:) “Забыліся ў Беларусі на юбілей заснаваньня Грамады, ён не адзначаўся. Хаця гэта самая масавая палітычная партыя ў Эўропе ў свой час была, больш за сто тысяч сяброў, нацыянальны гонар, з выразнай нацыянальнай афарбоўкай і нават з камуністычнай афарбоўкай, што нібы пасуе цяперашняму рэжыму. Ніхто не адзначаў, мы гэта адзначылі”.



Паводле Алеся Смалянчука, сёньня ўлады не жадаюць узгадваць ні пра якія гістарычныя падзеі, дзе была прысутнасьць беларускага нацыянальнага руху, нацыянальнай сьвядомасьці, бо гэта ня ўпісваецца ў рамкі інтэграцыі з Расеяй. Адметнасьцю выдаванага імі альманаху Алесь Смалянчук лічыць публікацыю дыскусый на тэмы беларускай гісторыі.

(Смалянчук:) “Фактычна гэта новая зьява ў беларускай гістарычнай пэрыёдыцы — публікацыя дыскусый. Мы запісваем іх на дыктафон, а потым пераносім на паперу. І вельмі часта атрымліваецца, што гэтыя дыскусыі аказваюцца значна больш цікавымі, чым многія матэрыялы. Чытаеш іх і адчуваеш наколькі жывой можа быць гістарычная навука”.

На здымку: намесьнік рэдактара “Гістарычнага альманаху” Алесь Смалянчук (зьлева) і рэдактар выданьня Алесь Краўцэвіч.
XS
SM
MD
LG