Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Начная аБЛОГа" – 11 кастрычніка


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю.

На форумах парталу TUT.by размова ідзе пра меркаванае падвышэньне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў. Як вядома, супраць такіх захадаў выступаюць краіны-суседзі Беларусі – Літва, Латвія й Польшча. Яны толькі рыхтуюцца далучыцца да шэнгенскага пагадненьня. Вось адзін з камэнтароў на форуме: “Як заўсёды, усё гэта пустая балбытня. Больш-менш нармальны гатэль у шэнгене каштуе ад 60 даляраў на дзень, пасьнедаць у гатэлі яшчэ 10. Не шмат хто можа дазволіць сабе пажыць там. Таму 25 лішніх даляраў за візу ня надта паўплываюць. Хто езьдзіў па справах, той будзе езьдзіць. Але артыкул палітычны, а не эканамічны, і высмактаны з пальца”.

На інтернэт-партале _extraneus_ заклапочаны праблемай трансгенных харчоў і сьвеце. “Увогуле, карціна атрымліваецца без перабольшваньня палохаючай, – піша _extraneus_. – Ад 90-х гадоў… карпарацыі-распрацоўнікі генэтычна мадыфікаваных харчоў набралі сілу, прадукцыя атрымала вялізны распаўсюд… а самі карпарацыі моцна лабіююцца ў сьвеце нават на ўзроўні прэзыдэнтаў ЗША. Пры гэтым ніякіх сур''ёзных, працяглых навуковых дасьледваньняў, што пацьвярджалі б бясьпеку для чалавека, дагэтуль не абнародавана. А што, здавалася б, можа быць прасьцей: узяць дзьве групы паддосьледных пацучкоў, адну зь якіх карміць трансгенамі, іншую -- такімі самымі прадуктамі, толькі не мадыфікаванымі, а потым параўнаць стан здароўя абодвух папуляцыў у двух-трох пакаленьнях. Такіх дасьледваньняў лабістамі генэтычна мадыфікаваных харчоў, якія пасадзілі на свае прадукты палову плянэты, проста не прад''яўляецца!”

Блогерка Жывога журнала v_mariamna піша ў сваім дзёньніку: “Сёньня на курсах замест таго, каб сказаць, што я "Грамадзянка РБ", памылілася й сказала, што я "Грамадзянка БНР"... Трэба было бачыць вочы выкладчыка”.

На сайце Беларуская жаба зьявіўся фотаздымак арыгінальнай абвесткі на плоце. Тэкст абвесткі наступны: “Мяняю сярэдніх памераў усходне-эўрапейскую краіну (насельніцтва 9 мільёнаў 849 тысячаў чалавек, плошча 207,6 тысячаў квадратных кілямэтраў, патрабуецца капрамонт) на 25 мільярдаў кубамэтраў расейскага газу з даплатай. Гандаль дарэчы. Запытацца Сашу”.

Ну а DJ Mikoz зноў прапануе паслухаць Бацьку . Новы твор называецца “Лукавы дыялёг”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG