Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ложак з панцырнай сеткай


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

Згадваю далёкае дзяцінства. Раніцай прачнешся, пацягнешся і абавязкова памацаеш пальцамі шарыкі на сьпінцы мэталёвага ложка. На кожнай сьпінцы было пяць шарыкаў: два па баках і тры пасярэдзіне, на нікеляванай папярочыне. Мне ўвесь час карцела іх адкруціць, але бацька, ведаючы пра такую жарсьць, прыхапіў шарыкі абцугамі. Ложак меў панцырную сетку: некалькі сотняў мэталёвых колцаў лучылі сагнутыя з бакоў сталёвыя пруткі. Сетка добра спружыніла, і калі маці здымала з ложку сяньнік і выносіла на прасушку, я любіў паскакаць на ім як на батуце.

Удзень маці звычайна засьцілала ложак пакрывалам, а падушкі ўзьбівала ды клала адна на адну. А вось у сябра, што жыў у суседняй кватэры, маці клала адна на адну ня дзьве, а чатыры падушкі і накрывала цюлевай накідкай. Да таго ж, на сьпінках мэталёвага ложку віселі белыя фіранкі, а там, дзе яны прывязваліся да білы, агнём гарэлі чырвоныя банты. Мне такое ўбраньне страшэнна падабалася. А яшчэ ў суседзкай кватэры стаяла канапа з круглымі валікамі па краях, якая называлася атаманкай. Калі на ёй паскакаць – што мы зь сябрам і рабілі, -- спружыны азываліся жаласьлівым гудам. Я заўсёды пытаўся ў маці: чаму ў нас няма такой атаманкі, і яна кожны раз адказвала: няма грошай. Была ў сябруковай кватэры яшчэ адна адметная рэч: палічка для ручніка. Пасярэдзіне палічкі мелася акенца з намаляванай кабетай у купальніку. Мы ўзлазілі на ўслон і, наблізіўшы насы да акенца, зь непазбыўнай цікавасьцю глядзелі на кабету.

А вось што ў нашых кватэрах было аднолькавае, дык гэта вялізныя фікусы ў квадратных кадушках ( бацька любіў тушыць у іх папяросы, і маці з тае нагоды ўвесь час лаялася).

У сярэдзіне шасьцідзясятых усяму гэтаму патрыярхальнаму абсталюнку прыйшоў канец. Тым часам надарылася сапраўдная інтэр’ерная рэвалюцыя. І замест жалезных ложкаў ды атаманак, круглых дубовых сталоў, чырвоных абажураў, непад’ёмных казарменных услонаў з выразанай на седале дзіркай у малагабарытных кватэрах зьявіліся драўляныя ложкі з паліраванымі сьпінкамі, раскладныя канапы, журнальныя столікі, элегантныя таршэры і лёгкія ўслоны на трох раскірэчаных ножках. Наагул, у новым абсталюнку ўсё было раскірэчанае, прысадзістае, як бы прыціснутае да падлогі стольлю, якая рабілася ўсё больш нізкай. Уадначас фікусы, кітайскія ружы, “мядзьвежыя лапы” ды іншыя хатнія расьліны былі вынесеныя на памыйніцы, а мэталёвыя сьпінкі ад ложкаў сталі выкарыстоўваць у якасьці агароджы на загарадных дзялянках. Так, сярод хмызоў і чэзлага бульбянішча скончылі свой век славутыя ложкі з панцырнай сеткай.
XS
SM
MD
LG