Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці бясьпечна ў Беларусі быць журналістам?


Альгерд Невяроўскі, Менск Гэтае пытаньне тыдня наш карэспандэнт задаваў супрацоўнікам дзяржаўных і недзяржаўных СМІ каля менскага Дому друку і каля офісу Беларускай асацыяцыі журналістаў:

(Журналіст: ) “ Небясьпечна. У нас як быў, так і ёсьць ціск у адносінах да інтэлектуальных свабодаў. Якія паважаюцца ў сьвеце”.

(Журналістка: ) “ Небясьпечна. Многа розных выпадкаў адбываецца і думаю ў Беларусі таксама”.

(Журналіст: ) “ Не зусім бясьпечна. Прафэсійная супольнасьць расколатая на дзьве часткі. Існуе пэўны недавер да журналістаў у грамадзтве і гэта стварае праблемы для прафэсійнай дзейнасьці. Перш за ўсё гэта расколатасьць прафэсійнай супольнасьці, падзел на “чэсных” і “нячэсных” гэта найбольшая небясьпека”.

(Журналіст: ) “ Калі параўноўваць з Расеяй, Украінай, то ў нас небясьпекі менш”.

(Журналістка: ) “ Наколькі я адчуваю на сабе, то бясьпечна. У большасьці выпадкаў, калі просіш дапамогу, то ніколі не адмаўляюць. А так, каб нехта нападаў ці штосьці такое я не ведаю”.

(Журналістка: ) “ Мне здаецца бясьпечна. У нас ёсьць Кодэкс прафэсійнай этыкі, іншыя законы, якія абараняюць нашыя правы”.

(Карэспандэнт Свабоды: ) “ Ці бясьпечна быць журналістам у Беларусі?”

(Журналіст: ) “ Адкажу коратка – небясьпечна. Тут, калі ты маеш нейкі доступ да інфармацыі, гэта ўжо пагроза нацыянальнай бясьпецы. Ну а журналіст – асоба, што працуе з інфармацыяй. А ў нас баяцца інфармацыі”.

(Журналістка: ) “ Сумленным і шчырым журналістам – небясьпечна. Журналісты таксама людзі. Для жыцьця патрэбны заробак якім бы ён не быў. Журналіст можа пазбавіцца сваёй працы. У кожнага чалавека ёсьць сумленьне. І вельмі складана зламаць сябе і стаць несумленным”.

(Журналістка: ) “Гледзячы дзе працуе гэты журналіст. Калі ідзе гаворка пра дзяржаўныя СМІ і журналісты распавядаюць, як усё файна й цудоўна, то ім ня толькі бясьпечна, але й вельмі ўтульна жыць і працаваць у Беларусі. А калі ён прадстаўнік недзяржаўных, незалежных СМІ, то я думаю што ёсьць небясьпека. Вось і прыклады: Дзьмітры Завадзкі, Вераніка Чаркасава, якія загінулі, бо выконвалі свой прафэсійны абавязак”.
XS
SM
MD
LG