Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Паўла Красоўскага падазраюць у датычнасьці да двух забойстваў (абноўлены)


Радыё Свабода, Віцебск Поўнай нечаканасьцю для ўсіх сталася тое, што супраць моладзевага актывіста сьледзтва высунула новыя падазрэньні -- у двух крымінальных эпізодах за 1999 год. На той час Паўлу было каля 16-ці год, але, згодна з артыкулам 139 Крымінальнага кодэксу (частка 2, пункты 7, 8,16) яго падазраюць ва ўчыненьні “забойства, зьвязанага з згвалтаваньнем ці гвалтоўнымі дзеяньнямі сэксуальнага характару; з мэтай схаваць іншае злачынства ці аблегчыць яго ўчыненьне; учыненага асобай, якая раней учыніла забойства”.

Абаронца Паўла Красоўскага, адвакат Павал Сапелка паведаміў таксама, што разам з новымі падазрэньнямі не зьнятыя й старыя – у датычнасьці да арганізацыі леташніх віцебскіх выбухаў.

(Сапелка:) “Хто там што мог зьняць! Калі ісьці далей па тым шляху, які абрала сьледзтва, то ў нас засталося яшчэ досыць нераскрытых злачынстваў папярэдніх гадоў!”

Спадар Сапелка сёньня ня можа сказаць дакладна, ці паўплываюць новыя падазрэньні на агульны тэрмін затрыманьня Паўла Красоўскага.

Нагадаем, што жыхары Віцебску браты Юрый і Віталь Мурашкі, якія таксама былі падазраванымі ў справе выбухаў 14-га і 22-га верасьня 2005-га году, знаходзіліся пад вартай максымальна магчымы паводле заканадаўства тэрмін – 6 месяцаў. Пасьля гэтага іх адпусьцілі дахаты, бо так і не знайшлося доказаў іхняе віны. Вось што сказаў колішні падазраваны Юрый Мурашка пра затрыманьня Паўла Красоўскага.

(Мурашка:) “ Ну, што я скажу... Яшчэ рана пра нешта меркаваць. Шмат было затрыманых, думаю, некалькі дзесяткаў. Гэта адразу бывае цяжка, а потым звыкаеш. Калі ведаеш, што выйдзеш праз пару месяцаў, то гэта ня так ужо цяжка. І ўвогуле: калі ён не пры чым, то ня трэба ўпадаць у адчай – усё будзе нармальна”.

Пасьля таго, як у Паўла Красоўскага ўзялі аналіз крыві, які запрасіла сьледзтва па справах аб згвалтаваньнях, яго ізноў завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Маці затрыманага, Тамары Красоўскай, нарэшце ўдалося перадаць сыну прадукты, цёплае адзеньне і прадметы гігіены – яна дамаглася гэтага толькі сёньня, на сёмы дзень ягонага затрыманьня.

Заўтра а 10-й раніцы Паўла Красоўскага зноў прывязуць на чарговы допыт у аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю.
XS
SM
MD
LG