Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Чаргінец абвяргае, што Беларусь прадае зброю краінам, якія ваююць


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларускія афіцыйныя асобы адмаўляюцца ад камэнтароў, альбо абвяргаюць абвінавачаньні Беларусі ў гандлі зброяй з краінамі, якія ваююць. Тым часам незалежныя назіральнікі пацьвярджаюць некаторыя факты, пра якія распавяла Internаtional Herald Tribune.

Днямі ўплывовая газэта Internаtional Herald Tribune абвінаваціла Беларусь у незаконным продажы зброі. “Каб замірэньне ў Ліване стала пасьпяховым і міратворцы маглі зьдзяйсьняць сваю місію ў Судане, неабходна заняцца Беларусьсю як асноўным пастаўшчыком зброі для гэтых канфліктаў”, -- напісала газэта і заклікала ААН да санкцыяў супраць Беларусі за нелегальныя пастаўкі зброі.

Як афіцыйныя асобы ў Беларусі паставіліся да гэтых абвінавачаньняў? Прэсавы сакратар Савету Бясьпекі Беларусі Уладзімір Несьцяровіч заявіў “Свабодзе”, што камэнтаваць гэтыя абвінавачаньні ў ягонай структуры ніхто ня будзе.

У міністэрстве замежных спраў кіраўнік прэсавай службы Андрэй Папоў сказаў, што “пакуль камэнтароў няма”.

“Беларусь гандлюе зброяй, але цалкам ў адпаведнасьці з міжнароднымі законамі і правіламі, якія ўсталявала ААН”, -- заявіў сябра Савету рэспублікі беларускага парлямэнту Мікалай Чаргінец. Паводле Мікалая Чаргінца, падчас ранейшых сустрэч з амэрыканскімі кангрэсмэнамі ён неаднаразова прасіў іх прадставіць доказы таго, што Беларусь незаконна гандлюе зброяй, але “чуў толькі спасылкі адной газэты на другую”. Пад сумнеў паставіў палітык і лічбу ў 500 мільёнаў даляраў, якія, паводле Internаtional Herald Tribune, атрымала Беларусь за гандаль зброі толькі ў 2001 годзе.

(Чаргінец: ) “Яны могуць гэта і прыдумаць. Я не валодаю лічбамі, але адно тое, што яны гэтак без доказаў пішуць пра гандаль зброяй, сьведчыць, што і гэта можа быць чарговай “качкай”, народжанай на абшарах ЗША”.

Адносна дэпутацкага кантролю за гандлем зброяй спадар Чаргінец сказаў, што “увесь гандаль зброяй вядзецца на падставе двухбаковых дамоў, якія абавязкова ратыфікуе парлямэнт”. Пры гэтым дэпутат не згадаў, колькі Беларусь зарабіла на гандлі зброі ў мінулым 2005-ым годзе.

Internаtional Herald Tribune заявіла, што баявыя самалёты МІ-24, якія Беларусь раней прадала Судану, “сёньня сеюць сьмерць і разбурэньні ў вёсках Дарфура”. Ці сапраўды былі такія пастаўкі? Незалежны аглядальнік ў вайсковых пытаньнях Аляксандр Алесін згадаў, што некалькі гадоў таму Беларусь сапраўды прадала Судану вялікую партыю рознай зброі.

(Алесін: ) “Пастаўкі сапраўды былі, але недзе 8-10 гадоў таму. Паведамлялася пра пастаўкі штурмавікоў Су-25, верталётаў Мі-24, іншай зброі. Але гэта было тады, калі мы не імкнуліся мець добры твар ў міжнародным гандлі зброяй. Мяркую, цяпер гэтага няма”.

Аляксандр Алесін мяркуе, што цяпер Беларусь можа пастаўляць найперш тэхніку падвойнага прызначэньня. Прыкладам, вайсковыя аўтамабілі. Паводле Аляксандра Алесіна, сярод краінаў Блізкага Усходу найбольш актыўна гандлюе зброяй з Сірыяй, чаго ААН не забараняе. Назіральнік не выключае і іншых паслугаў у вайсковай галіне.

( Алесін: ) “І ня толькі. Мяркую, на Баранавіцкім заводзе рамантуюць для Сірыі авіятэхніку, могуць рамантаваць у Беларусі і артылерыйскія сыстэмы”.

У артыкуле амэрыканскай газэты сьцьвярджаецца таксама, што Беларусь прадавала зброю Іраку. Варта нагадаць, што калі амэрыканскія войскі ўвайшлі ў 2004 годзе ў Ірак, на адной з вайсковых базаў былі знойдзеныя дакумэнты, якія сьведчылі пра пастаўкі ў Ірак танкаў, адрамантаваных на заводзе ў Барысаве.
XS
SM
MD
LG