Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пост-галадоўка пратэстантаў: шосты дзень (фота)


Любоў Лунёва, Менск Мэдыкі менскай паліклінікі № 2 наведалі вернікаў-пратэстантаў з суполкі “Новае жыцьцё”, якія трымаюць галадоўку пратэсту. Супрацоўнікі паліклінікі склалі сьпісы галадоўнікаў, а таксама перапісалі іх пашпартныя зьвесткі. Прэсавая служба царквы паведамляе, што ў галадоўцы, якая працягваецца шосты дзень, удзельнічаюць 174 вернікі. Яны патрабуюць ад гарадзкіх уладаў прызнаць будынак культавым і вярнуць адабраную зямлю, на якой месьціцца царква.

Ад сёньняшняга дня на даху будынку дзяжурыць чалавек з біноклем. Вернікі апасаюцца гвалтоўных дзеяньняў з боку ўлады. Справа ў тым, што раніцай каля царквы зьявіліся машыны і бульдозэры,– і ўдзельнікі акцыі падумалі, што ўлады выклікалі будаўнікоў, каб зь іх дапамогай вырашыць праблему. Але ім патлумачылі, што будаўнікі займаліся замерамі. Верніца Марыя Савушкіна, якая працуе ў прэсавай службе суполкі “Новае жыцьцё”, паведаміла “Свабодзе” дакладную лічбу ўдзельнікаў галадоўкі.

(Савушкіна:) “Да галадоўкі далучыліся яшчэ некалькі удзельнікаў. Цяпер у ёй удзельнічаюць 174 чалавекі. Галадаюць ня толькі ў будынку царквы “Новае жыцьцё”, але й тыя, якія адмовіліся ад ежы, але ходзяць на працу, займаюцца сваімі звычайнымі справамі і ўвечары прыходзяць на набажэнства ў будынак. Тыя, якія жывуць не ў Менску, зьбіраюцца ў сваіх цэрквах і моляцца за царкву “Новае жыцьцё”, за ўсіх пратэстантаў у Беларусі”.

Аляксей Шэін, які з’яўляецца сябрам аргкамітэту стварэньня партыі Хрысьціянскай дэмакратыі, далучыўся да галадоўкі на другі дзень. Ён паведаміў “Свабодзе”:

(Шэін:) “Добра, што цяпер у пратэстантаў, якіх у Беларусі сто тысячаў, зьяўляецца разуменьня, што сыстэма, якая склалася ў Беларусі, і ёсьць прычынай іхных праблемаў. Калі яшчэ пяць гадоў таму яшчэ не было такога разуменьня, то сёньня яно ў хрысьціянаў зьяўляецца”.

Вернікаў-пратэстантаў наведалі прадстаўнікі амэрыканскай амбасады. Галадоўка пратэстантаў выклікала розгалас у грамадзтве. Вернікі атрымліваюць лісты падтрымкі з замежжа.

У будынку царквы некалькі гадзінаў працавалі мэдыкі з другой паліклінікі Фрунзенскага раёну Менску. Яны абсьледавалі стан здароўя галадоўнікаў. Шмат увагі лекары надавалі паказчыкам крывянога ціску. Галоўны ўрач паліклінікі Уладзімір Курышко патлумачыў, што ціск найперш сьведчыць пра стан здароўя чалавека, які доўгі час не прымае ежу.

(Лекар:) “Мэта – ацаніць стан здароўя ўдзельнікаў галадоўкі, правесьці мэдычнае абсьледаваньне і даць рэкамэндацыі . Трэба дамовіцца пра тактыку назіраньня далей за ўдзельнікамі галадоўкі. Трэба абавязкова сабраць анамнез на наяўнасьць хранічных захворваньняў, памераць артэрыяльны ціск, пульс, тэмпэратуру”.

Удзельнікі галадоўкі паведамілі, што не адмовяцца ад удзелу ў акцыі. Яны патрабуюць, каб чыноўнікі Менгарвыканкаму пакінулі ім будынак, набыты ў 2002 годзе і адрамантавалі за кошт царквы. Юрыст царквы Сяргей Луканін паведаміў “Свабодзе”, што, калі набывалі будынак (былы калгасны кароўнік), то ў дамове куплі-продажу было пазначана “з мэтай рэканструкцыі ў культавае памяшканьне”. Чыноўнікі не прызналі рэканструкцыю і не далі на яе афіцыйнага дазволу. Сёлета ўлады пералічылі на рахунак царквы 35 мільёнаў рублёў кампэнсацыі і запатрабавалі вызваліць будынак.











Галоўны спэцыяліст юрыдычнага аддзелу Менгарвыканкаму Аляксандар Казятнікаў паведаміў “Свабодзе”, што будынак царквы “Новае жыцьцё” паводле рашэньня Менгарвыканкаму цяпер належыць ЖРЭА Фрунзенскага раёну Менску. Нягледзячы на тое, што вернікі накіравалі скаргу ў Касацыйную калегію Вышэйшага гаспадарчага суду, рашэньне аб куплі-продажу будынку ва ўласнасьць выканкаму, уступіла ў законную сілу.

(Казятнікаў:) “Яны падалі скаргу ў касацыйную калегію Вышэйшага гаспадарчага суду. Справу яшчэ не накіравалі ў вышэйшы суд, паколькі яна яшчэ не скамплектаваная. Рашэньне ўступіла ў сілу 22 жніўня. Яны ў праве скардзіцца, а мы рабіць тое, што нам належыць. Калі царква адмаўляецца, то ЖРЭА ўжо можа рыхтаваць пазоў аб іх высяленьні”.
XS
SM
MD
LG