Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў прыняла закон “Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму”


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Палата прадстаўнікоў у другім чытаньні ўхваліла закон “Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму”. За яго прыняцьце галасавалі 93 дэпутаты, супраць --1. Выканаўца абавязкаў старшыні КДБ Беларусі Васіль Дземяньцей адзначыў, што гэты закон “накіраваны на прафіляктыку правапарушэньняў экстрэмісцкага характару”. Апазыцыйныя актывісты апасаюцца, што новы закон можа быць выкарыстаны супраць палітычнага іншадумства.

Уся працэдура прыняцьця закона не заняла і дзесяці хвілінаў. Дэпутаты яго фактычна не абмяркоўвалі. Толькі Генадзь Давыдзька -- былы дырэктар Купалаўскага тэатру – пацікавіўся: калі, напрыклад, дырэктар тэатру здаў у арэнду памяшканьне для нейкай арганізацыі, якая запэўніла, што правядзе звычайны сход, а са сцэны раптам загучалі заклікі да гвалтоўных дзеяньняў -- ці пакараюць за гэта дырэктара? Васіль Дземянцей супакоіў: калі сьледзтва не знойдзе сувязяў дырэктара з экстрэмістамі, дык караць яго ня будуць.

Новы закон, у прыватнасьці, прадугледжвае, што калі будуць выяўленыя прыкметы экстрэмізму ў дзейнасьці палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, мэдыяў, то ім спачатку будзе выносіцца пісьмовае папярэджаньне, а потым пагражае ліквідацыя праз суд.

Адметна, што ў тых частках закону, дзе гаворыцца пра пакараньне, менавіта палітычныя партыі паўсюдна згадваюцца на першым месцы. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч лічыць, што гэта невыпадкова:

(Міхалеыіч: ) "Думаю, што ўлады адчуваюць пагрозу ад усіх арганізаваных групаў -- і ад партыяў, і ад грамадзкіх аб''яднаньняў. Проста, партыі традыцыйна зьяўляюцца самымі вялікімі зь іх. І таму іх заўсёды ставяць на першае месца".

Журналісты пацікавіліся ў выканаўцы абавязкаў старшыні КДБ, навошта "у ціхай, спакойнай Беларусі", як яе часта называе вышэйшы кіраўнік дзяржавы, патрэбны такі закон? Спадар Дземяньцей спаслаўся на тое, што падобныя законы існуюць амаль ва ўсіх краінах:

(Дземяньцей: ) "Я бы адказаў так: гэта -- міжнародная практыка".

Алесь Міхалевіч бачыць у прыняцьці закону зусім іншую мэту:

(Міхалевіч: ) "У Беларусі ёсьць даўняя традыцыя -- прымаць законы, якія фармальна маюць адну мэту, а насамрэч -- зусім іншую. І ўсе такія рэчы як экстрэмізм ці тэрарызм, у зьвязку з цяперашняй справай Красоўскага, гэта толькі спробы падвесьці пад агульна прынятыя ў сьвеце артыкулы дзейнасьць, якая ва ўсім сьвеце ўспрымаецца як звычайная дзейнасьць грамадзкіх і палітычных актывістаў".
XS
SM
MD
LG