Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмсілы вызначаюць пазыцыю адносна мясцовых выбараў (абноўлены)


Алесь Дашчынскі, Менск Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў правялі сёньня кансультацыі ў справе каардынацыі дзеяньняў падчас мясцовых выбараў, якія прызначаны на 14 студзеня. У нарадзе ўдзельнічалі сябры аб’яднанай кааліцыі й БСДП (Грамада).

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, аб’яўленьне даты выбараў павінна паўплываць на тое, каб фармат узаемадзеяньня дэмакратычных сілаў стаў больш шырокі.

(Лябедзька: ) “Мэты мы ставім вялікія, задачы складаныя. Мясцовая кампанія дае мажлівасьць паглядзець на нашы ўнутраныя мажлівасьці. Калі мы здольныя выставіць 800-1000 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, якія пойдуць з адным пасланьнем да людзей, якія будуць арганізоўваць агульнанацыянальны дыялёг з грамадзтвам, то гэта будзе вынік. Праца тысячы актывістаў цягам некалькіх месяцаў ня можа быць не заўважанай у грамадзтве”.

АГП ужо мае перадвыбарчую плятформу і гатовая вылучыць 203 кандыдатаў. Удзел у кампаніі партыя прапануе сумясьціць з падрыхтоўкай да новага Кангрэсу дэмсілаў і склікаць яго пасьля выбараў.

Зьняволены лідэр БСДП “Грамада” Аляксандар Казулін заклікае спалучыць вылучэньне кандыдатаў у мясцовыя Саветы і дэлегатаў на Кангрэс. Ён лічыць за неабходнае выкарыстаць агітацыйную кампанію для інфармаваньня грамадзян аб нелегітымнасьці прэзыдэнта. Спадар Казулін прапануе правесьці Кангрэс да выбараў, у сьнежні. Паводле выканаўцы абавязкаў старшыні партыі Анатоля Ляўковіча, гэта дазволіць выпрацаваць агульную пазыцыю.

(Ляўковіч: ) “Пачалася кампанія – мясцовыя выбары. Гэта палітычны працэс. На гэту кампанію трэба адэкватна рэагаваць і рабіць нейкія рэальныя крокі. Кампанія пачалася – давайце працаваць. Паколькі выбараў у нашай краіне няма, то зразумела, што гэта палітычная кампанія”.

Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што ягоная партыя выступае супраць таго, каб праводзіць Кангрэс сёлета ды яшчэ перад кампаніяй. Паводле спадара Вячоркі, цяпер няма часу і арганізацыйных магчымасьцяў для падрыхтоўкі кангрэсу.

(Вячорка: ) ”Мы трымаемся ўзгодненай аб’яднанымі дэмсіламі сёлета ў чэрвені антыкрызыснай стратэгіі. Людзям трэба зноў і зноў тлумачыць, што краіна ўжо знаходзіцца ў крызісе. А наступныя месяцы і гады будзе яшчэ цяжэй, горш, а можа быць, нават і страшней. Калі мы хочам прадухіліць такія сцэнары, мы павінны вярнуцца да свабоды. Правесьці свабодныя, дэмакратычныя выбары і адкрыць краіну эўраатлянтычнаму сьвету”.

Да байкоту выбараў заклікае лідэр БСДГ Станіслаў Шушкевіч. Такую ж пазыцыю займае КХП-БНФ.
XS
SM
MD
LG