Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-латвійскі дыпляматычны канфлікт блізкі да вырашэньня (абноўлены)


Ганна Соўсь, Менск Рэспубліканская пракуратура спыніла крымінальную справу ў дачыненьні да другога сакратара амбасады Латвіі ў Беларусі Рэйма Шмітса. Латвійскае Міністэрства замежных справаў “расцэньвае гэтае рашэньне беларускага боку, як крок у правільным кірунку”, які можа спрыяць разьвязаньню дыпляматычнага канфлікту.

Зьявілася аснова, каб пачаць працэс завяршэньня дыпляматычнага канфлікту паміж Латвіяй і Беларусьсю, паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Латвіі Атыс Лотс.

(Лотс: ) “Ад самага пачатку пасьля гэтага інцыдэнту мы гаварылі, што такая форма яго вырашэньня была б самай правільнай. І гэта, гледзячы па матэрыялах беларускіх СМІ, і адбываецца. Беларускі бок перадаў інфармацыю пра спыненьне крымінальнай справы. Наш міністар заявіў, што міністэрства ацэньвае магчымасьці і гатовае прыняць беларускага амбасадара ў Рызе. Гутарка ідзе пра візыт у міністэрства, а не пра сустрэчу з міністрам, і пасьля гэтага будзе бачна, ці ёсьць аснова для далейшых крокаў, каб гэтую сытуацыю завяршыць”.

Гэта сталася рэакцыяй на рашэньне рэспубліканскай пракуратуры спыніць крымінальную справу супраць другога сакратара амбасады Латвіі ў Беларусі Рэйма Шмітса. "Папярэдняе расьсьледаваньне ў крымінальнай справе завершана. Матэрыялы перададзеныя латвійскаму боку ў адпаведнасьці з Дамовай паміж Беларусьсю і Латвіяй аб прававой дапамозе і прававых адносінах”, гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры.

Нагадаем, 25 ліпеня ў кватэры, якую арандаваў Рэйма Шмітс, беларускія праваахоўныя органы правялі ператрус, падчас якога канфіскавалі шэраг відэакасэт. 27 ліпеня ў дачыненьні да дыплямата была распачатая крымінальная справа за распаўсюд парнаграфічнай прадукцыі.

31 ліпеня Беларускае тэлебачаньне паказала кадры гомасэксуальнага акту, зробленыя схаванай камэрай у кватэры дыплямата. МЗС Латвіі назвала дзеяньні беларускіх уладаў парушэньнем Венскай канвэнцыі. Гэткую ж пазыцыю выказаў і Эўразьвяз. Пасьля завядзеньня крымінальнай справы Рэйма Шмітс пакінуў Беларусь. У адказ Латвія аб’явіла пэрсонай нон-грата першага сакратара амбасады Беларусі ў Латвіі Дзьмітрыя Краюшкіна.

МЗС Латвіі заявіла, што новы беларускі амбасадар Аляксандар Герасіменка ня зможа пачаць паўнавартасную працу, пакуль ня будуць атрыманыя адпаведныя тлумачэньні беларускага боку. Амбасадарка Латвіі ў Беларусі Майра Мора ад’ехала ў Рыгу для кансультацый і дагэтуль застаецца там. Як паведаміў сёньня Атыс Лотс, пасьля сустрэчы з беларускім амбасадарам будзе разглядацца пытаньне аб яе вяртаньні ў Беларусь.

МЗС Беларусі пакуль устрымліваецца ад камэнтароў гэтай сытуацыі. Гаворыць прэсавы сакратар Андрэй Папоў.

(Папоў: ) “У міністэрстве замежных справаў няма больш ніякай інфармацыі на гэты конт. На дадзены момант лічыце тую інфармацыю, якую далі нашы калегі з пракуратуры, вычарпальнай у гэтым пытаньні”.
XS
SM
MD
LG