Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Красоўскага падазраюць у датычнасьці ня толькі да выбуху, але і да двух забойстваў


Радыё Свабода, Віцебск Супраць падазраванага ў дастычнасьці да віцебскіх выбухаў 14 і 22 верасьня 2005 году жодзінскага актывіста Паўла Красоўскага высунутыя новыя падазрэньні – гэтым разам у забойствах.

Як паведаміў Павал Сапелка, абаронца Паўла Красоўскага, сёньня ў часе допыту высьветлілася, што ягонага падабароннага падазраюць яшчэ ў двух крымінальных эпізодах за 1999 год, згодна з артыкулам 139 часткай 2: (“забойства, спалучанае са згвалтаваньнем ці гвалтоўнымі дзеяньнямі сэксуальнага характару; з мэтай схаваць іншае злачынства ці аблегчыць яго зьдзяйсьненьне; зладжанае асобай, якая раней зьдзейсьніла забойства”). Паўлу цяпер 23 гады, у 1999 годзе яму было 16.

Санкцыяй па дадзеным артыкуле прадугледжваецца пажыцьцёвае зьняволеньне ці сьмяротнае пакараньне. Каля першай дня Паўла Красоўскага вывезьлі з будынку аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і павезьлі на крыміналістычную экспертызу.

У якасьці камэнтару да новых акалічнасьцяў справы адвакат Павал Сапелка сказаў наступнае: “Гэтыя абвінавачаньні супраць Паўла Красоўскага настолькі бязглуздыя, што нават няма сэнсу іх камэнтаваць!”
XS
SM
MD
LG